Кожная — Марыі спадарожная. Гэлена Грамыка: «Хачу зрабіць выбар і застацца ў Божай любові» |
У месяц Марыі — жанчыны свету, якая дала і дае найпрыгажэйшы прыклад жыцця для кожнай жанчыны, — на нашым партале выходзіць праект «Кожная — Марыі спадарожная». У гэтым праекце мы пазнаёмім з гісторыямі 5 дзяўчат і жанчын Каталіцкага Касцёла, якія ідуць сцяжынай хрысціянскага жыцця. Многіх з іх чытачы маглі неаднаразова бачыць у святыні, на працы, ва ўніверсітэце, у краме, у транспарце ці на вуліцы… У гэтым матэрыяле прадстаўляем размову з Гэленай Грамыка, актыўнай хрысціянкай з Мінска, вялікай аматаркай «Школы хрысціянскага жыцця». Гісторыя каталіцтва і досвед веры ў сям’і — Наша маці — вось і носьбіт нашай веры, — кажа Гэлена, дадаючы: — У маёй мамы традыцыйная каталіцкая сям’я з-пад Івянца. А вось тата паходзіць з праваслаўнай сям’і, але да шлюбу не быў ахрышчаны. Калі гаварыць пра першыя крокі ў Касцёле… Маці прыгадала, што, калі яна прывяла мяне ў касцёл, то я бегала і сваволіла, а калі бабулі пачалі рабіць заўвагі, то сцішылася і пачала цалаваць кожна абраз. «І пасля той хвіліны, — сказала мама, — для цябе касцёл быў заўсёды такім важным». Таму гэта мама прывяла мяне з братам у касцёл, у якім мы і засталіся. Канешне, у касцёле ёсць і было тады шмат акцый для дзяцей і моладзі, якія проста запрашаюць застацца. Першая Камунія, гітара, спеў, моладзевыя сустрэчы і пытанне: а што далей? Спачатку Першая Камунія, а потым мяне прыцягнула гітара. Я ўбачыла дзяўчыну, якая грае на гітары, яна пачала браць мяне спяваць разам. Гэтая дзяўчына — Юля Фралова. Я глядзела на яе і разумела, што так хачу навучыцца спяваць, а ў нашай сям’і ні ў каго не было музычных здольнасцяў. Зараз я разумею, што тое, што я спяваю, — гэта Божы дар для мяне. Бог споўніў маё жаданне дзяцінства. Проста даў мне дар, бо я не маю музычнай адукацыі, не ведаю нот, але, між тым, я спяваю – раблю тое, што Яму падабаецца, і падабаецца людзям, падабаецца мне.
Пасля гітары былі моладзевыя сустрэчы, а потым прыйшоў той момант, калі я ўжо мела шмат ведаў пра Бога і шмат моладзі з маёй кампаніі пачало адыходзіць, і мне трэба было зразумець: а што ж далей? Гэтае пытанне – а што далей? — усе больш трымалася ў галаве, і я не ведала адказу на яго. Якраз у той час я пазнаёмілася са святаром а. Аляксандрам Жарнасекам. Я добра памятаю тую Імшу, якую ён цэлебраваў. Я памятаю тое месца ў лаўцы, дзе я сядзела. Я ўважліва слухала гамілію, і кожнае яго слова ўнутры мяне ўсё пераварочвала. Тады я зразумела, што Бог — гэта не проста веды, Бог — жывы. Ужо потым я паехала на рэкалекцыі, на школу хрысціянскага жыцця, на "Вінаграднік", пачала прымаць удзел там, дзе бачыла людзей, якія не былі да мяне падобныя, якія не былі выхаваны ў каталіцкіх акцыях; іншых, не падобных да мяне людзей, але вельмі жывых.
Яшчэ я зразумела, што Бог заўсёды трымаў мяне пры сабе. У мяне не было моманту адыходу, за што я бязмерна Яму ўдзячна. — Можа быць, Бог нездарма трымае цябе пры сабе, можа, у Яго маецца свой план? Так ужо склалася, што, разважаючы пра будучыню, каталіцкая моладзь, вельмі часта выбірае паміж некалькімі дарогамі: альбо служэння ў сям’і, альбо служэння ў святарстве ці манастве... — Так, безумоўна, я пра гэта думаю. І гэта нармальна. Бо, калі ты спазнаеш Божую любоў, Божую ласку, то ты адчуваеш, што не можаш гэтага трымаць. Гэта больш за цябе, яно пераўзыходзіць тваё сэрца, і ты не можаш жыць звычайным жыццём, спазнаючы гэтую праўду. Хочацца чагосьці большага. Таму, магчыма, і былі мае пошукі жывога Бога. Ён дакрануўся да мяне асабіста і пакінуў пры сабе, таму і не было ў мяне крызісу веры. — Калі сябры адыходзілі ад веры, ты не спрабавала іх затрымаць, спыніць? — Калі так здаралася, у мяне не атрымлівалася прыводзіць аніякіх аргументаў, каб іх стрымаць. У мяне часта здараецца такое, што я не магу выказаць словамі тое, што ў мяне на сэрцы. І калі я нешта кажу, то адзінае, што магу вымавіць: «Ведаеш, Бог цябе любіць». У гэты момант на мяне глядзяць здзіўленыя вочы і я ўсведамляю, што гэтыя словы чалавек можа зразумець толькі тады, калі ён сам адчуе гэтую любоў Бога. Калі былі адыходы людзей, то магу сказаць, што гэтыя асобы хутчэй за ўсё расчароўваліся ў нейкай касцёльнай структуры альбо ў канкрэтных людзях, альбо проста не прынялі Божую любоў. Кожны раз гэта было канкрэтнае здарэнне. У выпадку, калі людзі сыходзяць з Касцёла, расчараваўшыся ў людзях, то я кажу: гэта толькі людзі, а Бог зусім іншы. Прыклад жанчыны, вобраз жанчыны
— Першы прыклад жанчыны — гэта маці, якая прывяла цябе да Бога. А іншыя жанчыны, якімі табе хочацца захапляцца, браць прыклад, — якія яны? Хто ўвасабляе для цябе вобраз жаноцкасці? — Спачатку гэта была мая катэхетка Марыйка. Мяне заўсёды здзіўляла яе самаадданасць, вялікая любоў, цярпенне. Яна падрыхтоўвала мяне якраз да Першай Камуніі. У мяне заўсёды ўзнікала пытанне: «Як у яе хапае цярпення на такую колькасць дзяцей?» У падлеткавым узросце, калі я сябравала з манахінямі, яны былі для мяне такім прыкладам жаноцкасці. Зараз для мяне шмат такіх прыкладаў — у першую чаргу мая маці, манахіні, з якімі я сябрую па сённяшні дзень, шмат дзяўчат, маіх сябровак, якія выйшлі замуж і маюць дзетак, я адкрываю іх з іншага боку, якога раней не ведала, і праз усё гэта адкрываю сябе. Назіраю за сабою, як раскрываецца мая сутнасць як жанчыны ў складаных здарэннях асабістага жыцця. Калі здараецца штосьці балючае, то я яшчэ больш адчуваю, як дзейнічае «гэтая вар’яцкая Божая любоў». У гэтыя хвіліны я адчуваю, наколькі моцна мяне любіць Бог, мае для мяне свой план, мае на гэта час, паказвае, наколькі я прыгожая. Бог не дае мне тое, што вельмі хочацца, бо ведае, што ў гэты момант гэта не будзе для майго дабра: мая задача проста вытрымаць. У такія складаныя хвіліны мая мама заўважае часам, што я яшчэ больш квітнею, але так не заўсёды, бо бываюць розныя цяжкасці, якія я перамагаю, а ёсць тыя, што перамагаюць мяне. — А як ты адкрыла Маці Божую ў сваім жыцці? — Я памятаю момант, калі ў мяне ўзнікла моцнае жаданне маліцца да Маці Божай. І да гэтага часу я люблю Ружанец і стараюся маліцца ім штодня. Малітва ў маім жыцці – мая зброя, часам я проста бягу да Пана, хоць бегчы зусім не лёгка. Былі такія часы, што я малілася чатыры часткі Ружанца, не адчуваючы, што губляю час, а часам і адну частку прымушаю сябе. Адкрыццё Маці Божай у мяне звязана з пазнаваннем сваёй жаноцкасці. Я Яе адкрыла не проста як Маці Бога, але яшчэ і як маю Маці. І зараз Яна працягвае мне адкрывацца, бо я пазнаю сябе – і пазнаю адначасова і Яе. Марыя для мяне і як Маці Бога, і як жанчына, і як сямейны вобраз. І я зараз проста малюся, каб Бог мяне падрыхтаваў да службы: сямейнай ці манаскай. Я малюся да Марыі, каб Яна дала мне сапраўды жаночае сэрца. — Калі Бог падрыхтаваў цябе да сям’і, то ты маеш пэўныя слупы — прынцыпы, на якіх яна павінна трымацца? — Для мяне важна тое, каб для майго будучага мужа Бог быў настолькі важны, наколькі Ён важны і для мяне. Адны жаданні, каб падабацца Пану Богу, жаданні да святасці. Бо ў мяне ёсць жаданне падабацца Богу, а калі ў яго такога жадання не будзе, то я не змагу гэтага споўніць. Каб не стаяла пытанне малітвы ў маёй сям’і. Вельмі хочацца быць у адным духу, мець падобныя накірункі ў выхаванні дзяцей, падобныя погляды на супольны час прабывання і, канешне, каб было сапраўднае каханне. Ды хто гэтага не хоча! Пра працу: «месца працы — гэта месца твайго развіцця» — Жанчына і кар’ера, жанчына і праца: наколькі гэта гарманічна і спалучальна? — Па-першае, я сваю працу вельмі люблю (Рэд.: Гэлена працуе ў фірме, якая замаўляе дэталі для БЕЛАЗаў). І ў мяне яшчэ не паўставала такога пытання выбару: сям’я ці праца? Я ведаю, што для маіх сябровак, якія вельмі актыўныя, адмовіцца ад такога стылю жыцця — вельмі цяжка. Я таксама вельмі актыўная і думаю, што і для мяне гэта будзе вельмі цяжка. Аднак я па прафесіі эканаміст, і гэта не тая праца, якой я не змагу ахвяраваць дзеля сям’і. Сям’я для мяне на першым месцы. Між тым, мне падабаюцца жанчыны, якія цікавяцца яшчэ чым-небудзь. Якія разнастайныя, а не толькі «засяроджаныя» на сям’і. Мне падабаюцца такія жанчыны, бо праз сваю разнастайнасць яны навучаць многаму сваіх дзяцей, перададуць сваім дзецям любоў да мастацтва, да культуры, да музыкі, вельмі добрай і якаснай, і таксама да веры. Буду старацца дзецям прывіць любоў да працы. Паказаць, што трэба выконваць працоўныя заданні дасканала, бо месца працы — гэта месца твайго развіцця, евангелізацыі, з дапамогай чаго ты забяспечваеш сваю сям’ю фінансава, што таксама вельмі істотна. — Жанчына павінна быць разнастайнай. А чым ты сама захапляешся і цікавішся? У касцёле цябе ведаюць як дзяўчыну, якая прыгожа спявае. Спеў — гэта твае крылы. А што яшчэ акрыляе і падабаецца? — Музыка мяне вельмі цікавіць. Я яе пазнаю, шукаю розныя напрамкі, розныя інструменты. З-за таго, што я не маю музычнай адукацыі, я чытаю шмат у інтэрнэце, даведваюся пра розныя практыкаванні для голасу і спеву. (Рэд.: Апрача музыкі Гэлена адкрыла скарб чытання.) Шчыра кажучы, я палюбіла чытаць кнігі пазней, не калі трэба, а калі хочацца. Упітваю, як губка, шмат кніжак як мастацкіх, так і духоўных. Таксама люблю тэатры, канцэрты. Люблю бавіць час з сябрамі і ездзіць на ровары. Вельмі люблю вандроўкі. Апошняе падарожжа было на сустрэчу Тэзэ, але не прайшло шмат часу — і я еду ў падарожжа ізноў — у Меджугор’е і якраз у месяц Марыі! — Як лічыш, што патрэбна для адраджэння беларускай сям’і, каб яна была моцнай? — Найперш, каб сям’я паставіла на першае месца ў сваім жыцці Езуса. Таксама, каб быў не проста грамадзянскі шлюб, а шлюб у Касцёле. Важна, каб у сям’і, калі веруючым з’яўляецца толькі адзін з сужэнцаў, другі не забараняў практыкаваць веру. Каб была талерантнасць, павага нават у дробных рэчах, павага да культуры, мовы, усведамленне сваёй нацыянальнай адметнасці, праз гэта пэўны спосаб паводзін. Напрыклад, нацыянальную ідэю ў нашай сям’і развівала маці, прывівала любоў да культуры. І хоць мая мама працуе выкладчыкам эканомікі, Бог даў ёй такі дар, што яна малюе прыгожа без адукацыі. Мама адкрыла гэты дар яшчэ ў маладым узросце. У свой час збіралася паступаць на архітэктурны факультэт, але не дазволілі бацькі. Таксама памятаю яе выцінанкі, яшчэ не сустракала прыгажэйшых. Слова пра сяброўства — Сярод маіх сяброў ёсць і веруючыя, і няверуючыя. Напрыклад, я падтрымліваю сяброўства з аднакласніцамі з першага класа. Нас чацвёра. І яны праваслаўныя. Я заўсёды віншую іх са святамі. — Што галоўнае ў сяброўстве? — Усе жанчыны любяць шмат размаўляць. Гэта праўда (Рэд.: смяецца). Між тым з маімі школьнымі сяброўкамі мы працуем у абсалютна розных сферах: адна — урач, другая — журналіст, трэцяя робіць мацярынскія платы. Калі мы збіраемся, то мы проста дзелімся сваім жыццём. Я маю таксама шмат сябровак-каталічак, з якімі мы вельмі блізкія па духу, таксама можам шмат чым падзяліцца, але гэта ўжо іншае дзяленне, больш глыбокае, з досведу веры. Сяброўства — гэта заўсёды пэўны спосаб падтрымкі адзін аднаго. — Ці існуе сяброўства паміж мужчынам і жанчынай? — Раней я думала, што так. Але зараз лічу, што не. Хіба што калі і мужчына, і жанчына маюць свае сем’і, а іх аб’ядноўваюць нейкія агульныя інтарэсы. Іначай не. — Якія ў цябе імкненні і мары на будучуню? — Мне ў гэтым годзе 27. І я хачу зрабіць канкрэтны крок да майго паклікання: ці да манаскага, ці да сямейнага. Але ў згодзе з Нябеснай Канцылярыяй. Хочацца сур’ёзна служыць Богу праз музыку, на больш прафесійным узроўні. Прыслухоўваюся да свайго сэрца, чаго хачу я і ці згодна гэта з Божай воляй. — Якое крэда твайго жыцця зараз? — На дадзены момант свайго жыцця я вельмі моцна адкрыла Божую любоў. І для мяне зараз важна, каб яе не згубіць. Таму зараз я хачу выбраць, і застацца ў Божай любові. Матэрыялы з гэтай рубрыкі: |