У Горках 19 верасня асвецяць новую капліцу: біскуп Аляксандр Яшэўскі запрашае на ўрачыстасць |
Анонсы |
15.09.2015 00:55 |
19 верасня ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках пройдзе асвячэнне новай капліцы. Удзел ва ўрачыстасці прыме дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Святая Імша з нагоды ўрачыстасці распачнецца ў 12.00 па зав. Валадарскага 8/10. У праграме парафіяльнага свята таксама сумесны пачастунак і музычная праграма, якую рыхтуе моладзь з Магілёва.
Запрашаючы на ўрачыстасць, біскуп Аляксандр Яшэўскі звярнуўся са сваім словам. «Дарагія браты і сёстры і ўсе людзі добрай волі! 19 верасня а 12-й гадзіне рыма-каталіцкая парафія Маці Божай Бялыніцкай у г. Горкі будзе перажываць прыгожую ўрачыстасць асвячэння капліцы. Гэта радасць не толькі для парафіяльнай супольнасці і жыхароў г. Горкі, але і для ўсяго Касцёла Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў яе Магілёўскай частцы», — адзначае іерарх. «Разам з пробашчам парафіі ксяндзом Андрэем Кеўлічам і парафіянамі хачу і я, як біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці, запрасіць духавенства, кансэкраваных асоб, дзяцей і моладзь, вернікаў Магілёўшчыны і ўсіх зацікаўленых на супольную малітву падзякі і радасці, што новы Дом Божы, у якім сярод нас, людзей, будзе прабываць Езус Хрыстус, будзе асвечаны. Ужо сёння просім Маці Божую адарыць сваёй апекай усіх ахвярадаўцаў і дабрачынцаў і тых, дзякуючы намаганням якіх каплічка паўстала, — дадае біскуп. — Да сустрэчы на ўрачыстасці!»
20 верасня ў Бялынічах пройдзе таксама фэст у гонар Маці Божай Бялыніцкай. Святая Імша, якую ўзначаліць біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, пачнецца ў 15.00. Чытайце таксама: |