Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ - ЖЫЦЦЕ Ў ХРЫСЦЕ
 
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
ПАКЛІКАННЕ ЧАЛАВЕКА — ЖЫЦЦЁ Ў ДУХУ

357. Як маральнае жыццё хрысціяніна звязана з верай і сакрамэнтамі?
1691-1698
Тое, што вызнаецца ў сімвале веры, удзяляецца ў сакрамэнтах. Сапраўды, праз іх вернікі атрымліваюць ласку Хрыста і дары Духа Святога, якія робяць іх здольнымі жыць новым жыццём дзяцей Божых у Хрысце, якога яны з верай прынялі.

«Хрысціянін, прызнай сваю годнасць!» (св. Леў Вялікі).


ГЛАВА ПЕРШАЯ
ГОДНАСЦЬ ЧАЛАВЕЧАЙ АСОБЫ

ЧАЛАВЕК — ВОБРАЗ БОГА

358. Што з’яўляецца падставай чалавечай годнасці?
1699-1715
Годнасць чалавечай асобы мае падставы ў тым, што чалавек створаны паводле Божага вобраза і падабенства. Адораная духоўнай і несмяротнай душой, розумам і вольнай воляй, чалавечая асоба скіраваная да Бога і пакліканая, з душой і целам, да вечнага шчасця.


НАШАЕ ПАКЛIКАННЕ ДА ШЧАСЦЯ

359. Як чалавек дасягае шчасця?
1716
Чалавек дасягае шчасця, дзякуючы ласцы Хрыста, якая дае яму ўдзел у Божым жыцці. Хрыстус у Евангеллі ўказвае шлях, які вядзе да вечнага шчасця: благаслаўленні. Ласка Хрыста дзейнічае ў кожным чалавеку, які, кіруючыся правільным сумленнем, шукае і любіць дабро і праўду, і пазбягае зла.

360. Чаму благаслаўленні з’яўляюцца для нас важнымі?
1716-1717
1725-1726
Благаслаўленні знаходзяцца ў цэнтры прапаведвання Езуса, яны аднаўляюць і спаўняюць абяцанні Бога, дадзеныя ў часы Абрагама, адлюстроўваюць аблічча самога Езуса, характарызуюць сапраўднае хрысціянскае жыццё і раскрываюць чалавеку канчатковую мэту яго дзеянняў: вечнае шчасце.

361. Як суадносяцца благаслаўленні з імкненнем чалавека да шчасця?
1718-1719
Благаслаўленні адпавядаюць прыроджанаму прагненню шчасця, якое Бог уліў у сэрца чалавека, каб прыцягнуць яго да сябе, бо толькі Ён можа заспакоіць гэтае прагненне.

362. Што такое вечнае шчасце?
1720-1724
1727-1729
Гэта сузіранне Бога ў вечным жыцці, у якім мы ў поўнай меры будзем «саўдзельнікамі Божай натуры» (2 П 1, 4), хвалы Хрыста і асалоды трынітарнага жыцця. Шчасце пераўзыходзіць чалавечыя здольнасці: гэта звышпрыродны і бескарыслівы дар Бога, як і ласка, якая да яго вядзе. Абяцанае шчасце ставіць нас перад вырашальнымі маральнымі выбарамі, якія датычаць зямных дабротаў, пабуджаючы нас любіць Бога па-над усё.


СВАБОДА ЧАЛАВЕКА

363. Што такое свабода?
1730-1733
1743-1744
Гэта магчымасць, дадзеная чалавеку Богам, дзейнічаць або не дзейнічаць, рабіць тое ці іншае, выконваць самастойна прадуманыя дзеянні. Свабода характарызуе менавіта чалавечыя чыны. Чым больш чалавек чыніць добрага, тым больш свабодным ён становіцца. Свабода дасягае сваёй дасканаласці, калі яна скіраваная да Бога — найвышэйшага Дабра і нашага Шчасця. Свабода ўключае магчымасць выбіраць паміж дабром і злом. Выбар зла — гэта злоўжыванне свабодай, якое вядзе да зняволення грахом.

364. Якая існуе сувязь паміж свабодай і адказнасцю?
1734-1737
1745-1746
Свабода робіць чалавека адказным за свае дзеянні ў такой ступені, у якой яны з’яўляюцца дабравольнымі. Абвінавачванне і адказнасць за нейкае дзеянне могуць быць зменшаныя, а нават скасаваныя з прычыны няведання, няўважлівасці, гвалтоўнага прымусу, боязі, неапанаваных пачуццяў, звычак.

365. Чаму кожны чалавек мае права на свабоду?
1738
1747
Права на свабоду — гэта асабістае права кожнага чалавека, паколькі яно неад’емнае ад яго чалавечай годнасці. Таму гэтае права павінна заўсёды захоўвацца, асабліва ў рэлігійнай і маральнай сферы; яно павінна быць прызнана грамадствам і абараняцца ў межах агульнага дабра і справядлівага грамадскага ладу.

366. Якое месца займае свабода чалавека ў плане збаўлення?
1739-1742
1748
Наша свабода аслабленая з прычыны першага граху. Гэтае аслабленне яшчэ больш узрастае з прычыны наступных грахоў. Але Хрыстус «вызваліў нас, каб мы заставаліся свабоднымі» (Гал 5, 1). Дух Святы вядзе нас да духоўнай свабоды, каб зрабіць нас сваімі свабоднымі супрацоўнікамі ў Касцёле і свеце.

367. Якія крыніцы маральнасці чалавечых учынкаў?
1749-1754
1757-1758
Маральнасць чалавечых учынкаў залежыць ад трох крыніц: ад выбранага прадмета, гэта значыць дабра, сапраўднага ці ўяўнага; ад намеру таго, хто дзейнічае, гэта значыць мэты, дзеля якой ён здзяйсняе дзеянне; ад акалічнасцяў дзеяння, якія ўключаюць у сябе яго наступствы.

368. Калі ўчынак з’яўляецца маральна добрым?
1755-1756
1759-1760
Учынак маральна добры, калі добрымі адначасова з’яўляюцца яго прадмет, мэта і акалічнасці. Выбраны прадмет можа адзін сапсаваць усё дзеянне, нават калі намер добры. Недапушчальна здзяйсняць зло, каб з яго выйшла дабро. Дрэнная мэта можа сапсаваць дзеянне, нават калі яго прадмет сам па сабе добры. Наадварот, добрая мэта не робіць добрым дзеянне, прадмет якога дрэнны, паколькі мэта не апраўдвае сродкі. Акалічнасці могуць зменшыць ці павялічыць адказнасць таго, хто дзейнічае, але не могуць змяніць маральную якасць саміх дзеянняў, яны ніколі не могуць зрабіць добрай справу, якая сама па сабе ёсць злом.

369. Ці існуюць дзеянні, якія заўсёды недапушчальныя?
1756
1761
Існуюць дзеянні, выбар якіх заўсёды недапушчальны з прычыны іх прадмету (напр., блюзнерства, забойства, чужаложства). Выбар гэтых дзеянняў вядзе да неўпарадкаванасці волі, гэта значыць да маральнага зла, якое не можа быць апраўдана дабром, якое магло б быць іх вынікам.


МАРАЛЬНАСЦЬ ПАЧУЦЦЯЎ

370. Што такое пачуцці?
1762-1766
1771-1772
Пачуцці, эмоцыі ці парывы пачуццёвасці — усё гэта натуральныя элементы чалавечай псіхікі, якія пабуджаюць да дзеяння ці бяздзеяння ў залежнасці ад таго, успрымаецца гэта як дабро ці як зло. Асноўнымі сярод іх з’яўляюцца любоў і нянавісць, жаданне і боязь, радасць, смутак, гнеў. Самым галоўным пачуццём з’яўляецца любоў, выкліканая прывабнасцю дабра. Толькі дабро — рэальнае ці ўяўнае — можа быць умілаваным.

371. Ці пачуцці з’яўляюцца маральна дрэннымі ці добрымі?
1767-1770
1773-1775
Паколькі пачуцці — гэта праявы ўражлівасці, яны не з’яўляюцца добрымі ці дрэннымі самі па сабе: яны добрыя, калі садзейнічаюць добрай справе; у адваротным выпадку — дрэнныя. Яны могуць стаць цнотамі ці перамяніцца ў заганы.


СУМЛЕННЕ

372. Што такое сумленне?
1776-1780
1795-1797
Сумленне, якое ёсць у глыбіні асобы, гэта суд розуму, які ў належны момант наказвае чалавеку рабіць дабро і пазбягаць зла. Дзякуючы гэтаму чалавечая асоба распазнае маральныя якасці дзеяння, якое павінна быць ўчынена ці ўжо ўчынена, беручы на сябе адказнасць за яго. Слухаючы сумленне, разважлівы чалавек можа пачуць голас Бога, які прамаўляе да яго.

373. У чым выяўляецца годнасць асобы адносна сумлення?
1780-1782
1798
Годнасць чалавечай асобы выяўляецца ў правільным сумленні (сумленні, якое знаходзіцца ў згодзе з тым, што справядлівае і добрае паводле розуму і Божага закону). З прычыны той жа асабістай годнасці нельга змушаць чалавека дзейнічаць супраць сумлення або перашкаджаць яму, калі ён дзейнічае — у межах агульнага дабра — згодна са сваім сумленнем, асабліва ў рэлігійнай сферы.

374. Як фарміраваць сумленне, каб яно было правільным і праўдзівым?
1783-1788
1799-1800
Правільнае і праўдзівае сумленне фарміруецца праз выхаванне, засваенне Божага слова і навучанне Касцёла. Сумленне падтрымліваецца дарамі Духа Святога і атрымлівае дапамогу праз парады мудрых людзей. Акрамя таго, вялікую карысць у маральным фарміраванні прыносіць малітва і рахунак сумлення.

375. Якімі нормамі павінна заўсёды кіравацца сумленне?
1789
Вось тры найбольш агульныя: 1) ніколі нельга рабіць зло, каб з яго вынікла дабро; 2) гэтак званае залатое правіла: «Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце» (Мц 7, 12); 3) любоў заўсёды зыходзіць з павагі да бліжняга і яго сумлення, аднак гэта не азначае, што трэба прымаць за дабро тое, што аб’ектыўна з’яўляецца злом.

376. Ці можа сумленне мець памылковыя суджэнні?
1790-1794
1801-1802
Асоба заўсёды павінна падпарадкоўвацца ўпэўненаму суджэнню свайго сумлення, але яна можа мець памылковыя суджэнні, пры гэтым не заўсёды не па ўласнай віне. Аднак, асобе не ставіцца ў віну зло, здзейсненае з-за ненаўмыснага няведання, нават калі яно аб’ектыўна застаецца злом. Таму неабходна прыкладаць намаганні, каб выпраўляць сумленне ад памылак.


ЦНОТЫ

377. Што такое цнота?
1803
1833
Цнота — гэта звычайная і трывалая гатоўнасць чыніць дабро. «Мэта цнатлівага жыцця заключаецца ў прыпадабненні да Бога» (св. Грыгорый Назіянзскі). Ёсць цноты чалавечыя і цноты тэалагальныя.

378. Што такое чалавечыя цноты?
1804
1810-1811
1834, 1839
Чалавечыя цноты — гэта звычайная і пастаянная дасканаласць розуму і волі; яны рэгулююць нашыя дзеянні, упарадкоўваюць нашыя пачуцці і кіруюць нашымі паводзінамі ў адпаведнасці з розумам і верай. Набытыя і ўмацаваныя шматразовымі і добрымі з пункту гледжання маралі дзеяннямі, яны ачышчаюцца і ўзвышаюцца Божай ласкай.

379. Якія галоўныя чалавечыя цноты?
1805
1834
Гэта цноты, якія называюцца таксама кардынальнымі, вакол якіх групуюцца ўсе іншыя і якія ствараюць падставы для цнатлівага жыцця. Гэта разважлівасць, справядлівасць, мужнасць, устрыманасць.

380. Што такое разважлівасць?
1806
1835
Разважлівасць накіроўвае розум да распазнавання нашага сапраўднага дабра ў кожных акалічнасцях і да выбару адпаведных сродкаў яго ажыццяўлення. Яна кіруе іншымі цнотамі, указваючы ім прынцыпы і межы.

381. Што такое справядлівасць?
1807
1836
Справядлівасць заключаецца ў нязменнай і трывалай волі даваць іншым тое, што ім належыць. Справядлівасць адносна Бога называецца «рэлігійнай цнотай».

382. Што такое мужнасць?
1808
1837
Мужнасць дае вытрымку ў цяжкасцях і пастаянства ў пошуках дабра, робіць здольным да ахвяры з уласнага жыцця дзеля справядлівай справы.

383. Што такое ўстрыманасць?
1809
1838
Устрыманасць дазваляе апанаваць імкненне да прыемнасцяў, забяспечвае перавагу волі над інстынктамі і робіць здольным захоўваць раўнавагу ў карыстанні створанымі дабротамі.

384. Што такое тэалагальныя цноты?
1812-1813
1840-1841
Гэта цноты, якія маюць за пачатак, прычыну і непасрэдны аб’ект самога Бога. Улітыя ў чалавека разам з асвячальнай ласкай, яны робяць яго здольным жыць у еднасці з Найсвяцейшай Тройцай, фарміруюць і натхняюць маральныя дзеянні хрысціяніна, ажыўляючы чалавечыя цноты. Тэалагальныя цноты — задатак прысутнасці і дзеяння Духа Святога ў здольнасцях чалавека.

385. Якія ёсць тэалагальныя цноты?
1813
Тэалагальныя цноты — гэта вера, надзея і любоў.

386. Што такое вера?
1814-1816
1842
Вера — гэта тэалагальная цнота, дзякуючы якой мы верым у Бога, ва ўсё, што Ён нам аб’явіў, і ў што прапануе нам верыць Касцёл, паколькі Бог ёсць самой Праўдай. Таму той, хто верыць, імкнецца пазнаць і выканаць Божую волю, бо «вера дзейнічае праз любоў» (Гал 5, 6).

387. Што такое надзея?
1817-1821
1843
Надзея — гэта тэалагальная цнота, праз якую мы прагнем і чакаем ад Бога вечнага жыцця як нашага шчасця, падмацоўваючы наш давер абяцаннямі Хрыста і атрымліваючы дапамогу праз ласку Духа Святога дзеля таго, каб заслужыць яго і вытрываць да канца зямнога жыцця.

388. Што такое любоў?
1822-1829
1844
Любоў — гэта тэалагальная цнота, дзякуючы якой мы любім Бога па-над усё, а свайго бліжняга — як самога сябе, дзеля любові да Бога. Езус учыніў яе новай запаведдзю, паўнатой Закону. Любоў з’яўляецца «повяззю дасканаласці» (Клс 3, 14) і падмуркам іншых цнотаў, якія яна ажыўляе, натхняе і ўпарадкоўвае: без яе «я — нішто» і, «калі любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці» (1 Кар 13, 1–3).

389. Што такое дары Духа Святога?
1830-1831
1845
Дары Духа Святога — гэта пастаянная гатоўнасць, якая робіць чалавека здольным пайсці за Божым натхненнем. Гэтых дароў сем: мудрасць, розум, рада, мужнасць, умеласць, пабожнасць, боязь Божая.

390. Што такое плады Духа Святога?
1832
Плады Духа Святога — гэта дасканаласці, якія Ён фарміруе ў нас як першыя плады вечнай хвалы. Традыцыя Касцёла налічвае іх дванаццаць: «любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, спагадлівасць, дабрыня, велікадушнасць, вернасць, лагоднасць, сціпласць, умеркаванасць, чыстасць» (Гал 5, 22–23, пераклад з Вульгаты).


ГРЭХ

391. Чаго патрабуе ад нас прыняцце Божай міласэрнасці?
1846-1848
1870
Яно патрабуе, каб мы прызналі свае правіны і пакаяліся ў сваіх грахах. Сам Бог праз сваё Слова і свайго Духа адкрывае нашыя грахі, адорвае нас праўдай сумлення і надзеяй на прабачэнне.

392. Што такое грэх?
1849-1851
1871-1872
Грэх — гэта «слова, учынак ці жаданне, якое супярэчыць вечнаму Закону» (св. Аўгустын). Гэта знявага Бога праз непаслухмянасць Яго любові. Грэх раніць чалавечую натуру і наносіць шкоду чалавечай салідарнасці. Хрыстус сваёй мукай раскрывае ўвесь цяжар граху і перамагае яго сваёй міласэрнасцю.

393. Ці існуе адрозненне грахоў?
1852-1853
1873
Ёсць розныя грахі. Яны могуць адрознівацца паводле іх прадмету ці паводле цнотаў або запаведзяў, якім яны супярэчаць. Грахі могуць датычыць непасрэдна Бога, бліжняга ці нас саміх. Акрамя таго, іх можна падзяліць на грахі, здзейсненыя думкаю, словам, учынкам і занядбаннем.

394. Як адрозніваюць грахі паводле іх цяжкасці?
1854
Адрозніваюць грахі смяротныя і лёгкія.

395. Калі мае месца смяротны грэх?
1855-1861
1874
Смяротны грэх мае месца тады, калі ён адначасова датычыць значнай матэрыі і здзяйсняецца ў поўнай свядомасці і дабравольна. Гэты грэх знішчае ў нас любоў, пазбаўляе нас асвячальнай ласкі, вядзе нас да вечнай смерці ў пекле, калі мы не пакаемся. Прабачаецца звычайным спосабам праз сакрамэнт хросту і сакрамэнт пакаяння, або паяднання.

396. Калі мае месца лёгкі грэх?
1862-1864
1875
Лёгкі грэх, які істотна адрозніваецца ад смяротнага граху, мае месца тады, калі датычыць нязначнай матэрыі або нават значнай, але здзяйсняецца без поўнай свядомасці ці без цалкавітай згоды. Ён не знішчае запавету з Богам, але аслабляе любоў; выяўляе неўпарадкаваную прывязанасць да створаных дабротаў; перашкаджае духоўнаму развіццю і набыванню цнотаў, а таксама практыкаванню маральнага дабра; заслугоўвае часовыя ачышчальныя кары.

397. Як у нас памнажаецца грэх?
1865, 1876
Грэх цягне за сабой грэх, а яго паўтарэнне нараджае загану.

398. Што такое заганы?
1866-1867
Заганы, у адрозненне ад цнотаў, — гэта дрэнныя звычкі, якія зацямняюць сумленне і схіляюць да зла. Заганы могуць быць звязаныя з сямю так званымі галоўнымі грахамі: пыхай, хцівасцю, зайздрасцю, гневам, распустай, неўмеркаванасцю ў ежы і піцці, лянотай ці нудой.

399. Ці нясем мы адказнасць за грахі, учыненыя іншымі?
1868
Мы нясем адказнасць за грахі, учыненыя іншымі, калі садзейнічаем ім.

400. Што такое структуры граху?
1869
Гэта грамадскія сітуацыі або інстытуцыі, якія супярэчаць Божаму закону; яны з’яўляюцца праяваю і вынікам асабістых грахоў.


ГЛАВА ДРУГАЯ
ЧАЛАВЕЧАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ

АСОБА I ГРАМАДСТВА

401. У чым заключаецца грамадскае вымярэнне чалавека?
1877-1880
1890-1891
Разам з асабістым пакліканнем да шчасця, чалавеку ўласціва грамадскае вымярэнне, якое з’яўляецца істотным кампанентам яго натуры і яго паклікання. Сапраўды, усе людзі пакліканыя да адной і той жа мэты, якой ёсць сам Бог; існуе пэўнае падабенства паміж супольнасцю Божых Асобаў і братэрствам, якое людзі павінны ўстанаўліваць паміж сабою ў праўдзе і любові; любоў да бліжняга неадрыўная ад любові да Бога.

402. Якая сувязь існуе паміж асобай і грамадствам?
1881-1882
1892-1893
Прынцыпам, суб’ектам і мэтай усіх грамадскіх інстытуцый з’яўляецца і павінна быць асоба. Некаторыя супольнасці, такія, як сям’я і дзяржава, неабходныя для чалавечай асобы. Карысныя таксама і іншыя аб’яднанні, як у межах палітычных супольнасцяў, так і на міжнародным узроўні, якія кіруюцца прынцыпам субсідыярнасці.

403. У чым заключаецца прынцып субсідыярнасці?
1883-1885
1894
Гэты прынцып заключаецца ў тым, што грамадства вышэйшага ўзроўню не павінна ўмешвацца ў справы грамадства ніжэйшага ўзроўню, пазбаўляючы яго паўнамоцтваў, але павінна падтрымліваць яго ў выпадку неабходнасці.

404. Чаго яшчэ патрабуе сапраўднае чалавечае суіснаванне?
1886-1889
1895-1896
Яно патрабуе паважаць справядлівасць і адпаведную іерархію каштоўнасцяў, а таксама падпарадкоўваць матэрыяльныя і інстынктыўныя вымярэнні ўнутраным і духоўным. Асабліва там, дзе грэх псуе грамадскі клімат, неабходна заклікаць да навяртання сэрцаў і да ласкі Божай, каб дасягнуць грамадскіх змен, якія б сапраўды служылі кожнай асобе і яе інтэгральнасці. Любоў, якая патрабуе справядлівасці і робіць здольнымі практыкаваць яе, з’яўляецца найвялікшай грамадскай запаведдзю.


УДЗЕЛ У ГРАМАДСКIМ ЖЫЦЦI

405. На чым грунтуецца ўлада ў грамадстве?
1897-1902
1918-1920
Кожная чалавечая супольнасць патрабуе законна ўстаноўленай улады, якая забяспечвае парадак і садзейнічае ажыццяўленню агульнага дабра. Такая ўлада грунтуецца на чалавечай натуры, таму што адпавядае парадку, устаноўленаму Богам.

406. Калі ўлада здзяйсняецца законна?
1901
1903-1904
1921-1922
Улада здзяйсняецца законна, калі дзейнічае дзеля агульнага дабра і выкарыстоўвае для яго дасягнення дапушчальныя з пункту гледжання маралі сродкі. Таму палітычныя рэжымы павінны быць вызначаныя свабодным рашэннем грамадзян і павінны адпавядаць прынцыпу «прававой дзяржавы», у якой вярхоўную ўладу мае закон, а не самаволя людзей. Несправядлівыя законы і рашэнні, якія супярэчаць маральнаму парадку, не абавязковыя для сумлення.

407. Што такое агульнае дабро?
1905-1906
1924
Агульнае дабро — гэта сукупнасць тых умоў грамадскага жыцця, якія дазваляюць групам і адзінкам дасягаць асабістай дасканаласці.

408. Што ўваходзіць у агульнае дабро?
1907-1909
1925
У агульнае дабро ўваходзіць: шанаванне і падтрымка асноўных правоў асобы; узрастанне духоўных і зямных дабротаў асобы і грамадства; спакой і бяспека ўсіх.

409. Дзе найбольш поўна здзяйсняецца агульнае дабро?
1910-1912
1927
Найбольш поўна агульнае дабро здзяйсняецца ў тых палітычных супольнасцях, якія абараняюць і развіваюць дабро грамадзян і сацыяльных груп, не забываючы пра ўсеагульнае дабро чалавечай сям’і.

410. Як чалавек удзельнічае ў ажыццяўленні агульнага дабра?
1913-1917
1926
Кожны чалавек згодна са сваёй пасадай і роляй, якую ён выконвае, удзельнічае ў развіцці агульнага дабра, калі паважае справядлівыя законы і клапоціцца аб сферах, за якія нясе асабістую адказнасць, такіх як уласная сям’я і ўласная праца. Больш за тое, грамадзяне, наколькі гэта магчыма, павінны прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.


ГРАМАДСКАЯ СПРАВЯДЛIВАСЦЬ

411. Як грамадства забяспечвае грамадскую справядлівасць?
1928-1933
1943-1944
Грамадства забяспечвае грамадскую справядлівасць, калі паважае свабоду і правы асобы, што з’яўляецца мэтай самога грамадства. Больш за тое, грамадства імкнецца да грамадскай справядлівасці, звязанай з агульным дабром і ажыццяўленнем улады, калі стварае ўмовы, якія дазваляюць аб’яднанням і асобам дасягнуць таго, на што яны маюць права.

412. На чым грунтуецца роўнасць паміж людзьмі?
1934-1935
1945
Усе людзі маюць аднолькавую годнасць і асноўныя правы, паколькі створаны паводле вобраза адзінага Бога і адораны адной і той жа разумнай душой; маюць адну і тую ж натуру і паходжанне і пакліканыя ў Хрысце, адзіным Збаўцы, да аднаго і таго ж боскага шчасця.

413. Як ацэньваць няроўнасць паміж людзьмі?
1936-1938
1946-1947
Існуе несправядлівая эканамічная і грамадская няроўнасць, якая закранае мільёны людзей; яна, безумоўна, спрэчная з Евангеллем, супярэчыць справядлівасці, годнасці асобы, спакою. Але існуюць таксама адрозненні паміж людзьмі, выкліканыя рознымі фактарамі, якія ўваходзяць у Божы план. Сапраўды, Бог хоча, каб кожны атрымліваў ад іншых тое, што яму патрэбна, і каб тыя, у каго ёсць асаблівыя «таленты», дзяліліся імі з іншымі. Гэтыя адрозненні натхняюць, а часта і абавязваюць асобы быць велікадушнымі, добразычлівымі, шчодрымі, яны таксама заахвочваюць культуры да ўзаемнага ўзбагачэння.

414. У чым выяўляецца чалавечая салідарнасць?
1939-1942
1948
Салідарнасць, якая вынікае з чалавечага і хрысціянскага братэрства, выяўляецца найперш у справядлівым размеркаванні дабротаў, у справядлівым узнагароджванні за працу і ў абавязку будаваць больш справядлівы грамадскі лад. Цнота салідарнасці рэалізуецца таксама ў сумесным карыстанні духоўнымі дабротамі веры, яшчэ больш важнымі, чым матэрыяльныя.


ГЛАВА ТРЭЦЯЯ
БОЖАЕ ЗБАЎЛЕННЕ: ЗАКОН І ЛАСКА

МАРАЛЬНЫ ЗАКОН

415. Што такое маральны закон?
1950-1953
1975-1978
Маральны закон — гэта справа Божай мудрасці. Ён указвае чалавеку шляхі і нормы паводзінаў, якія вядуць да абяцанага шчасця, і забараняе дарогі, якія аддаляюць ад Бога.

416. У чым заключаецца натуральны маральны закон?
1954-1960
1978-1979
Натуральны закон, упісаны Стварыцелем у сэрца кожнага чалавека, заключаецца ва ўдзеле ў мудрасці і дабрыні Бога і выяўляе першапачатковы маральны сэнс, які дазваляе чалавеку з дапамогай розуму распазнаваць дабро і зло. Натуральны маральны закон усеагульны і нязменны, ён стварае падмурак асноўных абавязкаў і правоў асобы, а таксама чалавечай супольнасці і самога грамадзянскага закону.

417. Ці ўсе ўспрымаюць гэты закон?
1960
З прычыны граху натуральны закон не заўсёды і не ўсімі ўспрымаецца з аднолькавым разуменнем і непасрэднасцю.

«Бог напісаў на табліцах Закону тое, чаго людзі не здолелі прачытаць у сваіх сэрцах» (св. Аўгустын).


418. Якая сувязь паміж натуральным законам і Старым Законам?
1961-1962
1980
Стары Закон з’яўляецца першай стадыяй аб’яўленага Закону. Ён падае мноства праўдаў, якія натуральным чынам даступныя розуму і якія былі змешчаныя і сапраўды пацверджаныя ў запавеце збаўлення. Маральныя патрабаванні, падсумаваныя ў дзесяці запаведзях Дэкалогу, ствараюць падмурак чалавечага паклікання, яны забараняюць тое, што супярэчыць любові да Бога і бліжняга, і прадпісваюць тое, што істотнае для яе.

419. Якое месца займае Стары Закон у плане збаўлення?
1963-1964
1982
Стары Закон дазваляе зразумець шмат праўдаў, даступных розуму, указвае тое, што павінна быць зроблена, а што — не, і перадусім, як мудры настаўнік, рыхтуе і схіляе да навяртання і прыняцця Евангелля. Хоць Стары Закон святы, духоўны і добры, аднак ён усё ж недасканалы, бо сам па сабе не адорвае моцай і ласкай Духа для яго выканання.

420. Што такое Новы, або евангельскі Закон?
1965-1972
1983-1985
Новы, або евангельскі Закон, абвешчаны і здзейснены Хрыстом, з’яўляецца паўнатой і спаўненнем Божага закону, натуральнага і аб’яўленага. Ён падсумаваны ў запаведзі любіць Бога і бліжняга, любіць адзін аднаго так, як Хрыстус палюбіў нас; ён з’яўляецца таксама рэчаіснасцю, якая існуе ў чалавеку: ласка Духа Святога робіць нас здольнымі да такой любові. Гэта «закон свабоды» (Як 1, 25), бо вядзе да спантаннага дзеяння пад уплывам любові.

«Новы Закон з’яўляецца, галоўным чынам, самой ласкай Духа Святога, якая дадзена тым, хто верыць у Хрыста» (св. Тамаш Аквінскі).


421. Дзе знаходзіцца Новы Закон?
1971-1974
1986
Новы Закон знаходзіцца ва ўсім жыцці і прапаведванні Хрыста і ў маральных катэхезах Апосталаў; галоўным чынам — у Казанні на гары.


ЛАСКА I АПРАЎДАННЕ

422. Што такое апраўданне?
1987-1995
2017-2020
Апраўданне — гэта самая дасканалая справа Божай любові. Гэта міласэрнае і бескарыслівае дзеянне Бога, якое знішчае нашыя грахі і робіць нас справядлівымі і святымі ва ўсім нашым існаванні. Гэта адбываецца праз ласку Духа Святога, якая была заслужана мукай Хрыста і дадзена нам падчас хросту. Апраўданне дае пачатак свабоднаму адказу чалавека, гэта значыць веры ў Хрыста і супрацоўніцтву з ласкай Духа Святога.

423. Што такое ласка, якая апраўдвае?
1996-1998
2005
2021
Ласка — гэта бескарыслівы дар, які Бог дае нам, каб зрабіць нас удзельнікамі свайго трынітарнага жыцця і здольнымі дзейнічаць дзякуючы Яго любові. Яна называецца ласкай габітуальнай, або асвячальнай, або абагаўляльнай, бо нас асвячае і абагаўляе. Яна звышпрыродная, бо цалкам залежыць ад бескарыслівай ініцыятывы Бога і пераўзыходзіць здольнасць разумення і сілы чалавека. Таму яна недасяжная для нашага досведу.

424. Якія існуюць іншыя віды ласкі?
1999-2000
2003-2004
2023-2024
Акрамя габітуальнай ласкі, існуюць: дзейсныя (актуальныя) ласкі (акалічнасныя дары); сакрамэнтальныя ласкі (уласныя дары кожнага сакрамэнту); спецыяльныя ласкі ці харызмы (маюць на мэце агульнае дабро Касцёла), сярод якіх трэба вылучыць ласкі стану, якія суправаджаюць выкананне касцёльнага служэння і адказных жыццёвых заданняў.

425. Якая існуе сувязь паміж ласкай і свабодай чалавека?
2001-2002
Ласка апярэджвае, рыхтуе і выклікае свабодны адказ чалавека. Яна адпавядае глыбокім імкненням чалавечай свабоды, запрашае яе да супрацоўніцтва і вядзе да дасканаласці.

426. Што такое заслуга?
2006-2010
2025-2026
Заслуга — гэта тое, што дае права на ўзнагароду за добры ўчынак. У адрозненне ад Бога, чалавек сам па сабе нічога не можа заслужыць, бо ўсё атрымаў ад Яго ў дар. Тым не менш, Бог дае чалавеку магчымасць набыць заслугі праз з’яднанне з любоўю Хрыста, крыніцай нашых заслуг перад Богам. Таму заслугі добрых учынкаў перш за усё павінны быць прыпісаны Божай ласцы, а затым — вольнай волі чалавека.

427. Якія даброты мы можам заслужыць?
2010-2011
2027
Пад уздзеяннем Духа Святога мы можам заслужыць для саміх сябе ці для іншых ласкі, неабходныя для нашага асвячэння і дасягнення вечнага жыцця, а таксама часовыя даброты, належныя нам паводле Божага намеру. Ніхто не можа заслужыць першай ласкі, якая ёсць крыніцай навяртання і апраўдання.

428. Ці ўсе мы пакліканыя да хрысціянскай святасці?
2012-2016
2028-2029
Усе вернікі пакліканыя да хрысціянскай святасці. Яна з’яўляецца паўнатой хрысціянскага жыцця і дасканаласцю любові; здзяйсняецца ў глыбокай еднасці з Хрыстом, а ў Ім — з Найсвяцейшай Тройцай. Шлях да асвячэння хрысціяніна вядзе праз крыж і мае сваё завяршэнне ў канчатковым уваскрашэнні справядлівых, у якім Бог будзе ўсё ва ўсім.


КАСЦЁЛ — МАЦI I НАСТАЎНIК

429. Якім чынам Касцёл жывіць маральнае жыццё хрысціяніна?
2030-2031
2047
Касцёл — гэта супольнасць, дзе хрысціянін прымае Божае слова і настаўленні «Хрыстовага Закону» (Гал 6, 2); атрымлівае ласку сакрамэнтаў; яднаецца з эўхарыстычнай Ахвярай Хрыста такім чынам, што яго маральнае жыццё становіцца духоўным пакланеннем; вучыцца на прыкладзе святасці Дзевы Марыі і святых.

430. Чаму Настаўніцкі Інстытут Касцёла навучае аб справах маральнасці?
2032-2040
2049-2051
Таму што абавязкам Настаўніцкага Інстытута Касцёла з’яўляецца прапаведванне веры і заахвочванне да яе практыкавання ў жыцці. Гэты абавязак распасціраецца таксама на канкрэтныя прадпісанні натуральнага закону, бо іх выкананне неабходна для збаўлення.

431. Якая мэта касцёльных наказаў?
2041
2048
Пяць касцёльных наказаў маюць на мэце гарантаваць вернікам неабходны мінімум духа малітвы, сакрамэнтальнага жыцця, маральнага намагання і ўзрастання ў любові да Бога і бліжняга.

432. Якія ёсць касцёльныя наказы?
2042-2043
Гэта: 1) удзельнічаць у Імшы ў нядзелі і ў іншыя прадпісаныя святы і ўстрымлівацца ад працы і дзейнасці, якая б магла перашкодзіць святкаванню гэтых дзён; 2) вызнаваць уласныя грахі, прымаючы сакрамэнт паяднання, прынамсі раз у год; 3) прыступаць да сакрамэнту Эўхарыстыі прынамсі ў Велікодны перыяд; 4) устрымлівацца ад спажывання мяса і захоўваць пост ва ўстаноўленыя Касцёлам дні; 5) дапамагаць у матэрыяльных патрэбах Касцёла паводле ўласных магчымасцяў.

433. Чаму маральнае жыццё хрысціяніна неабходна для абвяшчэння Евангелля?
2044-2046
Таму што сваім жыццём, згодным з вучэннем Пана Езуса, хрысціяне прыцягваюць людзей да веры ў сапраўднага Бога, будуюць Касцёл, фарміруюць свет у духу Евангелля і прыспешваюць прыйсце Божага Валадарства.


РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
ДЗЕСЯЦЬ ЗАПАВЕДЗЯЎ


Кніга Зыходу
20, 2-17


Я — Пан Бог твой,
які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі.
Не май іншых багоў, апроч Мяне.
Не рабі сабе ніякай выявы ідала і падабенства таго, што ўверсе на небе, што ўнізе на зямлі і што ў водах пад зямлёю.
Не пакланяйся ім і не ўшаноўвай іх.
Бо Я — Пан Бог твой, Бог зайздросны, які карае дзяцей за беззаконне бацькоў да трэцяга і чацвёртага пакалення тых, хто ненавідзіць Мяне. Але Я выяўляю міласэрнасць да тысяч пакаленняў тых, хто любіць Мяне і захоўвае запаведзі Мае.
Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, бо Пан не пакіне без пакарання таго, хто ўжывае імя Ягонае дарэмна.
Памятай пра дзень шабату, каб асвячаць яго. Шэсць дзён будзеш працаваць і рабіць усе працы свае, а сёмы дзень, шабат, — для Пана Бога твайго; не рабі ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні твой нявольнік, ні твая нявольніца, ні жывёла твая, ні чужынец, які знаходзіцца ў брамах тваіх. Бо за шэсць дзён учыніў Пан неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, і на сёмы дзень адпачыў. Таму благаславіў Пан дзень шабату і асвяціў яго.
Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб доўга жыць на зямлі, якую Пан Бог твой дасць табе.
Не забівай.
Не чужалож.
Не крадзі.
Не сведчы фальшыва супраць бліжняга свайго.
Не пажадай дому бліжняга свайго; не пажадай ні жонкі яго, ні ягонага нявольніка, ні ягонай нявольніцы, ні вала ягонага, ні асла ягонага — нічога, што належыць яму.

Кніга Другазаконня
5, 6-21


Я — Пан Бог твой,
які вывеў цябе з зямлі егіпецкай з дому няволі.
Не будзе ў цябе іншых багоў, апроч Мяне ...
Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна ...
Захоўвай дзень шабату, каб ён быў святым ...
Шануй бацьку свайго
і маці сваю …
Не забівай.
Не чужалож.
Не крадзі.
Не гавары супраць бліжняга твайго фальшывага сведчання.
Не жадай жонкі бліжняга Твайго …
і ўсяго, што належыць бліжняму твайму.

Катэхетычная формула

Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі.
1. Не май іншых багоў, апроч Мяне.
2. Не ўжывай імя Пана Бога дарэмна.
3. Памятай дзень святы святкаваць.
4. Шануй бацьку свайго і маці сваю.
5. Не забівай.
6. Не чужалож.
7. Не крадзі.
8. Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго.
9. Не пажадай жонкі бліжняга твайго.
10. Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму.

434. «Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?» (Мц 19, 16)
2052-2054
2075-2076
Юнаку, які задаў гэтае пытанне, Езус адказвае: «Калі хочаш увайсці ў жыццё вечнае, выконвай запаведзі», і пасля дадае: «Прыходзь і ідзі за Мною» (Мц 19, 16.21). Наследаванне Езуса заключаецца ў захаванні запаведзяў. Закон не адменены, але чалавек запрошаны адкрыць яго нанова ў асобе боскага Настаўніка, які сам дасканала спаўняе яго, аб’яўляе яго поўнае значэнне і пацвярджае яго даўгавечнасць.

435. Як Езус інтэрпрэтуе Закон?
2055
Езус інтэрпрэтуе яго ў святле падвойнай і адзінай запаведзі любові, якая ёсць выкананнем Закону: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: любі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі» (Мц 22, 37–40).

436. Што азначае выраз «Дэкалог»?
2056-2057
Выраз «Дэкалог» азначае «дзесяць слоў» (Зых 34, 28). Гэтыя словы падсумоўваюць Закон, дадзены Богам ізраэльскаму народу праз Майсея ў кантэксце Запавету. Дэкалог, прадстаўляючы запаведзі любові да Бога (першыя тры) і да бліжняга (наступныя сем), указваюць выбранаму народу і кожнаму чалавеку асабіста шлях жыцця, вызваленага з няволі граху.

437. Якая сувязь Дэкалогу з Запаветам?
2058-2063
2077
Дэкалог разумеецца ў святле Запавету, у якім Бог аб’яўляецца, даючы пазнаць сваю волю. У захаванні Запавету народ выяўляе сваю прыналежнасць да Бога і з удзячнасцю адказвае на Яго ініцыятыву любові.

438. Якое значэнне надае Касцёл Дэкалогу?
2064-2068
Верны Пісанню і прыкладу Езуса, Касцёл прызнае важнасць і першараднае значэнне Дэкалогу. Хрысціяне абавязаны выконваць яго.

439. Чаму Дэкалог складае непадзельнае адзінства?
2069
2079
Дзесяць запаведзяў складаюць арганічную і непадзельную цэласнасць, бо кожная з запаведзяў адсылае да іншых і да ўсяго Дэкалогу. Таму парушэнне адной запаведзі азначае парушэнне ўсяго Закону.

440. Чаму Дэкалог мае абавязковы характар?
2072-2073
2081
Таму што выражае асноўныя абавязкі чалавека адносна Бога і адносна бліжняга.

441. Ці магчыма захоўваць Дэкалог?
2074
2082
Так, бо Хрыстус, без якога мы нічога не можам зрабіць, чыніць нас здольнымі захоўваць яго дзякуючы дару свайго Духа і сваёй ласкі.


ГЛАВА ПЕРШАЯ

«ЛЮБІ ПАНА БОГА ТВАЙГО
ЎСІМ СЭРЦАМ ТВАІМ, І ЎСЁЙ ДУШОЙ ТВАЁЙ,
І ЎСІМ РОЗУМАМ ТВАІМ»


ПЕРШАЯ ЗАПАВЕДЗЬ: Я — ПАН БОГ ТВОЙ.
НЕ МАЙ IНШЫХ БАГОЎ, АПРОЧ МЯНЕ

442. Да чаго абавязвае сцвярджэнне Бога: «Я — Пан Бог твой» (Зых 20, 2)?
2083-2094
2133-2134
Яно абавязвае верніка захоўваць і здзяйсняць тры тэалагальныя цноты і пазбягаць грахоў, якія ім супрацьстаяць. Вера верыць у Бога і адкідае тое, што ёй супярэчыць, напр., дабравольныя сумненні, бязвер’е, ерась, адступніцтва, схізму. Надзея з даверам чакае шчаслівага сузірання Бога і Яго дапамогі, пазбягаючы роспачы і саманадзейнасці. Любоў любіць Бога па-над усё, адкідаючы абыякавасць, няўдзячнасць, халоднасць, духоўную нуду або ляноту і нянавісць да Бога, якая нараджаецца з пыхі.

443. Да чаго абавязваюць словы Пана: «Пану Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы» (Мц 4, 10)?
2095-2105
2135-2136
Яны абавязваюць пакланяцца Богу як Пану ўсяго, што існуе; аддаваць Яму, індывідуальна і супольна, належную пашану; маліцца да Яго, выказваючы праслаўленне, падзяку і просьбы; прыносіць Яму ахвяры з уласнага жыцця, асабліва духоўныя, злучаючы іх з дасканалай ахвярай Хрыста; стрымліваць дадзеныя Яму абяцанні.

444. Якім чынам асоба ажыццяўляе сваё права аддаваць пашану Богу ў праўдзе і свабодзе?
2104-2109
2137
Кожны чалавек мае права і абавязак шукаць праўду, асабліва тую, якая датычыць Бога і Яго Касцёла, каб, пазнаўшы яе аднойчы, прыняць яе і верна захоўваць, аддаючы Богу сапраўдную пашану. У той жа час, годнасць чалавечай асобы патрабуе, каб у рэлігійных справах ніхто не быў прымушаны дзейнічаць супраць уласнага сумлення; каб не меў перашкоды, у справядлівых межах грамадскага парадку, дзейнічаць згодна з сумленнем, прыватна ці публічна, індывідуальна ці разам з іншымі.

445. Што забараняе Бог, калі наказвае: «Не май іншых Багоў, апроч Мяне» (Зых 20, 2)?
2110-2128
2138-2140
Гэтая запаведзь забараняе:
політэізм і ідалапаклонства, якое абагаўляе стварэнне, моц, багацце і нават д’ябла;
забабоны, якія з’яўляюцца адыходам ад належнага пакланення Богу і якія выяўляюцца таксама ў розных формах прадказанняў, магіі, чараўніцтва і спірытызму;
бязбожнасць, якая выяўляецца ў выпрабаванні Бога словамі ці ўчынкамі; у святатацтве, якое апаганьвае святыя асобы ці рэчы, перадусім Эўхарыстыю; у сімоніі, гэта значыць, у жаданні або імкненні набываць або прадаваць духоўныя даброты;
атэізм, які адмаўляе існаванне Бога, грунтуючыся часта на памылковай канцэпцыі чалавечай аўтаноміі;
агнастыцызм, паводле якога немагчыма штосьці ведаць пра Бога, і які ўключае абыякавасць і практычны атэізм.
446. Ці наказ Бога: «Не рабі сабе ніякай выявы ідала…» (Зых 20, 3) забараняе культ абразоў?
2129-2132
2141
У Старым Запавеце гэты наказ забараняў прадстаўляць Бога, абсалютна трансцэндэнтнага. Пачынаючы ад уцелаўлення Божага Сына, хрысціянскі культ святых абразоў апраўданы тым (гэта пацвярджае ІІ Нікейскі Сабор 787 г.), што грунтуецца на таямніцы Божага Сына, які стаўся чалавекам, у якім трансцэндэнтны Бог стаў бачным. Гаворка ідзе не пра пакланенне абразам, але пра ўшанаванне тых, каго яны прадстаўляюць: Хрыста, Дзеву Марыю, анёлаў і святых.


ДРУГАЯ ЗАПАВЕДЗЬ:
НЕ ЎЖЫВАЙ IМЯ ПАНА БОГА ТВАЙГО ДАРЭМНА

447. Як ушаноўваецца святасць Божага імя?
2142-2149
2160-2162
Святое імя Бога ўшаноўваецца, калі мы яго заклікаем, благаслаўляем, усхваляем, праслаўляем. Таму трэба пазбягаць злоўжывання зваротам да імя Бога дзеля апраўдання злачынства і кожнага неадпаведнага ўжывання Ягонага імя: блюзнерства, якое па сваёй сутнасці з’яўляецца цяжкім грахом; пракляццяў і нявернасці абяцанням, дадзеным у імя Бога.

448. Чаму забараняецца фальшывая клятва?
2150-2151
2163-2164
Таму што ў ёй Бог, які ёсць самой Праўдай, заклікаецца як сведка хлусні.

«Не прысягай ні Стварыцелем, ні стварэннем, калі толькі не дзеля праўды, па-неабходнасці і з пашанаю» (св. Ігнацый Лаёла).


449. Што такое фальшывая клятва?
2152-2155
Фальшывая клятва — гэта абяцанне, дадзенае пад прысягай з намерам не стрымаць яго, або парушэнне абяцання, дадзенага пад прысягай. Гэта цяжкі грэх супраць Бога, які заўсёды верны сваім абяцанням.


ТРЭЦЯЯ ЗАПАВЕДЗЬ:
ПАМЯТАЙ ДЗЕНЬ СВЯТЫ СВЯТКАВАЦЬ

450. Чаму Бог «благаславіў дзень шабату і асвяціў яго» (Зых 20, 11)?
2168-2172
2189
Таму што ў дзень шабату ўспамінаецца адпачынак Бога ў сёмы дзень стварэння, а таксама вызваленне Ізраэля з егіпецкай няволі і запавет, які Бог заключыў са сваім народам.

451. Як ставіцца Езус да шабату?
2173
Езус прызнае святасць шабату і з боскім аўтарытэтам дае праўдзівае яго тлумачэнне: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату» (Мк 2, 27).

452. Чаму ў хрысціянаў нядзеля замяніла шабат?
2174-2176
2190-2191
Таму што нядзеля — гэта дзень уваскрасення Хрыста. Як «першы дзень тыдня» (Мк 16, 2) ён нагадвае аб першым стварэнні; як «восьмы дзень», які ідзе за шабатам, ён азначае новае стварэнне, якому дало пачатак уваскрасенне Хрыста. Такім чынам, нядзеля стала для хрысціянаў першым з усіх дзён і з усіх святаў: днём Пана, у якім Ён праз сваю Пасху ажыццяўляе духоўную праўду габрэйскага шабату і абвяшчае вечны адпачынак чалавека ў Богу.

453. Як святкуецца нядзеля?
2177-2185
2192-2193
Хрысціяне святкуюць нядзелю і іншыя прадпісаныя святы, прымаючы ўдзел у Эўхарыстыі Пана і ўстрымліваючыся таксама ад тых дзеянняў, якія перашкаджаюць належнаму пакланенню Богу і парушаюць радасць, уласцівую дню Пана, або неабходны фізічны і духоўны адпачынак. У гэты дзень дапускаюцца дзеянні, звязаныя з сямейнымі абавязкамі або з паслугаю дзеля значнай грамадскай карысці, калі толькі гэта не вядзе да шкодных звычак адносна святкавання нядзелі, сямейнага жыцця і здароўя.

454. Чаму неабходна прызнаваць нядзелю святочным днём на дзяржаўным узроўні?
2186-2188
2194-2195
Таму што тады ўсе маюць рэальную магчымасць атрымліваць задавальненне ад дастатковага адпачынку і вольнага часу, які дазваляе ім паклапаціцца аб рэлігійным, сямейным, культурным і грамадскім жыцці; маюць магчымасць прызначаць адпаведны час для медытацыі, разважання, цішыні і чытання; маюць магчымасць прысвячаць сябе справам дабра, асабліва, на карысць хворых і старых.


ГЛАВА ДРУГАЯ
«ЛЮБІ БЛІЖНЯГА ТВАЙГО, ЯК САМОГА СЯБЕ»

ЧАЦВЁРТАЯ ЗАПАВЕДЗЬ:
ШАНУЙ БАЦЬКУ СВАЙГО I МАЦI СВАЮ

455. Што загадвае чацвёртая запаведзь?
2196-2200
2247-2248
Яна загадвае шанаваць і паважаць нашых бацькоў і тых, каго Бог дзеля нашага дабра надзяліў сваёй уладай.

456. Якая сутнасць сям’і ў Божым плане?
2201-2205
2249
Мужчына і жанчына, з’яднаныя ў сужэнстве, ствараюць разам са сваімі дзецьмі сям’ю. Бог устанавіў сям’ю і надаў ёй асаблівую структуру. Сужэнства і сям’я скіраваныя на дабро сужэнцаў і на нараджэнне і выхаванне дзяцей. Паміж членамі адной сям’і ўстанаўліваюцца асабістыя адносіны і першачарговая адказнасць. У Хрысце сям’я становіцца хатнім Касцёлам, бо з’яўляецца супольнасцю веры, надзеі і любові.

457. Якое месца займае сям’я ў грамадстве?
2207-2208
Сям’я — гэта першасная ячэйка чалавечага грамадства. Яна папярэднічае кожнаму прызнанню з боку публічнай улады. Сямейныя прынцыпы і каштоўнасці ствараюць падмурак грамадскага жыцця. Жыццё ў сям’і рыхтуе да жыцця ў грамадстве.

458. Якія абавязкі мае грамадства адносна сям’і?
2209-2213
2250
Грамадства мае абавязак падтрымліваць і ўмацоўваць сужэнства і сям’ю згодна з прынцыпам субсідыярнасці. Грамадзянскія ўлады павінны шанаваць і абараняць сапраўдную сутнасць сужэнства і сям’і, грамадскую мараль, правы бацькоў і хатні дабрабыт, а таксама садзейнічаць ім.

459. Якія абавязкі дзяцей адносна бацькоў?
2214-2220
2251
Адносна бацькоў дзеці абавязаны выказваць пашану (сыноўнюю любоў), удзячнасць, пакору і паслухмянасць, садзейнічаючы такім чынам, а таксама праз добрыя адносіны паміж братамі і сёстрамі, узрастанню гармоніі і святасці ўсяго сямейнага жыцця. У выпадку, калі бацькі апынуліся ў беднасці, хваробе, адзіноце, старасці, дарослыя дзеці павінны дапамагаць ім маральна і матэрыяльна.

460. Якія абавязкі бацькоў адносна дзяцей?
2221-2231
Бацькі, як удзельнікі боскага айцоўства, з’яўляюцца для дзяцей першымі настаўнікамі веры і першыя адказваюць за іх выхаванне. Яны маюць абавязак любіць і шанаваць дзяцей як асобаў і як Божых дзяцей, а таксама забяспечваць, наколькі магчыма, іх матэрыяльныя і духоўныя патрэбы, выбіраючы для іх адпаведную школу і дапамагаючы разважлівымі парадамі ў выбары прафесіі і жыццёвага стану. Іх асаблівая місія — выхоўваць дзяцей у хрысціянскай веры.

461. Як бацькі выхоўваюць дзяцей у хрысціянскай веры?
2252-2253
Найперш — прыкладам, малітвай, сямейнай катэхезай і ўдзелам у касцёльным жыцці.

462. Ці сямейныя адносіны з’яўляюцца абсалютным дабром?
2232-2233
Сямейныя адносіны, хоць і важныя, не абсалютныя, бо першаснае пакліканне хрысціяніна — наследаванне Хрыста і любоў да Яго: «Хто любіць бацьку і маці больш за Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне» (Мц 10, 37). Бацькі павінны з радасцю дапамагаць сваім дзецям наследаваць Езуса, у кожным жыццёвым стане, таксама ў кансэкраваным жыцці або ў святарскім служэнні.

463. Як павінна ажыццяўляцца ўлада ў розных сферах грамадскага жыцця?
2234-2237
2254
Яна заўсёды ажыццяўляецца як служэнне, паважаючы асноўныя правы чалавека, справядлівую іерархію каштоўнасцяў, законы, справядлівае размеркаванне і прынцып субсідыярнасці. Кожны, хто ажыццяўляе ўладу, павінен кіравацца інтарэсамі супольнасці, а не ўласнымі, а таксама павінен кіравацца ў сваіх рашэннях праўдай пра Бога, чалавека і свет.

464. Якія абавязкі грамадзян адносна грамадзянскіх улад?
2238-2241
2255
Тыя, хто падпарадкаваны ўладам, павінны лічыць сваіх кіраўнікоў прадстаўнікамі Бога, павінны шчыра супрацоўнічаць з імі дзеля добрага функцыянавання публічнага і грамадскага жыцця. Гэта ўключае любоў да Радзімы і служэнне ёй, права і абавязак удзельнічаць у выбарах, выплату падаткаў, абарону краіны і права на канструктыўную крытыку.

465. Калі грамадзянін не павінен падпарадкоўвацца грамадзянскім уладам?
2242-2243
2256
Грамадзянін, паводле сумлення, не павінен падпарадкоўвацца, калі законы грамадзянскіх улад супярэчаць патрабаванням маральнага парадку: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей» (Дз 5, 29).


ПЯТАЯ ЗАПАВЕДЗЬ: НЕ ЗАБIВАЙ

466. Чаму трэба шанаваць жыццё чалавека?
2258-2262
2318-2320
Таму што яно святое. Ад самага свайго пачатку яно мае патрэбу ў стваральнай дзейнасці Бога і назаўсёды застаецца ў асаблівых адносінах са Стварыцелем, сваёй адзінай мэтай. Нікому не дазволена непасрэдна знішчаць нявінную чалавечую істоту, бо гэта сур’ёзна супярэчыць годнасці асобы і святасці Стварыцеля. «Не забівай нявіннага і справядлівага» (Зых 23, 7).

467. Чаму дазволеная абарона асобаў і грамадства не супярэчыць гэтай норме?
2263-2265
Таму што, выбіраючы дазволеную абарону, асоба рэалізуе права абараняць уласнае жыццё і жыццё іншых, а не жаданне забіваць. Дазволеная абарона для таго, хто адказвае за жыццё іншых, можа быць таксама сур’ёзным абавязкам. Аднак яна не павінна весці да ўжывання большай сілы, чым неабходна.

468. Якая мэта пакарання?
2266
Пакаранне, устаноўленае правамоцнай грамадскай уладай, мае на мэце выправіць непарадак, выкліканы злачынствам, абараніць грамадскі парадак і бяспеку людзей, садзейнічаць выпраўленню вінаватага.

469. Якое пакаранне можа быць устаноўлена?
2267
Устаноўленае пакаранне павінна быць прапарцыянальным цяжкасці злачынства. Сёння, з увагі на магчымасці, якімі валодае дзяржава для прадухілення цяжкага злачынства і абясшкоджвання злачынцы, выпадкі абсалютнай неабходнасці выкарыстання кары смерці «ўжо вельмі рэдкія, а нават практычна ўжо не існуюць» (Evangelium vitae). Калі ёсць дастаткова некрывавых сродкаў, улада павінна абмяжоўвацца імі, бо яны лепш адпавядаюць канкрэтным умовам агульнага дабра, годнасці асобы і не пазбаўляюць канчаткова вінаватага магчымасці выправіцца.

470. Што забараняе пятая запаведзь?
2268-2283
2321-2326
Пятая запаведзь забараняе наступныя дзеянні, якія глыбока супярэчаць маральнаму закону:
непасрэднае і наўмыснае забойства і саўдзел у ім;
непасрэднае перарыванне цяжарнасці, запланаванае як мэта ці сродак, а таксама саўдзел у ім; гэта караецца экскамунікай, бо чалавечай істоце ад самага яе зачацця належыць пашана, і цалкам павінна быць абаронена яе інтэгральнасць;
непасрэдная эўтаназія, якая заключаецца ў спыненні жыцця непаўнавартаснай асобы — хворага ці паміраючага — праз канкрэтнае дзеянне або праз занядбанне неабходнага дзеяння;
самагубства і дабравольны саўдзел у ім, паколькі яно з’яўляецца вялікай знявагай справядлівай любові да Бога, да сябе і бліжняга; што датычыць адказнасці, то яна павялічваецца з прычыны дрэннага прыкладу або можа быць зменшана з-за пэўных псіхічных парушэнняў ці з-за сур’ёзнай боязі.

471. Якія медыцынскія дзеянні дапушчальныя, калі смерць лічыцца непазбежнай?
2278-2279
Лячэнне, якое звычайна належыць хворай асобе, не можа быць законна спынена. Дазваляецца ўжыванне абязбольвальных сродкаў, якія не вядуць да смерці, і адмова ад «настойлівай тэрапіі», гэта значыць ад выкарыстання надзвычайных медыцынскіх дзеянняў з безразважлівай надзеяй на іх пазітыўны вынік.

472. Чаму грамадства павінна абараняць кожны эмбрыён?
2273-2274
Неад’емнае права на жыццё кожнай чалавечай асобы ад самага зачацця з’яўляецца асноўным элементам грамадства і яго заканадаўства. Калі дзяржава не выкарыстоўвае сваю моц для абароны правоў усіх, асабліва найбольш слабых, сярод якіх знаходзяцца зачатыя і яшчэ не народжаныя, пад пагрозу ставяцца асновы самой прававой дзяржавы.

473. Як пазбегнуць дрэннага прыкладу?


2284-2287
Дрэннага прыкладу, або згаршэння, што схіляе іншых да зла, можна пазбегнуць, кіруючыся павагай да душы і цела асобы. Той, хто наўмысна даводзіць іншых да здзяйснення цяжкага граху, сам чыніць сур’ёзнае злачынства.

474. Які наш абавязак адносна цела?
2288-2291
Мы павінны разважліва клапаціцца аб фізічным здароўі, сваім і іншых, пазбягаючы, аднак, культу цела і ўсялякага роду скрайнасцяў. Больш за тое, забаронена ўжываць наркотыкі, якія наносяць вялікую шкоду здароўю і жыццю, а таксама злоўжываць ежай, алкаголем, тытунём і лекамі.

475. Калі маральна дапушчальныя навуковыя, медыцынскія ці псіхалагічныя эксперыменты над чалавекам ці групамі людзей?
2292-2295
Яны маральна дапушчальныя, калі служаць інтэгральнаму дабру асобы і грамадства і не пагражаюць жыццю, фізічнай і псіхічнай інтэгральнасці асобаў, якія належным чынам паінфармаваныя і далі згоду на іх выкарыстанне.

476. Ці дазволена перасадка і дарэнне органаў да смерці і пасля яе?
2296
Перасадка органаў маральна дапушчальная з дазволу донара і без празмернай рызыкі для яго. Для высакароднага ўчынку дарэння органаў пасля смерці павінен канчаткова быць пацверджаны факт смерці донара.

477. Якія практыкі супярэчаць павазе цялеснай інтэгральнасці асобы?
2297-2298
Узяцце ў заложнікі і гвалтоўнае выкраданне асобы, тэрарызм, катаванне, насілле, непасрэдная стэрылізацыя. Ампутацыя і прычыненне калецтва асобе маральна дапушчальныя толькі як непазбежныя для дасягнення тэрапеўтычных мэтаў адносна гэтай асобы.

478. Як належыць клапаціцца аб паміраючых?
2299
Паміраючыя маюць права годна пражыць апошнія хвіліны свайго зямнога жыцця, асабліва ім патрэбныя малітва і сакрамэнты, якія рыхтуюць да сустрэчы з жывым Богам.

479. Як належыць абыходзіцца з целамі памерлых?
2300-2301
З целамі памерлых належыць абыходзіцца з пашанай і любоўю. Іх крэмацыя дазваляецца, калі яна не ставіць пад сумненне веру ва ўваскрашэнне цела.

480. Чаго чакае Пан ад кожнай асобы ў справе захавання спакою?
2302-2303
Пан, які абвяшчае: «Шчаслівыя міратворцы» (Мц 5, 9), просіць аб спакоі ў сэрцы і выкрывае амаральнасць гневу, які вядзе да жадання помсціць за спазнанае зло і да нянавісці, якая выклікае жаданне зла бліжняму. Гэтыя паставы, калі яны дабравольныя і датычаць сур’ёзнай матэрыі, з’яўляюцца цяжкімі грахамі супраць любові.

481. Што такое спакой у свеце?
2304-2305
Спакой у свеце, неабходны для пашаны і развіцця чалавечага жыцця, — гэта не проста адсутнасць вайны або раўнавага супрацьлеглых сіл, але «спакой парадку» (св. Аўгустын), «плён справядлівасці» (Іс 32, 17) і вынік любові. Зямны спакой з’яўляецца вобразам і плёнам Хрыстовага спакою.

482. Што патрэбна для спакою ў свеце?
2304
2307-2308
Для спакою ў свеце патрэбны справядлівае размеркаванне і абарона асабістых дабротаў, свабодная камунікацыя паміж людзьмі, шанаванне годнасці асобаў і народаў, руплівае практыкаванне справядлівасці і братэрства.

483. Калі маральна дазволена выкарыстанне ваеннай сілы?
2307-2310
Выкарыстанне ваеннай сілы маральна апраўданае пры адначасовай наяўнасці наступных умоў: упэўненасць, што страты будуць доўгачасовыя і сур’ёзныя; безвыніковасць усялякай мірнай альтэрнатывы; верагодная магчымасць поспеху; адсутнасць большага зла, улічваючы моц сучасных сродкаў знішчэння.

484. Каму пры пагрозе вайны належыць дакладна ацаніць наяўнасць гэтых умоў?
2309
Гэта павінны разважліва ацаніць кіраўнікі, якія маюць таксама права абавязваць грамадзян да нацыянальнай абароны; пры гэтым павінна захоўвацца асабістае права грамадзян адмовіцца ад узброенай барацьбы і выбраць іншую форму служэння чалавечай супольнасці.

485. Чаго патрабуе маральны закон у выпадку вайны?
2312-2314
2328
Маральны закон дзейнічае заўсёды, нават у выпадку вайны. Ён патрабуе гуманнага абыходжання з мірным насельніцтвам, з параненымі жаўнерамі і палоннымі. Наўмысныя дзеянні, якія супярэчаць правам людзей, а таксама загады, якія змушаюць да іх, з’яўляюцца злачынствамі. Іх не апраўдвае сляпая паслухмянасць. Трэба асуджаць як найцяжэйшы грэх масавыя знішчэнні, а таксама вынішчэнне народу ці этнічнай меншасці: існуе маральны абавязак аказваць супраціўленне такім загадам.

486. Што неабходна рабіць, каб пазбегнуць вайны?
2315-2317
2327-2330
Неабходна рабіць усё, што разумнае і магчымае, каб любым чынам пазбегнуць вайны, улічваючы зло і несправядлівасць, якія яна прыносіць. Асабліва неабходна пазбягаць гонкі ўзбраення і гандлю зброяй, які не рэгламентаваны належным чынам правамоцнымі ўладамі; несправядлівасці, асабліва эканамічнай і грамадскай; этнічнай і рэлігійнай дыскрымінацыі; зайздрасці, падазронасці, пыхі і духу помсты. Усё, што робіцца для таго, каб выключыць гэтыя і іншыя непарадкі, дапамагае будаваць спакой і пазбягаць вайны.


ШОСТАЯ ЗАПАВЕДЗЬ: НЕ ЧУЖАЛОЖ

487. Які абавязак мае асоба адносна сваёй сэксуальнай тоеснасці?
2331-2336
2392-2393
Бог стварыў чалавека мужчынам і жанчынай з аднолькавай асабістай годнасцю, у якую ўпісаў пакліканне да любові і супольнасці. Кожны павінен успрымаць сваю сэксуальную тоеснасць, усведамляючы яе важнасць для ўсёй асобы, яе адметнасць і камплементарнасць.

488. Што такое чыстасць?
2337-2338
Чыстасць — гэта пазітыўная інтэграцыя сэксуальнасці ў асобе. Сэксуальнасць становіцца сапраўды чалавечай, калі яна належным чынам уключана ў міжасабовыя адносіны. Чыстасць — гэта маральная цнота, Божы дар, ласка, плён Духа Святога.

489. Чаго патрабуе цнота чыстасці?
2339-2341
Яна патрабуе панавання над сабой, што з’яўляецца выражэннем чалавечай свабоды, накіраванай на дар самога сябе. Для гэтага неабходна інтэгральнае і пастаяннае выхаванне, якое здзяйсняецца на этапах паступовага развіцця.

490. Якія сродкі дапамагаюць жыць у чыстасці?
2340-2347
Існуюць шматлікія сродкі: Божая ласка, сакрамэнтальная дапамога, малітва, пазнанне сябе, практыка аскезы адпаведна розным сітуацыям, практыкаванне маральных цнотаў, асабліва цноты ўстрымання, якая кіруе пачуццямі праз розум.

491. Якім чынам усе пакліканы жыць у чыстасці?
2348-2350
2394
Усе, наследуючы Хрыста, узор чыстасці, пакліканы жыць у чыстасці адпаведна ўласнаму жыццёваму стану: адны — жывучы ў дзявоцтве ці ў кансэкраваным цэлібаце, якія даюць магчымасць найбольш лёгкага прысвячэння сябе Богу непадзельным сэрцам; іншыя, жывучы ў сужэнстве, ажыццяўляюць сужэнскую чыстасць; нежанатыя і незамужнія практыкуюць чыстасць ва ўстрыманні.

492. Якія галоўныя грахі супраць чыстасці?
2351-2359
2396
Існуюць грахі, якія сур’ёзна супярэчаць чыстасці, кожны паводле натуры ўласнага прадмету: чужаложства, мастурбацыя, блуд, парнаграфія, прастытуцыя, гвалт, гомасэксуальныя ўчынкі. Гэтыя грахі з’яўляюцца праяўленнем заганы пажадлівасці. Такія дзеянні, учыненыя з малалетнімі, з’яўляюцца яшчэ больш сур’ёзным замахам супраць іх фізічнай і маральнай інтэгральнасці.

493. Чаму шостая запаведзь, хоць кажа толькі: «не чужалож», забараняе ўсе грахі супраць чыстасці?
2336
Хоць у біблійным тэксце Дэкалогу напісана «не чужалож» (Зых 20, 14), Традыцыя Касцёла цалкам трымаецца маральных навучанняў Старога і Новага Запавету і лічыць, што шостая запаведзь ахоплівае ўсе грахі супраць чыстасці.

494. Які абавязак грамадзянскіх улад адносна чыстасці?
2354
Грамадзянскія ўлады, паколькі яны абавязаны падтрымліваць шанаванне годнасці асобы, павінны садзейнічаць стварэнню асяроддзя, якое б спрыяла захаванню чыстасці, нават забараняючы адпаведнымі законамі развіццё вышэйназваных пагрозаў для яе, каб абараніць перш за ўсё малалетніх і больш слабых.

495. Якія даброты сужэнскай любові, якой падпарадкавана сэксуальнасць?
2360-2361
2397-2398
Даброты сужэнскай любові, якая для ахрышчаных асвячана сакрамэнтам сужэнства, наступныя: адзінства, вернасць, непарыўнасць і адкрытасць на плоднасць.

496. Якое значэнне мае сужэнскі акт?
2362-2367
Сужэнскі акт мае падвойнае значэнне: яднанне (узаемнае дарэнне сужэнцаў адно аднаму) і пракрэацыя (адкрытасць на перадаванне жыцця). Ніхто не павінен парушаць пажаданую Богам непарыўную сувязь паміж двума значэннямі сужэнскага акту, выключаючы адно або другое.

497. Калі маральна дазволена рэгуляванне плоднасці?
2368-2369
2399
Рэгуляванне плоднасці, што з’яўляецца адным з аспектаў адказнага бацькоўства і мацярынства, аб’ектыўна адпавядае маральнасці, калі здзейснена сужэнцамі без знешняга ўмяшальніцтва і не з-за эгаізму, а па сур’ёзных прычынах і метадамі, якія адпавядаюць аб’ектыўным крытэрыям маралі, гэта значыць з дапамогай перыядычнага ўстрымання і выкарыстання перыядаў няплоднасці.

498. Якія сродкі для рэгулявання плоднасці амаральныя?
2370-2372
Па сутнасці, амаральнае кожнае дзеянне (напр., непасрэдная стэрылізацыя або кантрацэпцыя), якое ці ў прадбачанні сужэнскага акту, ці падчас яго здзяйснення, ці падчас развіцця яго натуральных наступстваў было скіравана ці служыла сродкам супраць зачацця.

499. Чаму штучная інсемінацыя і штучнае апладненне амаральныя?
2373-2377
Яны амаральныя, бо аддзяляюць нараджэнне ад акту, у якім сужэнцы ўзаемна аддаюць сябе адно аднаму, і ўстанаўліваюць такім чынам перавагу тэхнікі над паходжаннем і над лёсам чалавечай асобы. Больш за тое, гетэралагічная інсемінацыя і апладненне з выкарыстаннем тэхналогій, якія далучаюць іншую асобу да сужэнскай пары, парушаюць права дзіцяці на нараджэнне ад бацькі і маці, вядомых яму, якія звязаныя між сабой у сужэнстве і маюць выключнае права стаць бацькамі толькі адно праз аднаго.

500. Як належыць успрымаць дзіця?
2378
Дзіця — гэта дар Божы, найвялікшы дар сужэнства. Дзіця не можа быць уласнасцю («мець дзіця любым коштам»). Існуе права дзіцяці быць плодам сужэнскага акту сваіх бацькоў, а таксама права быць шанаваным як асоба ад моманту свайго зачацця.

501. Што могуць рабіць сужэнцы, калі не маюць дзяцей?
2379
У выпадку, калі дар дзіцяці не быў дадзены, сужэнцы, вычарпаўшы ўсе дазволеныя медыцынскія сродкі, могуць праявіць сваю велікадушнасць праз апякунства або ўсынаўленне, або здзяйсняючы значныя паслугі на карысць бліжняга. Такім чынам яны рэалізуюць каштоўную духоўную пладавітасць.

502. Што парушае годнасць сужэнства?
2380-2391
2400
Чужаложства, развод, палігамія, інцэст, свабодны саюз (сужыццё, канкубінат), сэксуальны акт да сужэнства або па-за сужэнствам.


СЁМАЯ ЗАПАВЕДЗЬ: НЕ КРАДЗI

503. Пра што кажа сёмая запаведзь?
2401-2402
Яна кажа пра ўсеагульнае прызначэнне і размеркаванне дабротаў, пра прыватную ўласнасць і пашану асобаў і іх дабротаў, пра інтэгральнасць стварэння. Касцёл будуе на гэтай запаведзі таксама сваё сацыяльнае вучэнне, якое датычыць справядлівых паводзінаў у эканамічнай дзейнасці, у грамадскім і палітычным жыцці; права і абавязку чалавека працаваць; справядлівасці і салідарнасці паміж народамі; любові да бедных.

504. Пры якіх умовах існуе права на прыватную ўласнасць?
2403
Права на прыватную ўласнасць існуе пры ўмове, што яна была набыта ці атрымана справядлівым чынам, і што захоўваецца першаснае ўсеагульнае прызначэнне дабротаў для задавальнення асноўных патрэбаў усіх людзей.

505. Якая мэта прыватнай уласнасці?
2404-2406
Мэта прыватнай уласнасці — забеспячэнне свабоды і годнасці асобы; яна дапамагае асобе задаволіць свае асноўныя патрэбы і патрэбы тых, за каго мы адказваем, а таксама тых, хто знаходзіцца ў патрэбе.

506. Што загадвае сёмая запаведзь?
2407
2450-2451
Сёмая запаведзь загадвае шанаваць даброты іншых, практыкуючы справядлівасць і любоў, устрыманасць і салідарнасць. Асабліва яна патрабуе выканання дадзеных абяцанняў і заключаных дамоў; выпраўлення ўчыненай несправядлівасці і вяртання скрадзенага; шанавання інтэгральнасці стварэння праз разважлівае і стрыманае карыстанне мінеральнымі, расліннымі і жывёльнымі рэсурсамі свету, асабліва тымі, якім пагражае знікненне.

507. Як чалавек павінен ставіцца да жывёлаў?
2416-2418
2457
Чалавек павінен прыхільна ставіцца да жывёлаў, Божых стварэнняў, пазбягаючы як празмернай любові да іх, так і неўмеркаванага карыстання імі, асабліва дзеля навуковых эксперыментаў, якія выходзяць па-за межы разважлівасці і прычыняюць жывёлам непатрэбныя пакуты.

508. Што забараняе сёмая запаведзь?
2408-2413
2453-2455
Сёмая запаведзь забараняе перш за ўсё крадзеж, гэта значыць набыццё дабротаў іншых насуперак разважлівай волі ўладальніка. Крадзяжом з’яўляецца таксама: выплата несправядлівых заробкаў; спекуляцыя дабротамі дзеля сваёй карысці і на шкоду іншым; падробка квіткоў ці рахункаў. Сёмая запаведзь забараняе, акрамя гэтага, здзяйсняць падатковыя ці гандлёвыя падманы, дабравольна прычыняць шкоду грамадскай ці прыватнай уласнасці. Забараняе таксама ліхвярства, карупцыю і злоўжыванне грамадскай уласнасцю, дрэннае выкананне працы, марнатраўства.

509. Які змест сацыяльнага вучэння Касцёла?
2419-2423
Сацыяльнае вучэнне Касцёла з’яўляецца арганічным развіццём праўды Евангелля аб годнасці чалавечай асобы і аб яе сацыяльным вымярэнні. Яна прапануе прынцыпы разважлівасці, фарміруе крытэрыі ацэнкі, падае нормы і напрамкі дзеянняў.

510. Калі Касцёл удзельнічае ў вырашэнні грамадскіх пытанняў?
2420
2458
Касцёл удзельнічае, даючы маральную ацэнку, у вырашэнні эканамічных і грамадскіх пытанняў, калі гэта неабходна з увагі на асноўныя правы асобы, агульнае дабро ці збаўленне душ.

511. Як павінна здзяйсняцца грамадскае і эканамічнае жыццё?
2459
Яно павінна здзяйсняцца паводле яго ўласных метадаў у межах маральнага парадку і служыць чалавеку ва ўсёй яго інтэгральнасці і ўсёй чалавечай супольнасці з захаваннем грамадскай справядлівасці. Чалавек павінен быць яго творцам, цэнтрам і мэтай.

512. Што супрацьстаіць сацыяльнаму вучэнню Касцёла?
2424-2425
Сацыяльнаму вучэнню Касцёла супрацьстаяць эканамічныя і грамадскія сістэмы, якія парушаюць асноўныя правы асобы або робяць з нажывы выключную норму ці канчатковую мэту. Таму Касцёл адкідае ідэалогіі, звязаныя ў наш час з «камунізмам» ці з атэістычнымі і таталітарнымі формамі «сацыялізму». Больш за тое, у практыцы «капіталізму» Касцёл адкідае індывідуалізм і абсалютную першаснасць права рынку над чалавечай працай.

513. Якое значэнне мае для чалавека праца?
2426-2428
2460-2461
Праца для чалавека з’яўляецца абавязкам і правам, дзякуючы ёй чалавек супрацоўнічае з Богам Стварыцелем. Сапраўды, працуючы старанна і паводле сваёй кампетэнцыі, чалавек актуалізуе здольнасці, закладзеныя ў яго натуру, усхваляе дары Стварыцеля і атрыманыя таленты, утрымлівае сябе самога і сваіх блізкіх, служыць чалавечай супольнасці. Акрамя таго, з ласкі Божай праца можа быць сродкам асвячэння і супрацоўніцтва з Хрыстом дзеля збаўлення іншых.

514. На якую працу мае права кожная асоба?
2429
2433-2434
Доступ да бяспечнай і сумленнай працы павінен быць адкрыты для ўсіх, без ніякай дыскрымінацыі, з захаваннем свабоднай эканамічнай ініцыятывы і справядлівага заробку.

515. Якая адказнасць дзяржавы ў сферы працы?
2431
Дзяржава павінна забяспечваць надзейныя гарантыі індывідуальнай свабоды і ўласнасці і, акрамя таго, грашовую стабільнасць і існаванне дзейсных сацыяльных службаў; яна павінна сачыць за захаваннем правоў чалавека ў эканамічнай сферы і кіраваць імі. У залежнасці ад абставінаў, дзяржава павінна дапамагаць грамадзянам знаходзіць працу.

516. Які абавязак маюць кіраўнікі прадпрыемстваў?
2432
Кіраўнікі прадпрыемстваў нясуць экалагічную і эканамічную адказнасць за сваю дзейнасць. Яны павінны мець на ўвазе дабро людзей, а не толькі павелічэнне прыбыткаў, нават калі гэта неабходна для забеспячэння інвестыцый, будучыні прадпрыемства, занятасці і добрага развіцця эканамічнага жыцця.

517. Якія абавязкі маюць працаўнікі?
2435
Яны павінны выконваць сваю працу сумленна, кампетэнтна і аддана, стараючыся вырашыць магчымыя супярэчнасці праз дыялог. Прымяненне мірнай забастоўкі маральна дазволена, калі яна неабходна як сродак, з улікам прапарцыянальнай карысці, а таксама агульнага дабра.

518. Як ажыццяўляецца справядлівасць і салідарнасць паміж нацыямі?
2437-2441
На міжнародным узроўні ўсе народы і інстытуцыі павінны дзейнічаць паводле прынцыпу салідарнасці і субсідыярнасці, каб выключыць ці прынамсі зменшыць беднасць, няроўнасць рэсурсаў і эканамічных сродкаў, эканамічную і грамадскую несправядлівасць, эксплуатацыю людзей, назапашванне даўгоў беднымі краінамі, заганныя механізмы, якія перашкаджаюць развіццю слабаразвітых краін.

519. Якім чынам хрысціяне ўдзельнічаюць у палітычным і грамадскім жыцці?
2442
Свецкія вернікі прымаюць непасрэдны ўдзел у палітычным і грамадскім жыцці, напаўняючы хрысціянскім духам зямную рэчаіснасць і супрацоўнічаючы з іншымі як сапраўдныя сведкі Евангелля, міратворцы і абаронцы справядлівасці.

520. Чым натхняецца любоў да бедных?
2443-2449
2462-2463
Любоў да бедных чэрпае натхненне з Евангелля благаслаўленняў і з прыкладу Езуса, Яго пастаяннай увагі да бедных. Езус сказаў: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Любоў да бедных ажыццяўляецца праз змаганне з матэрыяльнай беднасцю, а таксама са шматлікімі формамі культурнага, маральнага і рэлігійнага ўбоства. Учынкі міласэрнасці, якія датычаць душы і цела бліжняга, а таксама шматлікія дабрачынныя інстытуцыі, што ўзніклі на працягу стагоддзяў, з’яўляюцца канкрэтным сведчаннем прыярытэтнай любові да бедных, якая характарызуе вучняў Езуса.


ВОСЬМАЯ ЗАПАВЕДЗЬ: НЕ СВЕДЧЫ ФАЛЬШЫВА

521. Якія абавязкі мае чалавек адносна праўды?
2464-2470
2504
Кожны чалавек пакліканы быць шчырым і праўдзівым у дзеяннях і словах. Кожны мае абавязак шукаць праўду і трымацца яе, упарадкоўваючы ўсё сваё жыццё згодна з патрабаваннямі праўды. У Езусе Хрысце Божая праўда выяўляецца цалкам, бо Ён ёсць Праўдай. Хто наследуе Езуса, той жыве ў Духу праўды і пазбягае фальшу, прытворства і крывадушнасці.

522. Як даецца сведчанне аб праўдзе?
2471-2474
2505-2506
Хрысціянін павінен сведчыць аб евангельскай праўдзе ва ўсіх сферах сваёй публічнай і прыватнай дзейнасці, нават, калі неабходна, ахвяраваць сваё жыццё. Мучаніцтва — гэта найвышэйшае сведчанне аб праўдзе веры.

523. Што забараняе восьмая запаведзь?
2475-2487
2507-2509
Восьмая запаведзь забараняе:
фальшывае сведчанне, непраўдзівую клятву, хлусню, цяжкасць якой вызначаецца праўдай, якую яна скажае, абставінамі, намерамі таго, хто хлусіць, і шкодай, якая прычынена ахвярам;
паспешнае суджэнне, абгаворы, знеслаўленне, паклёп, якія змяншаюць або знішчаюць добрую рэпутацыю і годнасць, на якія кожная асоба мае права;
ліслівасць, угодніцтва або паслужлівасць, асабліва скіраваныя на здзяйсненне цяжкіх грахоў ці на здабыванне незаконнай карысці.
Правіна, учыненая супраць праўды, патрабуе выпраўлення нанесенай іншым людзям шкоды.
524. Чаго патрабуе восьмая запаведзь?
2488-2492
2510-2511
Восьмая запаведзь патрабуе павагі да праўды, што суправаджаецца разважлівай любоўю: у камунікацыі і перадачы інфармацыі, якія павінны браць пад увагу асабістае і агульнае дабро, абарону прыватнага жыцця, нябеспеку згаршэння; у захаванні прафесійных таямніц, што павінна заўсёды выконвацца, акрамя выключных выпадкаў з-за сур’ёзных і адпаведных прычын. Восьмая запаведзь патрабуе таксама захавання таямніц, давераных пад сакрэтам.

525. Як трэба выкарыстоўваць сродкі масавай камунікацыі?
2493-2499
2512
Перадаваемая інфармацыя павінна служыць агульнаму дабру, а па сваім змесце заўсёды павінна быць праўдзівай і — пры захаванні справядлівасці і любові — таксама поўнай. Больш за тое, яна павінна быць годнай і прыстойнай, павінна дакладна захоўваць маральны закон, легітымныя правы і годнасць асобы.

526. Якая сувязь існуе паміж праўдай, прыгажосцю і сакральным мастацтвам?
2500-2503
2513
Праўда прыгожая сама па сабе. Яна мае бляск духоўнай прыгажосці. Акрамя слоў існуюць шматлікія формы выказвання праўды, галоўным чынам у мастацкіх творах. Яны з’яўляюцца плёнам дадзенага Богам таленту і намаганняў чалавека. Сакральнае мастацтва, каб быць праўдзівым і прыгожым, павінна нагадваць і праслаўляць таямніцу Бога, аб’яўленага ў Хрысце, і весці да адарацыі і любові да Бога Стварыцеля і Збаўцы, найвышэйшай прыгажосці Праўды і Любові.


ДЗЕВЯТАЯ ЗАПАВЕДЗЬ:
НЕ ПАЖАДАЙ ЖОНКI БЛIЖНЯГА ТВАЙГО

527. Чаго патрабуе дзевятая запаведзь?
2514-2516
2528-2530
Дзевятая запаведзь патрабуе перамагаць цялесную пажадлівасць у думках і жаданнях. У барацьбе супраць гэтай пажадлівасці патрэбна ачышчэнне сэрца і практыкаванне цноты ўстрыманасці.

528. Што забараняе дзевятая запаведзь?
2517-2519
2531-2532
Дзевятая запаведзь забараняе патураць думкам і жаданням, якія звязаныя з дзеяннямі, забароненымі шостай запаведдзю.

529. Як дасягнуць чыстасці сэрца?
2520
Пры дапамозе Божай ласкі і праз змаганне з неўпарадкаванымі жаданнямі ахрышчаны дасягае чыстасці сэрца праз цноту і дар чыстасці, яснасць намераў, знешнюю і ўнутраную чысціню позірку, панаванне над пачуццямі і ўяўленнямі, а таксама праз малітву.

530. Чаго яшчэ патрабуе чыстасць?
2521-2527
2533
Чыстасць патрабуе сарамлівасці, якая, захоўваючы інтымнасць асобы, выяўляе далікатнасць цнатлівасці, кіруе позіркамі і жэстамі, каб яны адпавядалі годнасці асобаў і іх адносінаў. Чыстасць вызваляе ад распаўсюджанага эратызму і дапамагае трымацца здалёк ад усяго, што спрыяе нездаровай цікаўнасці. Яна патрабуе таксама ачышчэння грамадскага асяроддзя праз пастаянную барацьбу з уседазволенасцю звычаяў, якая грунтуецца на памылковай канцэпцыі свабоды чалавека.


ДЗЕСЯТАЯ ЗАПАВЕДЗЬ: НЕ ПАЖАДАЙ НIЧОГА,
ШТО НАЛЕЖЫЦЬ БЛIЖНЯМУ ТВАЙМУ

531. Чаго патрабуе і што забараняе дзесятая запаведзь?
2534-2540
2551-2554
Гэтая запаведзь, якая дапаўняе папярэднюю, патрабуе паставы шанавання чужой уласнасці і забараняе хцівасць, неўпарадкаваную прагнасць адносна дабротаў іншых асобаў і зайздрасць, якая выяўляецца ў смутку з-за дабротаў іншых і ў вялікім жаданні завалодаць імі.

532. Чаго патрабуе Езус, кажучы пра ўбоства сэрца?
2544-2547
2556
Ад сваіх вучняў Езус патрабуе, каб яны аддавалі перавагу Яму перад усім і ўсімі. Адмаўленне ад багацця — у духу евангельскага ўбоства — і даручэнне сябе Божаму Провіду, які вызваляе нас ад неспакою перад заўтрашнім днём, падрыхтоўвае да шчасця «ўбогіх духам, бо ім належыць Валадарства Нябеснае» (Мц 5, 3).

533. Якое найбольшае жаданне чалавека?
2548-2550
2557
Найбольшае жаданне чалавека — бачыць Бога. Гэта крык усёй яго сутнасці: «Я хачу бачыць Бога!» Чалавек ажыццяўляе сваё сапраўднае і поўнае шчасце ў бачанні і ў шчасці таго, хто стварыў яго з любові і прыцягвае да сябе сваёй бясконцай любоўю.

«Той, хто бачыць Бога, дасягнуў усіх дабротаў, якія можна ўявіць» (св. Грыгорый Назіянзскі).
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.