Калядныя і Навагоднія пажаданні Пастыра Віцебскай дыяцэзіі |
13.07.2009 13:31 |
“О Зорка Бэтлеему, засвяці на небе маім. Так шукаю Цябе сярод ночы, прагну святла Твайго”. Умілаваныя ў Пане, Браты і Сёстры! Разгараецца над светам Зорка, абвяшчаючы надыход Эмануэля, што застанецца з намі як “Бог з намі”, Даўцам супакою і Крыніцаю радасці. Зорка звястуе прыход Пана ўсім людзям на зямлі, як вернікам, так і тым,хто не верыць у Яго. Гэта вялікая радасць, якая ўжо больш дзвюх тысяч гадоў апраменьвае ўсю зямлю. Радасць, якая ахоплівае і нашу дыяцэзіяльную супольнасць, што 13 кастрычніка 2004 г. будзе адзначаць пяцігоддзе свайго існавання. Віцебская дыяцэзія была ўтворана рашэннем Святога Айца Яна Паўла ІІ 13 кастрычніка 1999 года і ўключае ў сябе тэрыторыю Віцебскай вобласці. Пяць гадоў нашай дыяцэзіі – невялікі, але разам з тым значны юбілей. З’яўляецца ён нагодаю для падзякі Богу за Яго прысутнасць сярод нас, у нашых сэрцах, дамах і сем,ях, у супольнасцях парафіяльных. У год юбілею прагнем падзякаваць Хрыстусу за кожнага каплана,кожную сястру і брата законнага, кожнага клерыка і за кожнага з Вас, Сястра і Брат. Відавочным знакам нашай удзячнасці Богу будзе асвячэнне новых святыняў у Шуміліне і Наваполацку, асвячэнне адбудаваных касцелаў ва Ушачах і Відзах. Капліцы ў Бярозаўцы. Супольнай вялікай радасцю стануць капланскія пасвячэнні ў траўні ў Глыбокім. Дарагія мае Дыяцэзыяне! Няхай Міласць, што нарадзілася ў Бэтлееме больш 2000 год таму, падтрымлівае Вашу Веру і надзею на лепшае ў Новым 2004 годзе і ўзмоцніць Вас, каб Вы з радасцю спявалі разам з анёламі: ”Хвала Богу на вышынях, а на зямлі супакой людзям добрай Волі. Няхай гэты спеў будзе гімнам удячнасці за пяць гадоў існавання Віцебскай дыяцэзіі і за ўсё добрае, што здзейснілася цягам тых пяці гадоў у нашых парафіях і сем’ях. Каханым Капланам, Сёстрам законным і ўсім Вернікам Віцебскай дыяцэзіі на радаснае святкаванне Народзінаў Пана і шчаслівыя дні Новага Года ўдзяляю пастырскае Благаславенне. + Уладыслаў Блін
Біскуп Віцебскі |
Адноўлена 13.07.2009 13:32 |