Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ХХІІ Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Смаргоні – «набліжэнне да Касцёла, каб зірнуць на яго прыгажосць»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.05.2015 22:55

1 мая ў Смаргоні пачаліся XXII Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. На запрашэнне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча адказалі амаль дзве тысячы маладых людзей, што прыбылі з усёй дыяцэзіі і з іншых дыяцэзій Беларусі.

Усіх удзельнікаў ХХІI Дыяцэзіяльных дзён моладзі прывітаў душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза, выказаўшы маладым вернікам словы падзякі за адвагу, якая прывяла іх на сустрэчу ў Смаргонь, каб прысвяціць гэтыя дні Богу. Гаспадаром сустрэчы з’яўляецца парафія, у якой нясе служэнне салезіянская сям’я св. Яна Боско – святары і законныя сёстры.

Сустрэча пачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Моладзь малілася Ларэтанскай літаніяй. Адбылася Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які таксама звярнуўся з гаміліяй.

Быць прыгожай кветкай


Звяртаючыся да моладзі, біскуп адзначыў: «Радасць Уваскрасення Хрыста ўжо каторы год мы абвяшчаем, сабраўшыся на Дыяцэзіяльных днях моладзі. Мы збіраемся тут, каб быць разам, каб размаўляць, маліцца, адчуць біццё іншага сэрца, бо ў еднасці сіла».

«Дарагая моладзь, сёння вашы сэрцы палаюць, вашы вусны гатовы крычаць на ўвесь гэты прыгожы горад Смаргонь, які мае сваю гісторыю, сваю мэту і прыгажосць, але які не быў бы, каб не было веруючых людзей – католікаў,  і праваслаўных. Таму мы сабраліся тут, каб быць разам і быць бліжэй да Хрыста»,– сказаў іерарх.
 
«Вакол мы бачым вясну, абуджэнне жыцця, першыя кветкі – радасць і надзею. Абуджаецца і наша моладзь: у гэты час арганізатары Дзён моладзі збіраюць вас разам, каб вы маглі адчуць моц Езуса Хрыста»,– дадаў біскуп.
 
«Гэтыя Дні моладзі – набліжэнне нас да Касцёла, каб мы зірнулі на тую прыгажосць Каталіцкага Касцёла, да якога належым. Трэба таксама адчуць і ўбачыць сябе ў гэтай прыгажосці і дзяліцца ёю адзін з адным. Трэба бачыць і цаніць тых, якія былі перад намі, а сёння падтрымліваюць гэтую нашу сустрэчу малітвай. Тым, хто зараз у сіле, у росквіце, трэба памятаць і пра тых, хто рыхтуецца стаць на ногі веры. Каб не здарылася так, што мы не ўбачым, не дацэнім і не распазнаем адзін аднаго, а будзем думаць толькі пра сябе – што толькі я важны, што зараз мой час«»,– заўважыў іерарх.
 
«На пачатку гэтых Дзён моладзі нам трэба прасіць Святога Духа аб Яго ласцы, каб мы былі на нашай зямлі, у нашай любай Беларусі, той кветкай, якая не толькі дае прыгажосць, але і адпавядае рэчаіснасці. Важна, каб сёння мы зразумелі, палюбілі адзін аднаго. Нам трэба вучыцца любові адзін да аднаго – і аб гэтым будзем прасіць у гэтыя Дні моладзі»,– падкрэсліў біскуп.

Мець чыстае сэрца


Канферэнцыю на тэму «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8) прамовіў да моладзі кс. Ян Раманоўскі, новапрызначаны дырэктар інтэрнэт-партала grodnensis.by. Святар спытаўся ў маладых людзей, ці хочуць яны быць шчаслівымі, і пастараўся даць ім рэцэпт на сапраўднае шчасце.

«Калі ў жыцці чалавека праблемы, патрэбны доктар – Езус, які хоча вылечыць нашыя сэрцы і зрабіць іх чыстымі»,– зазначыў святар.

Ксёндз Ян Раманоўскі звярнуў увагу на чатыры важныя рэчы: «чысціню ўчынкаў», «чысціню вачэй», «чысціню слоў», і на тое, што «толькі чыстае сэрца ўмее па-сапраўднаму любіць Бога і іншага чалавека».

Святар заахвоціў моладзь дбаць аб чысціні сэрца і сваіх намераў. «Вочы – гэта Божы дар, таму трэба цаніць свой позірк і вочы. Бог дае вочы, каб мы глядзелі на свет і бачылі яго прыгажосць», – адзначыў кс. Ян Раманоўскі.

Мова, па словах святара, з’яўляецца тым, што дапамагае навязваць або разбураць кантакт з іншым чалавекам.


Святар адзначыў, што сёння вельмі часта для маладога чалавека цела становіцца таварам. «Кожны хоча быць сёння шчаслівым, хоча мець добрую жонку, добрага мужа, таму трэба памятаць, як важна берагчы дар цнатлівасці, якую дае нам сам Пан», – дадаў кс. Ян Раманоўскі.

«Ад кожнага з нас залежыць, буду я прыгожым замкам, у які можа ўвайсці толькі выбраны чалавек, альбо халупай, у якую будзе заходзіць кожны, часам адчыняючы дзверы нават нагамі, пакідаючы там смецце»,– заўважыў святар.

У першы дзень сустрэчы моладзі Гродзенскай дыяцэзіі адбыўся таксама Канцэрт праслаўлення, які падрыхтаваў гурт «LAUDANS». Mаладыя ўдзельнікі сустрэчы правялі канец яе першага дня радасна, у атмасферы музыкі і танцаў. Забавы працягваліся да позняга вечара.

Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі будуць доўжыцца да 3 мая.


Cёлетнія Дыяцэзіяльныя дні моладзі прысвечаны словам благаслаўленняў Езуса «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8).

Дыяцэзіяльныя дні моладзі бяруць пачатак у 1993 годзе, калі біскуп Аляксандр Кашкевіч па прыкладу Святога Айца Яна Паўла ІІ вырашыў прысвяціць асаблівую ўвагу выхаванню маладых вернікаў. Першы з’езд адбыўся ў маі 1993 г., і з той пары штогод каталіцкая моладзь з усёй дыяцэзіі збіраецца на сумесную сустрэчу і малітву.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.