Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на Нараджэнне Пана 2007 г.
13.07.2009 15:45

Нарадзіўся нам Хрыстус Збаўца

Браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, верны народ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую са збаўчай урачыстасцю Нараджэння Пана ў год усеагульнага паклікання да святасці!

Літургія сённяшняй урачыстасці адбываецца пад знакам адной надзвычай важнай весткі, што нас умацоўвае, — нарадзіўся нам Збаўца, які ёсць сама святасць.

Прарок Ісая, пераносячы нас у атмасферу чакання прыйсця Хрыста сцвярджэннем, што «ідзе Збаўленне» (пар. Іс 62, 11), адначасова гаворыць пра нараджэнне Валадара-Месіі: «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло. (…) Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах Яго, і дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, спрадвечны Айцец, Князь супакою» (Іс 9, 1. 5).

2. Час, у які мы сёння жывем, ужо больш не напоўнены чаканнем прыйсця Месіі-Збаўцы, як гэта было падчас першага гістарычнага Адвэнту. Вось што піша аўтар Паслання да Габрэяў: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1–2). Раней Бог прамаўляў праз прарокаў, каб падрыхтаваць людзей да прыйсця свайго Сына. Цяпер, аднак, Ён дазволіў, каб прамовіў Яго Сын. Гэта выключна важнае і фундаментальнае сцвярджэнне. Неабходна адзначыць, што аўтар Паслання да Габрэяў менавіта гэтымі словамі пачынае свае разважанні, каб паказаць, што Хрыстус — гэта завяршэнне Аб’яўлення Бога (пар. Гбр 1, 13).

3. Хто ж Ён, народжаны ў бэтлеемскай стаенцы Збаўца?

Аўтары Новага Запавету, з аднаго боку, прапануюць нам адказ на гэтае пытанне, карыстаючыся паняццямі таго часу, з другога ж — гэты адказ надзвычай багаты ў тэалагічным вымярэнні.

Збаўца з’яўляецца «спадкаемцам усяго» (Гбр 1, 2), — піша аўтар паслання да Габрэяў. Паняцце спадчыны мела вялікае значэнне на старажытным Усходзе. Спадкаемца — гэта той, хто ўвасабляе гаспадара і яго справы; ён мае роўныя з ім правы. Таму апостал Ян Багаслоў у сваім Евангеллі кажа, што Збаўца «прыйшоў да свайго» (пар. Ян 1, 11).

Бог стварыў свет праз свайго Сына. «Усё праз Яго сталася» (Ян 1, 3), — падкрэслівае святы Ян Багаслоў. Папа Бэнэдыкт XVI у сувязі з гэтым у сваёй энцыкліцы Deus caritas est (Бог ёсць любоў) кажа, што «ўвесь свет быў створаны дзякуючы моцы Яго творчага слова» (пар. DCE 9).

Увесь свет сваім існаваннем абавязаны Хрысту і скіраваны да Хрыста, бо толькі ў Ім ён знаходзіць падставу і сэнс свайго існавання.

Збаўца з’яўляецца ззяннем хвалы Бога і вобразам Яго постаці (пар. Гбр 1, 3), — сцвярджае аўтар ужо цытаванага Паслання да Габрэяў. Таму Ён роўны Богу Айцу. Для таго, каб растлумачыць гэтую праўду, апостал Ян выкарыстоўвае метафару «Слова» (лпгпт) і кажа, што «Слова было ў Бога, і Богам было Слова» (Ян 1, 1). Як Сын Божы, Збаўца з’яўляецца пасрэднікам паміж Богам і людзьмі (пар. 1 Цім 2, 5), бо толькі Яму Бог сказаў: «Ты — Сын мой» (Гбр 1, 4).

Збаўца адорвае духоўным жыццём і святлом. Жыццё — гэта тая Божая энергія, якая гарантуе чалавеку сувязь з Богам на гэтым свеце і ў вечнасці. Не можа быць жыцця без святла. Біялагічнае жыццё знікне, калі раптам перастане свяціць сонца. Невычэрпнаю крыніцаю Божага святла і, такім чынам, крыніцаю жыцця, своеасаблівым Сонцам, што ніколі не заходзіць, з’яўляецца Сын Божы.

Магчыма, для нас, людзей ужо ХХІ стагоддзя, гэтыя тэалагічна-філасофскія разважанні гучаць ужо не настолькі пераканаўча, як для хрысціянаў апостальскіх часоў. Аднак яны павінны дапамагчы нам зразумець і паглыбіць нашую ўпэўненасць у тым, што ў момант нараджэння Дзіцяці ў Бэтлееме здзейснілася штосьці непаўторнае. А менавіта, здзейснілася таямніца Богаўцелаўлення, і на свет прыйшоў такі доўгачаканы Збаўца; споўнілася прароцтва Ісаі: «валадарыць Бог твой! (…) суцешыў Пан народ свой (…). Пан адкрыў святое плячо сваё перад вачыма ўсіх народаў» (Іс 52, 7. 9. 10). Такім чынам, чалавечая гісторыя атрымала новую якасць — яна абагавілася, у ёй з’явіўся Бог з чалавечымі абліччам і сэрцам; Бог, блізкі да людзей.

Пададзеныя вышэй думкі, узятыя з Новага Запавету, таксама паказваюць, што ў таямніцы Богаўцелаўлення дабро пэўным чынам уваходзіць у гісторыю чалавецтва, як адзначае кардынал Ёзаф Ратцынгер, сённяшні Папа Бэнэдыкт XVI, ва ўступе да кнігі Слугі Божага Яна Паўла ІІ «Памяць і самасвядомасць». Тут быццё самога Бога, абсалютнага Бога ўваходзіць у тканіну гісторыі. Творца становіцца стварэннем. Дзякуючы гэтаму анталагічнаму кроку ў заплямленую высакамернасцю і эгаізмам волю чалавека ўваходзіць іншая, не скампраметаваная нічым воля. Пакора ўцелаўлення — гэта радыкальны кантраст з пыхаю, якая стала для чалавека другою натураю (пар. «Памяць і самасвядомасць», Уступ).

4. У літургічным календары толькі дзве падзеі маюць надзвычай яскравую асаблівасць і незабыўную атмасферу, калі пачуццё чакання і цярпення перамяняецца ў радасць. Гэта — Божае Нараджэнне і Пасха. Радасць прыйсця ў свет Збаўцы і радасць Яго перамогі над злом аб’ядноўваюць дзве гэтыя падзеі падобна да таго, як мост яднае два берагі ракі. Разам з тым яны з’яўляюцца як быццам повяззю, што знітоўвае ўсё зямное жыццё Езуса Хрыста.

5. У калядную вігілію мы збіраемся за адным сталом, каб падзяліцца аплаткаю і пажадаць адно аднаму супакою, шчасця, радасці. Менавіта за агульным вігілійным сталом асаблівым чынам перажываецца таямніца супакою, якім Бог адорвае людзей добрай волі (пар. Лк 2, 14).

З гэтаю атмасфераю душэўнага супакою мы прыходзім у нашыя касцёлы, каб нанава перажываць таямніцу Богаўцелаўлення і ўслухацца ў тое, чаму вучыць нас урачыстасць Нараджэння Пана.

5.1. У першую чаргу яна кажа пра рэальнасць уваходжання Бога ў гісторыю чалавека і пра Божую любоў да яго, любоў да свету, у якім чалавек жыве.

У цяжкія моманты нашага жыцця мы часта забываемся, што менавіта Сын Божы прыйшоў у гэты свет і прыняў на сябе чалавечыя пакуты, прыняў чалавечую долю і нядолю. Сын Божы на ўласным вопыце ведае, што кожны з нас перажывае і з чым не можа справіцца. Таму без боязі, што нас не зразумеюць, мы можам звяртацца да Яго, можам шукаць у Яго выйсця з цяжкай сітуацыі і дапамогу.

Мы не можам забыцца пра тое, што праз уваходжанне Сына Божага ў чалавечую гісторыю Ён асвяціў і ўзвысіў да збавеннай годнасці дзейнасць чалавека. Мы павінны памятаць пра гэта, распачынаючы кожны новы дзень, бо дзякуючы Нараджэнню Хрыста нашая дзейнасць набыла новае і найвышэйшае з усіх магчымых вымярэнне.

5.2. Сённяшняя ўрачыстасць таксама кажа нам пра ўзвышэнне і хвалу простых людзей. Бо першымі, каму была дадзена ласка ўбачыць нованароджанага Збаўцу і пакланіцца Яму, былі не кіраўнікі ізраэльскага народа, не фарысеі, не старазапаветныя святары, не моцныя гэтага свету, а простыя пастухі.

Менавіта яны першымі прынялі вестку пра нараджэнне Збаўцы і паверылі ёй. Менавіта іх, непрыкметных у ценю моцных і слаўных гэтага свету, узвялічыў Пан Бог і пра іх апавядае Евангелле, якое будзе абвяшчацца да канца часоў.

У сувязі з гэтым мы павінны сёння запытацца ў саміх сябе: а якое нашае стаўленне да евангельскай весткі? Як мы сёння ўспрымаем Добрую Навіну, у тым ліку і пра Нараджэнне Хрыста? Ці цалкам мы яе прымаем? А можа, мы гатовыя прыняць з яе толькі тое, што адпавядае нашаму спосабу мыслення ці секулярнай культуры сучаснага свету? Мы маем перад сабою дзве магчымасці: прыпадобніцца да цара Ірада, які жадаў знішчыць усё, што нагадвала пра Хрыста, ці па прыкладзе бэтлеемскіх пастухоў паверыць і прыняць Добрую Навіну пра збаўленне.

5.3. І нарэшце, сённяшняя ўрачыстасць гаворыць нам, што важна не тое, як і дзе нарадзіўся чалавек, а тое, як ён жыве. Збаўца прыйшоў на гэты свет у крайняй галечы, Яму не знайшлося нават месца ў заездзе (пар. Лк 2, 7). Аднак Хрыстус сваім жыццём паказаў, што вартасць чалавека вызначаюць каштоўнасці, якія ён вызнае і нясе ў сабе. У гэтым сэнсе Хрыстус пакінуў нам найлепшы прыклад для пераймання.

6. Таму Нараджэнне Пана — гэта нібы лекцыя для нас. Лекцыя, якая павінна перасцерагчы ад падзення з высокага п’едэсталу, на які мы самі сябе ўзносім. Гэта лекцыя пакоры для нас — людзей, якія, жывучы ў эпоху постмадэрнізму, спадзяюцца толькі на ўласныя сілы, на рацыянальны розум, на дасягненні навукі і тэхнікі. Гэта, нарэшце, лекцыя вытрымкі ў імкненні да дасканаласці.

7. «Бачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны» (Ян 1, 14). Гэтае вызнанне, якое мы знаходзім у Евангеллі паводле святога Яна, павінна стаць нашым вызнаннем, вызнаннем людзей ужо ХХІ стагоддзя. Узнёслую вестку пра Нараджэнне Збаўцы нельга абвяшчаць інакш, як вызнаючы яе перад усім светам: мы адчулі на сабе, што Бог увайшоў у наш свет і ў Езусе стаў чалавекам, і гэтае вызнанне павінна стаць набыткам усіх людзей.

У Хрысце матэрыяльны свет атрымаў свой цэнтр. У ім свет атрымаў «Жыццё» і «Святло». «А святло свеціць у цемры» (Ян 1, 5), і гэта азначае, што «Жыццё» прабілася ў наш свет праз акасцянелую і закарэлую паверхню. Таму чалавек ужо не павінен навобмацак шукаць чагосьці невядомага, пра што нічога не ведае. Ён не павінен уцякаць ад рэальнасці жыцця, бо ў Хрысце яно перастала быць цёмнаю пусткаю без сэнсу. Для чалавека скончыўся шлях у невядомае, і ён у Хрысце атрымаў сваю мэту. Бог выйшаў насустрач чалавеку, дзякуючы чаму чалавек адчувае сябе ў гэтым свеце бяспечна, як у сябе дома, бо тут яго сустракае бязмежная любоў Бога. Жыццё чалавека набыло сэнс. Таму ўцёкі ад рэальнасці былі б уцёкамі ў бессэнсоўнасць.

8. Сёння, святкуючы ўрачыстасць Нараджэння Пана, мы нанава пераасэнсоўваем учалавечанне Бога, перажываем нашую ўпэўненасць ва ўсеабдымнай і бязмежнай любові Бога. Можа, гэта гучыць сентыментальна, але менавіта таямніцы Нараджэння Хрыста належыць абяцаны Богам супакой людзям добрай волі (пар. Лк 2, 14). І толькі тады, калі мы самі нясем іншым супакой, мы абвяшчаем учалавечанне Бога і тую рэчаіснасць, якою мы самі жывем.

9. Умілаваныя ў народжаным Збаўцы браты і сёстры!

Ад усяго сэрца віншую вас з Божым Нараджэннем! Віншую іншыя хрысціянскія Цэрквы і супольнасці, якія разам з намі святкуюць гэтую збавенную ўрачыстасць. Віншую вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія праз трынаццаць дзён будуць ушаноўваць Нараджэнне Збаўцы, і жадаю ім як найлепш падрыхтавацца да гэтага свята.

Усе мы, хрысціяне розных Цэркваў і супольнасцяў, вызнаем тую ж самую праўду пра Богаўцелаўленне, што стала знакам прыйсця ў свет Бога ў вобразе чалавека, які аднавіў парушаную першароднам грахом гармонію. Хрыстус, стаўшы цэнтрам чалавечай гісторыі, для ўсіх нас з’яўляецца таксама цэнтрам прыцягнення.

Гэта — імператыў, які абавязвае нас да новага бескампраміснага, пазбаўленага «рэлігійнай паліткарэктнасці» абвяшчэння праўды Евангелля і да абароны маральных каштоўнасцяў з мэтаю стварэння цывілізацыі любові і пабудовы грамадства, заснаванага на ўзаемнай павазе, узаемнай любові, справядлівасці і абяцаным Збаўцам супакоі.

Ад усяго сэрца жадаю вам Божых ласкаў, здольнасці і сілаў перанесці на ўсе дні вашага жыцця атмасферу сённяшняга свята, атмасферу любові, супакою і адзінства.

Радасці вам, шчасця, шчодрага Божага благаслаўлення на святы Божага Нараджэння і калядны перыяд, а таксама на ўвесь надыходзячы Новы 2008 год, які ў душпастырскай праграме Каталіцкага Касцёла на Беларусі будзе праходзіць пад дэвізам: «Слова Божае — крыніца надзеі». Выбіраючы такую тэму, наш мясцовы Касцёл імкнецца больш поўна ўдзельнічаць у жыцці Паўсюднага Касцёла. Гэта звязана з тым, што 28 чэрвеня 2008 г. распачынаецца Год святога апостала Паўла, які нястомна абвяшчаў Евангелле ўсім народам, а ў кастрычніку ў Ватыкане распачне працу чарговы Сінод Біскупаў, прысвечаны слову Божаму ў жыцці і місіі Касцёла. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй энцыкліцы Spe salvi (У надзеі мы збаўленыя) заклікае ўслухацца ў сведчанне Бібліі пра надзею, бо сапраўды слова «надзея» з’яўляецца цэнтральным словам біблейскай веры (пар. SS 2).

Яшчэ раз, браты і сёстры, са святам, з Нараджэннем Хрыстовым! Даручаючы ўсіх вас заступніцтву Багародзіцы Марыі, якая нарадзіла свету Збаўцу, я дзялюся з вамі аплаткаю на знак еднасці, і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 8 снежня 2007 г.
Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Адноўлена 21.07.2009 15:15
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі