Перад распачаццем Адвэнту Мітрапаліт Кандрусевіч наведаў парафіі Магілёўскай вобласці |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
30.11.2009 15:20 |
28 лістапада 2009 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў тры парафіі Магілёўскай вобласці: парафію Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла ў Чавусах, парафію Маці Божай Бялыніцкай і св. Ганны ў Горках і мсціслаўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У набажэнствах прынялі ўдзел святары Мсціслаўскага дэканату. Падчас святой Імшы ў Чавусах, якая цэлебравалася ў парафіяльным доме, Мітрапаліт у гаміліі нагадаў аб сэнсе апошняй суботы лістапада, якая з’яўляецца таксама апошнім днём літургічнага года. На парозе Адвэнту Касцёл, як адзначыў іерарх, звяртае нашу ўвагу на Панну Марыю, на яе пакорнае прыняцце Божай волі. Арцыпастыр заклікаў вернікаў на заканчэнне літургічнага года зрабіць рахунак сумлення і, углядаючыся ў прыклад Маці Божай, годна перажыць Адвэнт. Пасля святой Імшы Мітрапаліт Кандрусевіч сустрэўся з намеснікам старшыні Чавускага райвыканкама Анатолем Вінкевічам. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся магчымасці больш актыўнага супрацоўніцтва Касцёла і дзяржавы на карысць грамадства, асабліва ў галіне выхавання моладзі і духоўнай асветы. Анатоль Вінкевіч выказаў падзяку Касцёлу за перадачу раённай бібліятэцы духоўнай літаратуры, якая шырока выкарыстоўваецца і некатолікамі. Акрамя гэтага, намеснік старшыні Чавускага райвыканкама павіншаваў Мітрапаліта з 20-годдзем біскупскай сакры. |
Фотарэпартаж |