Пастырскі ліст на Божае Нараджэнне 2003 года Пана |
13.07.2009 13:29 | ||
Штогод у гадавіну святой Бэтлеемскай Начы мы збіраемся перад сімвалічнаю і традыцыйнаю стаенкаю, каб схіліць галовы і ўшанаваць пакладзенае ў яслях Божае Дзіця, каб нанава перажыць збаўчую таямніцу Уцелаўлёнага Слова, Езуса Хрыста. Як у часавай прасторы ўжо 20 стагоддзяў, так і ў тэрытарыяльнай прасторы ўжо ўсяго зямнога шара постаць Езуса Хрыста ўвайшла ў гісторыю чалавецтва як уцелаўлёнага Сына Божага, які здзейсніў адкупленне роду людскога праз сваю смерць на крыжы на Галгофе і праз сваё ўваскрэсенне. Кангрэгацыя Веравучэння выдала (6 жніўня 2000 г.) зацверджаную і ўзаконеную Папам Янам Паўлам ІІ Дэкларацыю «Dominus Iesus» аб адзінасці і збаўчай паўсюднасці Езуса Хрыста і Касцёла. Дэкларацыя звяртаецца да дактрыны, выкладзенай у ранейшых дакументах Настаўніцкага Інстытута Касцёла з намерам пацвердзіць ісціны, якія складаюць спадчыну веры Касцёла. Таму слушна і збавенна, каб менавіта мы, маючы перад вачыма бэтлеемскую стаенку, а ў ёй утоеную таямніцу ўцелаўлення Слова Божага, умацоўвалі сябе ў вызнаванні Езуса Хрыста праз доказы, узятыя з гэтай Дэкларацыі. Перадусім трэба моцна верыць у тое, што ў таямніцы Езуса Хрыста, уцелаўлёнага Сына Божага, які ёсць «дарогаю, праўдаю і жыццём» (гл. Ян 14, 6), заключана аб’яўленне паўнаты Божай праўды: «Ніхто не ведае Сына апроч Айца; і Айца не ведае ніхто апроч Сына і таго, каму Сын хоча адкрыць» (гл. Мц 11, 27). Другі Ватыканскі Сабор, верны Божаму слову, навучае: «Найглыбейшая ж праўда пра Бога і пра збаўленне чалавека яснее нам праз гэтае аб’яўленне ў асобе Хрыста, які ёсць адначасова пасрэднікам і паўнатою ўсяго аб’яўлення... Таму Езус Хрыстус, Уцелаўлёнае Слова, чалавек да людзей пасланы, абвяшчае слова Божае і здзяйсняе справу збаўлення, якую Айцец даверыў Яму выканаць. Таму Той, якога калі хтосьці бачыць, бачыць таксама і Айца (гл. Ян 14, 9), усёю сваёю прысутнасцю і з’яўленнем праз словы і ўчынкі, праз знакі і цуды, асабліва ж праз смерць сваю і поўнае хвалы змёртвыхпаўстанне, а ўрэшце праз спасланне Духа праўды, аб’яўленне давёў да канца. Такім чынам, хрысціянскі план збаўлення, як новы і канчатковы запавет, ніколі не перапыніцца, і не трэба ўжо спадзявацца ні на якое новае публічнае аб’яўленне перад хвалебным прыйсцем Пана нашага Езуса Хрыста. Таму энцыкліка «Redemptoris missio» нагадвае Касцёлу пра заданне абвяшчаць Евангелле як паўнату праўды: «У гэтым канчатковым Слове свайго Аб’яўлення Бог даў Сябе пазнаць найбольш поўна: Ён сказаў чалавецтву, кім Ён ёсць. Гэта канчатковае самааб’яўленне Бога – асноўны матыў, дзеля якога Касцёл «ёсць місійны па сваёй прыродзе». Ён не можа не абвяшчаць Евангелля, гэта значыць паўнаты праўды, якую Бог даў нам пазнаць пра самога сябе». Толькі аб’яўленне Езуса Хрыста ўводзіць у нашу гісторыю універсальную і канчатковую праўду аб тым, што ў Езусе Хрысце здзейснілася поўнае і канчатковае аб’яўленне збаўчай таямніцы Бога. Таму словы, учынкі і цэлая гістарычная падзея Езуса, хоць і абмежаваныя як людская рэчаіснасць, аднак маюць суб’ектам Божую Асобу ўцелаўлёнага Слова, сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека. Таму маюць у сабе канчатковае і поўнае аб’яўленне збаўчых шляхоў Бога, хоць глыбіня таямніцы Божай сама ў сабе застаецца невычэрпнаю. Таму вера дамагаецца прызнання, што Слова, якое сталася целам, ва ўсёй сваёй таямніцы, што здзяйсняецца ад уцелаўлення да ўслаўлення, ёсць сапраўднаю крыніцаю і дапаўненнем усялякага збаўчага аб’яўлення Бога чалавецтву. Адэкватным адказам на Божае аб’яўленне ёсць паслухмянасць веры, праз якую чалавек па вольнай волі ўвесь давяраецца Богу, аказваючы поўную пакорнасць розуму і волі Богу аб’яўляючаму, і добраахвотна прызнаючы аб’яўленне, Ім дадзенае. Паслухмянасць веры прадугледжвае прыняцце праўды Хрыстовага аб’яўлення, пацверджанага Богам, каторы ёсць самою Праўдаю. Значыць, трэба рашуча вызнаваць навуку веры, якая абвяшчае, што гэта Езус з Назарэта, Сын Марыі – і толькі Ён – ёсць Сынам і Словам Айца. Слова, якое было напачатку ў Бога, ёсць тым самым, якое сталася целам. У Езусе, Сыне Бога жывога, «жыве ўся поўня Боства цялесна» (гл. Клс 2, 9). Ён – Адзінародны Бог, што ва ўлонні Айца, Яго ўмілаваны Сын, у якім мы маем адкупленне – дараванне грахоў. Адназначныя азначэнні паасобных Сабораў Каталіцкага Касцёла, якія вызнаюць, што ёсць адзін і той самы Сын, Пан наш Езус Хрыстус, дасканалы ў Бостве і дасканалы ў чалавечнасці, сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек, адзінасутны нам, што датычыць чалавечнасці. Перад вякамі з Айца народжаны як Бог, у акрэсленыя ж часы дзеля нас і дзеля нашага збаўлення нарадзіўся як чалавек з Панны Марыі, Багародзіцы. На гэту тэму адназначна выказаўся Папа Ян Павел ІІ: «Езус – Уцелаўлёнае Слова, адна і непадзельная Асоба. Хрыстус – гэта не хто іншы, як Езус з Назарэта. Гэты ж ёсць Словам Божым, якое сталася чалавекам для збаўлення ўсіх». Настаўніцкі Інстытут Касцёла, верны Божаму аб’яўленню, пацвярджае, што Езус Хрыстус ёсць паўсюдным пасрэднікам і адкупіцелем: «Бо Слова Божае, праз якое ўсё сталася, само сталася целам дзеля таго, каб збавіць усіх і ўсё ў сабе паяднаць. Ён – Той, каго Айцец ўваскрасіў з мёртвых, узвялічыў і пасадзіў праваруч сябе, устанаўляючы Яго суддзёю жывых і памерлых. Гэтае збаўчае пасрэдніцтва прадугледжвае таксама адзінасць збаўчай ахвяры Хрыста, найвышэйшага і вечнага Святара». Такім чынам, мы хочам рашуча вызнаваць як праўду каталіцкай веры тое, што паўсюдная збаўчая воля Бога ў Тройцы Адзінага была споўнена раз і назаўсёды ў таямніцы ўцелаўлення, смерці і змёртвыхпаўстання Сына Божага, Езуса Хрыста. Пачынаючы ад першых вызнаўцаў Езуса, Яго постаць мае такую збаўчую вартасць, што толькі Ён, як уцелаўлёны Сын Божы, па загаду Айца і ў моцы Духа Святога праз сваю смерць на крыжы і ўваскрэсенне прынёс Божае аб’яўленне і жыццё ўсяму чалавецтву і кожнаму чалавеку. У гэтым сэнсе можна і трэба сцвердзіць, што Езус Хрыстус мае асаблівае і адзінае, толькі Яму ўласцівае, выключнае, паўсюднае і абсалютнае значэнне і вартасць для роду людскога і ягонай гісторыі. Менавіта гэтая выключнасць Езуса Хрыста дазваляе выкарыстаць у адносінах да Яго славутыя словы з Апакаліпсіса: «Я – Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец» (гл. Ап 22, 13). Падагульняючы доказы Кангрэгацыі Веравучэння аб адзінасці і збаўчай паўсюднасці Езуса Хрыста, шчыра падзякуем Божаму Дзіцяці за Яго нараджэнне ў бэтлеемскай стаенцы, і адначасова пакажам нашу ўмацаваную веру ў Слова, якое сталася целам, каб здзейсніць справу адкуплення і збаўлення роду людскога. Няхай поўня благаславення ўцелаўлёнага Сына Божага, Езуса Хрыста, сыдзе на дарагіх майму сэрцу вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Кардынал Казімір Свёнтэк,
Aрцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі |
||
Адноўлена 13.07.2009 13:30 |