Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: «Святыя апосталы Пётр і Павел – крывавыя фундаменты хрысціянства» (+фота)
Беларусь
29.06.2014 20:41
Ва ўрачыстасць Святых Апосталаў Пятра і Паўла 29 чэрвеня першая група беларускіх пілігрымаў раніцою накіравалася на гару Кармэль у святыню Божай  Маці, Зоркі мора, і грот прарока Іллі.
Назву гары Кармэль паходзіць ад вінаградніка, які калісьці быў вельмі вядомы ў гэтым месцы.

Старазапаветны прарок Ілля ў гроце на гары Кармэль правёў частку свайго жыцця, баронячы Божае права. На гэтым месцы пабудаваны касцёл Божай Маці, Зоркі мора. З XIX стагоддзя тут існуе кляштар кармэлітаў, вялікіх шанавальнікаў Божай Маці. Менавіта таму тут знаходзіцца прысвечаная ёй святыня. Усе мы знаходзімся на ўсхваляваным моры нашага жыцця і Марыя, наша духоўная Маці, як марскі маяк дапамагае нам не заблукаць.
                                    
У гэты дзень Касцёл адзначае ўрачыстасць Святых Апосталаў Пятра і Паўла, з якімі вельмі цесна звязана гісторыя збаўлення. Пётр, просты галілейскі рыбак, першым вызнаў веру ў Езуса як Божага Сына. Хрыстус паставіў яго першым у сваім Касцёле, каб ён сцярог чысціню веры і ўмацоўваў яе сярод людзей. Ён таксама атрымаў ад Збаўцы ключы ад Божага Валадарства.

Павел з таго, хто пераследваў Хрыста, цудоўным чынам стаў выбраным сасудам Бога для абвяшчэння Евангелля. Ён стаў непераўзыдзеным місіянерам і абвяшчаў Евангелле ўсім людзям.

Святы Пётр прадстаўляецца ў хрысціянскай традыцыі з ключамі ад Божага Валадарства, а Павел - з мячом, бо загінуў ад мяча і навучаў, што Божае слова вастрэйшае за двухсечны меч.

І адзін і другі сваёй мучаніцкаю смерцю у той жа самы дзень, 29 чэрвеня, пацвердзілі вернасць Хрысту і Касцёлу. Пётр быў укрыжаваны ў Рыме. Па яго просьбе - галавой уніз. Гэтым жэстам ён хацеў паказаць сваю нягоднасць у параўнанні з Хрыстом, ад якога адрокся ажно тройчы. Паўлу была адсечана галава за мурамі Рыма. На тым месцы сёння знаходзіцца велічная базыліка ў яго гонар.

Пётр і Павел засноўвалі хрысціянскія супольнасці ў многіх месцах і таксама ў Рыме як сталіцы Імперыі. Хрысціянская традыцыя называе іх крывавымі фундаментамі Касцёла.

Узгадваючы святых Пятра і Паўла, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў прысутных быць сучаснымі пятрамі, якія будуць адкрыта вызнаваць веру  ў  Езуса, і паўламі, якія будуць нястомна абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова як крыніцу  веры.

На гэтым завяршылася пілігрымка першай  групы 150 беларускіх пілігрымаў у Святую Зямлю. Другая група, якая таксама складаецца са 150 чалавек, вяртаецца праз два дні.

Пілігрымка стала духоўными рэкалекцыямі і кропкай  над "i" ў святкаванні Юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Божай  Маці ў Будславе. Беларускія пілігрымы пакінулі на Святой Зямлі новы след. Гэта мазаіка Божай Маці Будслаўскай.

Такім чынам,дзякуючы мазаіцы Божай Маці Будслаўскай Святая Зямля яшчэ мацней пасля асвячэння табліцы з малітвай "Ойча наш" у Ерузалеме, злучылася з Беларуссю. Няхай гэта еднасць спрыяе ўмацаванню нашай веры і хрысціянскага сведчання.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў ўсіх пілігрымаў на сёлетнія будслаўскія ўрачыстасці, якія адбудуцца 4-5 ліпеня, каб сустрэцца з арыгіналам абраза Божай Маці Будслаўскай.

(KNR), (AYU)
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.