Летняя школа касцёльнага спеву адбудзецца 15-20 жніўня ў Браславе |
Анонсы |
11.07.2016 11:55 |
15 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе распачнецца летняя школа касцёльнага спеву. Яна будзе працягвацца пяць дзён.
У праграме летняй школы — пастаноўка голасу для харыстаў і кантараў, супольны харавы спеў, тэорыя і практыка касцёльнага спеву, гісторыя касцёльнай музыкі (факультатыўна). Калектыў выкладчыкаў летняй школы ўзначальвае старшыня секцыі касцёльнай музыкі Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і галоўны арганіст мінскай архікатэдры Уладзімір Неўдах. Прыняць удзел у летняй школе запрашаюцца парафіяльныя хары, вакальныя групы і ўсе, каму падабаецца касцёльны спеў і музыка. Узрост удзельнікаў неабмежаваны, музычная адукацыя неабавязковая. Музыкантам трэба мець з сабой музычныя інструменты. Як зарэгістравацца? Кошт удзелу складае 30 дэнамінаваных рублёў. Да 10 жніўня ўсім, хто хоча прыняць удзел у летняй школе, трэба даслаць запоўненую анкету на Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . Таксама анкету можна выслаць на адрас парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (211970 Віцебская вобл., г. Браслаў, вул. Савецкая, 1). Тэлефон для даведак: +375 21 536 52 36 (кс. Станіслаў Мжыглуд SDS, пробашч: +375 29 710 50 37, арганістка Іна Сапун: +375 29 715 73 42). Пра што не забыцца? Рэгістрацыя ўдзельнікаў распачнецца 15 жніўня ў будынку насупраць касцёла ад 15.00. Пачатак заняткаў а 17-й гадзіне. У 19.00 — урачыстая святая Імша. Удзельнікі атрымаюць неабходны нотны матэрыял. Арганізатары забяспечваюць начлег і харчаванне, але просяць мець з сабой спальнік. Таксама ўдзельнікаў просяць мець ноты любімых касцёльных спеваў. Таксама аб’яўлены конкурс на напісанне лепшай песні ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў. Кульмінацыяй тыдня касцёльных заняткаў стане спеў падчас святой Імшы 20 жніўня на галоўнай урачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў. |