Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Горкі: асвячэнне копіі абраза Маці Божай Бялыніцкай |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
09.12.2010 16:52 |
Паклееныя шпалерамі сцены, люстра на столі, дзве свечачкі, абразы, імшал і гостыя. У невялікую капліцу (прыстасаваны пад яе пакой дома) парафіі Маці Божай Бялыніцкай, што ў г. Горкі на ўсходзе Беларусі, кожную нядзелю прыходзіць каля дзесяці вернікаў. І калі зусім нядаўна парафію ў Горках толькі рэгістравалі, то 8 снежня 2010 г. тут асвячалі ўжо свой, парафіяльны абраз. Абраз, напісаны студэнтамі Акадэміі мастацтваў Насцяй Бурко і Сянам Шао, быў асвячоны падчас урачыстай святой Імшы з удзелам братоў і айцоў з ордэна кармэлітаў босых у Беларусі. …Голас арганісткі задае тон — і ўся капліца запаўняецца спевам парафіянаў. Хоць і зімна ў нятопленай капліцы, але вера грэе людзей. У гэты дзень на Імшы было людна. Чатыры лаўкі і дзясятак крэслаў — усе заняты. Сваю радасць не хавае пробашч маладой парафіі а. Юрый Находка OCD — прыйшлі не толькі парафіяне, але прыехалі і госці з Магілёва і Мінска, члены Легіёна Марыі і браты ў веры айцы кармэліты. Разам усіх — чалавек сорак… «У імя Айца, і Сына, і Духа Святога», — новапрэзбітэр а. Павел Рудзьман OCD распачынае святую Імшу ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас літургіі казанне прамовіў а. Казімір Мараўскі OCD, кусташ санктуарыя Маці Божай Гудагайскай. Святар нагадаў вернікам пра цуд беззаганнага зачацця Панны Марыі, які Бог учыніў: «Ад беззаганнага зачацця Марыі распачынаецца выкананне Божага плану. Дзякуем Богу Айцу, што стварыў Марыю чыстай, святой і беззаганнай, — падкрэсліў святар. — Грэшныя, мы знаходзімся, можна сказаць, у вязніцы, закрытыя на ключ. Ніхто не мае ключа, каб адчыніць дзверы. Таму павінен прыйсці хтосьці звонку, каб зрабіць гэта. І гэта — Езус. Ён прыходзіць, каб нас вызваліць. Збіраючыся ў гэты ўрачысты дзень разам з анёламі і святымі, каб асвяціць абраз Маці Божай, мы даём пачатак жыццю парафіі. Каб абраз дапамагаў нам, тым, хто прыйшоў сюды сёння, і тым, хто яшчэ прыйдзе сюды. Дапамагаў верыць і маліцца да Маці Божай. А праз яе заступніцтва да Пана Бога». …Урачыстая святая Імша скончылася. Але вернікі яшчэ заставаліся ў капліцы. Некаторыя з іх, укленчыўшы перад абразом, шаппталі словы святой малітвы, дзякуючы Богу кожны за сваё. Але адна з падзяк была супольнай — з гэтага часу ў парафіі ёсць копія аднаго з найцудоўнейшых абразоў Беларусі. Калісьці Бялынічы, дзе ў свой з’явіўся час абраз, называлі беларускай Чэнстаховай. Сюды ішлі вернікі з усіх куткоў беларускай зямлі прасіць паратунку ў Маці Божай. Сёння Маці Божая Бялыніцкая «жыве» і ў Горках. Ілья Лапато
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.