4 чэрвеня 2011 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў алтар Божай Міласэрнасці ў касцёле св. Юзафа ў Валожыне (Івянецкі дэканат). Падчас гаміліі, узгадваючы постаць апекуна Еўропы св. Баніфацыя, якога Касцёл праслаўляе ў гэты дзень, іерарх нагадаў пра Божую Міласэрнасць.
Імя «Баніфацый» у перакладзе з лацінскай мовы азначае таго, хто чыніць дабро. Як адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, самае вялікае дабро, якое чалавек атрымаў, — гэта бязмежная Божая Міласэрнасць, вяршыня якой праявілася на дрэве крыжа. Уцелаўлёны Бог — Езус Хрыстус — сваёю крыжовай смерцю і ўваскрасеннем збавіў чалавецтва. «На гэтую любоў нам трэба адказаць падобнай любоўю, якая павінна выявіцца ў любові да Бога і бліжняга», — падкрэсліў арцыпастыр.
Алтар Божай Міласэрнасці, па словах Мітрапаліта, павінен нагадваць аб Міласэрным Езусе, у якім наша надзея. Іерарх заклікаў вернікаў «найперш звяртацца са сваімі праблемамі да Бога і ў Ім пакладаць надзею, часцей маліцца каля гэтага алтара, каб даверыцца Божай Міласэрнасці, якая заўсёды дапамагае».
У гэты ж дзень па запрашэнні Мітрапаліта Каўнаскага арцыбіскупа Сігітаса Тамкявічуса Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у святой Імшы і асвячэнні помніка благаслаўлёнаму Яну Паўлу II. Помнік узнесены на тым самым месцы, дзе ў 1993 г. Вялікі Папа цэлебраваў літургію, на так званай «Сантацы», дзе рака Вілія (у Літве называецца Нерыс) упадае ў Нёман. Аўтар прыгожага помніка — польскі прафесар Чэдоў Дзвігай, і гэта яго другі помнік Яну Паўлу ІІ. Першы быў асвячоны два гады таму ў санктуарыі Маці Божай у Шылуве з нагоды 400-годдзя яе аб’яўленняў. У святой Імшы прыняў удзел таксама прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс і былы Прэзідэнт Валдзіс Адамкус. Перад набажэнствам прагучалі словы гаміліі Яна Паўла II, прамоўленай падчас памятнай Імшы у 1993 г., калі Папа заклікаў грамадзян Літвы і памежных краін не баяцца будаваць будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях. У праграме святкавання быў і мюзікл «Караль» аб жыццёвым шляху Яна Паўла II.
У наступны дзень, 5 чэрвеня, Мітрапаліт Кандрусевіч узначаліў літургію ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла ў Чавусах (Мсціслаўскі дэканат), падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам гэтай парафіі і крычаўскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
У гаміліі іерарх нагадаў аб перажываемым літургічным часе паміж Унебаўшэсцем Пана і Спасланнем Духа Святога. Як адзначыў арцыпастыр, Унебаўшэсце Хрыста, якое знамянуе сабой завяршэнне зямной дзейнасці Збаўцы, з’яўляецца святам надзеі для кожнага з нас, бо Езус увайшоў у неба, каб падрыхтаваць нам месца ў Нябесным Валадарстве. Езус таксама паабяцаў спаслаць Святога Духа, што і ўчыніў падчас Пяцідзесятніцы. «Менавіта падчас цэлебрацыі сакрамэнту канфірмацыі мы нанава перажываем Пяцідзесятніцу, бо Дух Святы сваімі дарамі ўмацоўвае людзей, як калісьці ўмацаваў апосталаў, — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Гэтая моц патрэбна, каб выканаць апошні наказ Хрыста: ісці ў свет і абвяшчаць Евангелле. Гэтая моц таксама патрэбна, каб жыць паводле Божага закону, сведчыць жыццём Евангелле і супрацьстаяць выклікам часу».
Мітрапаліт заклікаў вернікаў не баяцца адкрыць свае сэрцы на дзеянне Святога Духа, каб «захаваць хрысціянскую годнасць і выканаць ускладзеныя на нас Божым Провідам заданні».
Эўхарыстыя была ўзбагачана многімі адмысловымі каментарыямі, якія чыталі кандыдаты да канфірмацыі.
Пасля святой Імшы канфірмаваныя атрымалі Кампендыі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла і малітоўнікі «Ойча наш».
Таксама ў нядзелю Мітрапаліт Кандрусевіч сустрэўся са старшынёй Чавускага райвыканкама Анатолем Мацюліным. У ходзе сустрэчы былі абмеркаваны магчымасці супрацоўніцтва, асабліва ў галіне маральнага выхавання моладзі.
|