Пастырскі ліст на Божае Нараджэнне 2005 года |
13.07.2009 15:04 | |
«Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася» (Лк 2, 15) «А Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14)
У гэтую святую Бэтлеемскую Ноч адбылася доўгачаканая сустрэча чалавека з Богам. Для таго, каб належным чынам зразумець і адпаведна ацаніць гэтую сустрэчу, неабходна вярнуцца да часу стварэння чалавека, калі Творца пасяліў яго ў раі, дзе чалавек мог не толькі сустракацца з Богам, але і бачыць Яго твар у твар. На жаль, гэты благаслаўлёны час сустрэчы чалавека з Богам працягваўся не вельмі доўга. Па нашэптванні д’ябла чалавек парушыў Божую забарону пазнання дабра і зла і, у якасці пакарання, быў выгнаны з раю, такім чынам страціўшы прывілей сустракацца з Богам і непасрэдна прабываць з Ім. Для чалавека распачаліся доўгія гады, цэлыя стагоддзі зямнога жыцця ў аддаленасці ад Бога — усемагутнага Творцы, магутнага Валадара, суровага Пана. Праўда, за дабро, за змену да лепшага Бог быў літасцівы да чалавека і прабачаў яго, благаславіў яму, але за новыя адступленні, за грахі ізноў сурова караў. Але ж у сэрцы чалавека пастаянна жыла туга па сустрэчы з Богам, па прабыванні з Ім. Аднак калі чалавек усё больш аддаляўся ад Бога, калі замест пашаны адзінага, сапраўднага Творцы чалавек аддаваўся ідалапаклонству, Бог у сваёй адвечнай дабрыні і любові да сваіх стварэнняў вырашыў спаслаць на зямлю свайго Сына, каб адкупіць чалавечы род, каб навярнуць людзей да сапраўднай веры, каб прымірыцца з чалавекам. «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1–2). «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). І вось дзве тысячы гадоў таму назад «Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14). Якім жа дзіўным было прыйсце на зямлю Сына Божага, гэтая сустрэча Бога з чалавекам! Здавалася б, што Сыну Божаму больш пасавала б нарадзіцца ў царскім палацы, а пазней — прыняць уладу і Божай моцай наладзіць ва ўсім свеце парадак, угрунтаваны на Божым праве. Аднак Бог абраў цалкам іншы спосаб прыйсця на зямлю. Святы Лука вельмі сцісла апісвае гэтую найвялікшую з падзей, якія калі-небудзь адбываліся на зямлі: «... надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе» (Лк 2, 6–7). Сярод тых, хто акружаў Дзіцятка Езуса ў бэтлеемскай стайні, не было магутных гэтага свету, а былі толькі пакорная Марыя, убогі Юзаф, некалькі наёмных пастухоў і пара жывёлінаў. А нованароджаны Сын Божы? Ён ляжаў у яслях, бездапаможна варушыў ручкамі, чакаў матчынага малака і час ад часу плакаў ад холаду. Толькі спеў анёлаў «дакументаваў» таямніцу прыйсця Божага Сына на зямлю. Так выглядала сустрэча Бога з чалавекам. Таямніца Божага Нараджэння ў сваім глыбокім вымярэнні з’яўляецца надзвычайнай сустрэчай чалавека з Богам і Бога з чалавекам на працягу гісторыі чалавецтва. У Бэтлееме Юдэйскім распачалася найпрыгажэйшая гісторыя перакрыжавання шляхоў Бога і чалавека: стары свет граху і новы свет ласкі, любоў і прымірэнне дасягаюць найбольшай блізкасці, што адкрывае новую перспектыву гісторыі чалавека і свету. Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, у біяграфію кожнага чалавека, каб выбавіць нас з няволі граху, каб мы нанава «ад Бога нарадзіліся» (пар. Ян 1, 13), сталіся братамі Яго Сына і Яго ўсыноўленымі дзецьмі. У Бэтлееме сустракаюцца вялікая любоў Бога і шчырая вера чалавека. Праз бэтлеемскую стайню Бог спяшаецца да людзей, а людзі вандруюць да Яго. Божы Сын стаў блізкі чалавеку, пасяліўся між людзей: Ён з імі, сярод іх і для іх. Там, у стайні, да Яго працягнуліся шматлікія рукі. І найбольш чулыя рукі Маці, і поўныя клопату рукі Юзафа, і спрацаваныя рукі пастухоў, і добразычлівыя рукі, якія перанеслі Божае Дзіцятка з ясляў у дом, і рукі вучоных Мудрацоў з Усходу. Але да Дзіцяці працягнуліся таксама і рукі нянавісці, забруджаныя крывёю забітых бэтлеемскіх немаўлят. Гэтая Бэтлеемская Ноч сталася сапраўды ноччу чалавечых рук, працягнутых да Бога. Праз трыццаць гадоў скрытага жыцця ў Назарэце Божы Сын Езус Хрыстус распачаў сваю публічную збаўчую дзейнасць. У нястомных сустрэчах з людзьмі на працягу трох гадоў Ён абвяшчаў Добрую Навіну любові да Бога і бліжняга, чыніў шматлікія цуды і ахвяраваў сябе ажно да смерці — крыжовай смерці — дзеля адкуплення чалавечага роду і прымірэння людзей з Богам. Пасля свайго ўваскрасення і ўнебаўшэсця, верны свайму абяцанню — «не пакіну вас сіротамі» (пар. Ян 14, 18), «і вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (пар. Мц 28, 20), — Езус застаўся ў сваім Касцёле — Яго Містычным Целе, — які атрымаў дары Духа Святога, каб у сустрэчах з людзьмі ў святых сакрамэнтах весці іх да свайго вечнага Валадарства. На Апошняй Вячэры, калі Езус устанавіў Боскую Эўхарыстыю, Ён даў людзям магчымасць штодзённа сустракацца з Ім праз удзел у святой Імшы — аднаўленні Яго крыжовай Ахвяры — праз прыняцце Яго Цела і Крыві ў постацях хлеба і віна, духоўнага спажытку для душы, праз наведванне і адараванне Яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, у табэрнакулюме — жывой Эўхарыстычнай Стаенцы. Неабходна часта і доўга заставацца на каленях перад Езусам Хрыстом, утоеным у Эўхарыстыі, каб належным чынам ушаноўваць Яго, каб дзякаваць Яму за атрыманыя ласкі, каб перапрашаць за ўчыненыя знявагі, каб прасіць Яго аб благаслаўленні. І так, пачынаючы ад Бэтлеемскай Ночы, на працягу дзвюх тысяч гадоў ажно да канца гісторыі чалавецтва пастаянна і няспынна адбываюцца сустрэчы Бога з чалавекам і чалавека з Богам. Якія ж невымоўныя дабрыня, міласэрнасць і любоў Бога ў адносінах да людзей! Пастаянныя сустрэчы з Богам даюць чалавеку магчымасць прабываць з Ім ужо ў гэтым зямным жыцці і тым самым гарантуюць атрыманне прывілею вечнага прабывання з Богам у Нябесным Валадарстве. З найлепшымі святочнымі пажаданнямі і пастырскім благаслаўленнем
|
|
Адноўлена 13.07.2009 15:07 |