Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі пройдуць 7-9 мая ў Мастах (+праграма)
Анонсы
06.05.2016 23:11

7-9 мая адбудуцца Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. У гэтым годзе ўдзельнікаў будзе прымаць парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах, а таксама памежныя з ёй парафіі ў Росі, Воўпе, Мікелеўшчыне, Правых Мастах.

На Дыяцэзіяльныя дні моладзі запрашаюцца вучні школ, прафесійных навучальных устаноў, студэнты вышэйшых навучальных устаноў. Дэвіз сёлетняй сустрэчы — «Пакліканыя быць прыладамі Божай міласэрнасці».

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч заахвочвае моладзь па меры магчымасцяў прыняць удзел у сёлетніх Дыяцэзіяльных днях моладзі, якія будуць часам падрыхтоўкі перад Сусветнымі днямі моладзі ў Кракаве.

У мінулым годзе Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі праходзілі ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні. Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі бяруць свой пачатак у 1993 годзе, калі біскуп Аляксандр Кашкевіч па прыкладу Святога Айца Яна Паўла ІІ вырашыў прысвяціць асаблівую ўвагу выхаванню маладых вернікаў. Першы з’езд моладзі прайшоў у маі 1993 г., і з таго часу штогод каталіцкая моладзь з усёй дыяцэзіі збіраецца на сумесную сустрэчу і малітву.

Падрабязную інфармацыю наконт удзелу можна будзе атрымаць у сваіх пробашчаў і душпастыраў моладзі.

Праграма Дыяцэзіяльных дзён моладзі:


7 мая

  • 15.00 – рэгістрацыя і рассяленне 
  • 18.00 – прывітанне ўдзельнікаў і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту 
  • 18.30 – святая Імша  
  • 20.00 – вячэра (пры касцёле) 
  • 20.40 – канферэнцыя «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць» 
  • 21.10 – канцэрт  
  • 22.15 – вячэрняя малітва і благаслаўленне. Раз’езд у парафіі на начлег

8 мая

  • 9.00 – ранішнія малітвы ў парафіях 
  • 10.30 – катэхеза ў катэхезах (праца ў групах на тэму ўчынкаў міласэрнасці для душы і цела)
  • 12.00 – вынікі катэхез 
  • 13.00 – святая Імша 
  • 14.30 – абед
  • 15.30 – Вяночак да Божай Міласэрнасці 
  • 15.45 – прэзентацыя моладзевых груп і размова з цікавымі людзьмі  
  • 18.00 – вячэра (пры касцёле) 
  • 19.30 – эўхарыстычная адарацыя і сакрамэнт пакаяння
  • 21.00 – канцэрт 
  • 22.15 – вячэрняя малітва і благаслаўленне. Раз’езд у парафіі на начлег

9 мая

  • 9.00 – ранішнія малітвы ў парафіях 
  • 10.30 – святая Імша 
  • 11.30 – канцэрт праслаўлення. Заканчэнне 

Умовы ўдзелу:

 

  • узрост ад 16 гадоў (для малодшых неабходны старэйшы апякун)
  • рэлігійныя намеры
  • абавязкова спальнік і дыванок
  • сродкі гігіены і рэкамендаваныя лекі
  • абавязкова ўласныя кубак, лыжка і міска
  • асабісты ўзнос 30 000 руб. (існуе магчымасць вызвалення ад узносу)

Пробашч парафіі павінен вызначыць адказнага за групу (маб. тэл. і ўзрост), а таксама прадставіць дакладны спіс удзельнікаў (імя, прозвішча, узрост, населены пункт).

Падчас удзелу ў сустрэчы будзе магчымасць прадставіць прэзентацыю сваёй групы на тэму «Мы прылады Божай Міласэрнасці» (5-7 хвілін).

Паведаміць аб удзеле групы неабходна да 30 красавіка:  

  • у Мастах – ксяндзу Віктару Ханько (маб. тэл. 8029 586 39 16)
  • у Гродне – ксяндзу Антонію Грэмзу (0152 740 07 34; маб. тэл. 8029 632 43 73)
  • у Ваўкавыску – ксяндзу Дзмітрыю Леўчыку (маб. тэл. 8029 285 83 50)

Прыезд і ад’езд – уласным транспартам, аўтобусамі і цягніком.

Святароў біскуп Аляксандр Кашкевіч просіць абвясціць аб Дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі падчас нядзельных аб’яў на працягу некалькі тыдняў (10.04; 17.04, 24.04), каб як мага больш моладзі магло даведацца аб сёлетняй сустрэчы.

«Маладых людзей, зацікаўленых удзелам, трэба пазнаёміць з умовамі ўдзелу і дапамагчы дабрацца на сустрэчу. Асабліва прашу дапамагчы дабрацца моладзі з тых парафіі, якая не мела магчымасці ўдзелу ў сустрэчах моладзі ў папярэднія гады», — дадае біскуп.

Чытайце таксама:



(AG), (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.