Падчас сустрэчы духавенства і кансэкраваных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая праходзіла 13 сакавіка 2014 г. у парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў, што адбудзецца агульнабеларуская пілігрымка з усіх дыяцэзій Беларусі на Святую Зямлю на асвячэнне абраза Маці Божай Будслаўскай. Асвячэнне запланавана на 28 чэрвеня.
У пілігрымку адправяцца ў агульнай колькасці 1000 чалавек, вылет з Мінска адбудзецца ў розныя дні, пачынаючы з 21 чэрвеня. Праграма вылету і знаходжання на Святой Зямлі распрацавана так, каб 28 чэрвеня ўсе сустрэліся разам у Назарэце. "Для ўсіх нас вельмі важна, каб гэта быў благаслаўлёны час для
нашых вернікаў і нашай зямлі, - адзначае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у звароце да кожнага святара Беларусі з нагоды пілігрымкі. - Скарыстаем жа з гэтага дару ласкі ў нясенні святла і радасці нашай веры, дапаможам нашым парафіянам прыняць удзел у гэтым".
Святая Зямля - гэта зямля, якую сам Бог абяцаў свайму абранаму народу, на якой гадаваў свой народ, як сваіх любімых, але часта непаслухмяных дзяцей; зямля, якую Бог абраў зямным домам для свайго Адзінароднага Сына, зямля, па якой хадзіў Сын Божы, на якой Ён чыніў цуды, аздараўляў людзей, навучаў любові; зямля, якая стала алтаром, на якім здзейсніліся прароцтвы, здзейснілася збаўленне. Пілігрымка на Святую Зямлю мае назву "Па слядах Езуса", таму што падчас падарожжа ўдзельнікі наведаюць усе найбольш важныя месцы ў жыцці Езуса Хрыста: Бэтлеем, Назарэт, Гару Благаслаўленняў, Кану, Гару Табор, Ерыхон і Ерузалем. Праграма пілігрымкі з'яўляецца свайго роду вандроўкай у часе і на рубяжы эпох, у месцы, вядомыя са Святога Пісання. Такім чынам пілігрымы правядуць гэтае падарожжа нібыта разам з Езусам, наведваючы месцы, важныя для Яго і для вернікаў.
Пілігрымка стане шансам прайсці там, дзе хадзіў Езус, малітвай у рэжыме нон-стоп, жывым Евангеллем. Арганізатары запрашаюць дакрануцца да святыні.
Запісацца ў пілігрымку можна да 25 мая 2014 г.
Неабходныя ўмовы:
- Анкета ўдзельніка. Калі ласка, уважліва запоўніце яе. Уся інфармацыя мае важнае значэнне.
- Зрабіць копію пашпарта (апошніх старонак з фота)
- Страхаванне паездкі. Кожны павінен асабіста застрахаваць сябе ў любым страхавым агенцтве на ўвесь тэрмін падарожжа.
- Авансавы плацёж для ўдзелу ў пілігрымцы. Той, хто хоча прыняць удзел, павінен заплаціць аванс 400 долараў ЗША
- Агульны кошт - 870 долараў. Без дадатковых збораў.
Арганізатар пілігрымкі - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія.
Адказны за пілігрымку - кс. Раман Факсінскі, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве.
Можна запісацца на пілігрымку па электроннай пошце:
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
,
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
Даведкі і падрабязная інфармацыя пра пілігрымку па тэлефонах:
+375 29 355 68 60 - кс. Раман +375 44 534 84 12 – Валерый +375 29 744 69 25 – Валерый +375 29 344 15 48 – Галіна Праграма пілігрымкі
Дзень 1: Мінск- Тэль-Авіў
Збор у зале вылету Нацыянальнага аэрапорта “Мінск”. Вылет з Мінска. Прылёт у Тэль-Авіў. Прыбыццё ў аэрапорт Бэн-Гурыён. Пашпартны кантроль і мытня. Заезд у гатэль на вячэру і начлег. Бэтлеем.
Дзень 2: Бэтлеем - Эйн Карэм – Ерузалем
Бэтлеем. Пераход на св. Імшу ў базыліку св. Кацярыны Александрыйскай. Наведванне Храма Нараджэння Езуса, Малочны грот. Поле пастухоў, дзе Анёл наведаў пастухоў і паведаміў ім аб нараджэнні Езуса, Капліца Анёлаў. Эйн Карэм. Пераезд ў Эйн-Карэм – месца нараджэння Яна Хрысціцеля і Адведзінаў Паннай Марыяй святой Альжбеты – базыліка Наведзінаў. Пераезд у Кнэсет – ізраільскі сучасны парламент, менора. Начлег у Бэтлееме.
Дзень 3: Ерузалем
Наведванне Аліўнай гары – назіральная пляцоўка. Прагулка да касцёла Домінус Флевіт (Пан плакаў), касцёл Pater Noster (Ойча наш). Гетсіманія - прагулка шляхам Пальмовай нядзелі, а затым наведваннне Гетсіманскага саду і Касцёла ўсіх нацый, "Базыліка Агоніі ". Начлег у Бэтлееме.
Дзень 4: Ерузалем
Сіён хрысціянскі - Пераезд на гару Сіён. Наведванне Вячэрніка, Базыліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе Маці Божая жыла да канца свайго зямнога існавання. Пераход на магілу цара Давіда і ў касцёл св. Пятра ў Галліканту, базыліка Святога Гроба Пана, Віа Далароза, “Сцяна Плачу”. Вольны час для пакупак у кіёсках старога горада.Начлег у Бэтлееме.
Дзень 5: Бэтанія над Ярданам - Мёртвае мора – Бэтлеем
Выезд у Бэтанію. Імша ў касцёле Лазара, Марты і Марыі. Праезд праз Юдэйскую пустыню на раку Ярдан да месца хросту Езуса Хрыста – магчымасць акунуцца і аднавіць хрышчэнне. Ерыхон – панарама гары Спакусаў, крыніца Елісея, смакоўніца Закхея. Мёртвае мора. Купанне на Мёртвым моры. Начлег у Бэтлееме.
Дзень 6: Кейсарыя прыморская - Кармэль - Назарэт – Кана
Прыморская Кейсарыя – горад Ірада Вялікага, рымскі тэатр і акведукт, Гара Кармэль - Храм Маці Божай Зоркі мора і грот прарока Іллі. Гара Табор – базыліка Перамянення Пана. Кана Галілейская – аднаўленне шлюбных абяцанняў. Базыліка Звеставання і касцёл Св. Юзафа. Начлег у Назарэце.
Дзень 7: Гара Благаслаўленняў - Табха – Галілея
Гара Благаслаўленняў - святыня ў гонар Нагорнай пропаведзі. Табха, касцёл цудоўнага размнажэння хлеба і рыб, наведванне касцёла першынства св. Пятра, Капернаум. Возера Генэзарэт (у адпаведнасці з Вашымі пажаданнямі прагулка на караблі па возеры за дадатковую плату). На беразе Галілейскага возера магчымасць купіць абед – рыбу святога Пятра. Начлег у Назарэце.
Дзень 8: Назарэт – Урачыстасць асвячэння мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай - Яффа – аэрапорт Бэн-Гурыён
Назарэт – Урачыстасць асвячэння мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай – Базыліка Звеставання.
Пераезд ў Яффа - Наведванне касцёла св. Пятра, Стары горад, старажытныя раскопкі, дом Сымона гарбара, панарама Тэль-Авіва. Выезд ў аэрапорт Бэн-Гурыён. Пашпартны кантроль і мытня.
Дзень 9: Тэль-Авіў – Мінск
Вылет з Тэль-Авіва. Прылёт у Мінск. Пасля прылёту кожны самастойна дабіраецца да дому. (AG)
|