Пастырскі ліст на Адвэнт 2006 г. |
1. Адвэнт — час радаснага чакання Божага Нараджэння Святкаванню таямніцаў Божага Нараджэння папярэднічае перыяд падрыхтоўкі, які мы называем “Адвэнт”. Гэтае слова ў старажытным Рыме азначала афіцыйны візіт, адведзіны дзяржаўнага саноўніка пасля прыняцця пасады. У язычніцтве гэтым жа словам называлі штогадовае прыбыццё боства ў святыню. У хрысціянстве гэтым словам мы акрэсліваем прыйсце Хрыста да чалавецтва. Адвэнт мае падвойны характар. Гэта час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Нараджэння Пана, калі ўспамінаецца першае прыйсце Хрыста, а таксама час, калі мы скіроўваем нашыя думкі да прыйсця Хрыста на сканчэнні вякоў. Гэтыя дзве прычыны ўказваюць на Адвэнт як на час радаснага чакання. Таму перыяд Адвэнту падзяляецца на дзве часткі. Дзень 17 снежня з’яўляецца мяжой гэтага падзелу. Пра важнасць Адвэнту сведчаць розныя набажэнствы і аздабленне святыні ў гэты перыяд. У нас традыцыйнаю адметнасцю Адвэнта з’яўляюцца святыя Імшы, якія называюцца “рараты”. Іх назва паходзіць ад першых словаў спеву на ўваход — “Rorate coeli” (“Крапіце, нябёсы, з вышыняў...”) (пар. Іс 45, 8). Рараты — гэта святая Імша, якая традыцыйна цэлебруецца на світанні ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. У шматлікіх парафіях вялікая колькасць дзяцей збіраецца на гэтай Эўхарыстыі — з ліхтарыкамі, зробленымі дома ці ў нядзельнай школцы. Неабходна падкрэсліць, што намаганні душпастыраў падтрымліваць гэтую традыцыю вельмі патрэбныя для рэлігійнага выхавання дзяцей і моладзі. З цэлебрацыяй раратняй святой Імшы звязана запальванне свечак. Раратняя свечка сімвалізуе Найсвяцейшую Панну Марыю — Дзянніцу (Зорку Ранішнюю), якая з’яўляецца “перад узыходам” Сонца — Езуса Хрыста. Ад раратняй свечкі мы адрозніваем дзве іншыя свечкі, такія, як пасхал і грамнічная. У перыяд Адвэнту ў нашых касцёлах можам заўважыць змешчаныя на вянку 4 свечкі, якія сімвалізуюць 4 нядзелі Адвэнту. Свечка, зялёны колер і форма (кола) вянка маюць сваё значэнне: святло праўды, надзея, жыццё і Бог. У цэласнасці адвэнтавы вянок з’яўляецца вобразам супольнасці, якая ў любові і радасці чакае свайго Пана. Усе гэтыя адвэнтавыя сімвалы павінны нагадваць нам, што неабходна паклапаціцца пра тое, каб унутрана, духоўна падрыхтавацца да Божага Нараджэння. Адвэнт — гэта час незвычайнага дзеяння шчодрай ласкі. Гэта спазнала святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса. У сваім дзённіку пад назвай “Гісторыя адной душы” яна апісвае вельмі цяжкое выпрабаванне, якое называе ласкай Божага Нараджэння. Яна піша, як аднойчы пасля яе вяртання з пастэркі Езус дапусціў, што з вуснаў свайго любімага таты, які называў яе сваёю прынцэсаю, яна пачула поўную раздражнення заўвагу. Словы бацькі літаральна наскрозь прабілі яе сэрца. Але менавіта ў гэты момант яна атрымла ад Бога гэтую незвычайную ласку, дзякуючы якой змагла павесці сябе так, нібы нічога не чула і, замест таго, каб займацца сабою, пачаць прыносіць радасць іншым. Ласка перавярнула сілу яе духа і праз дзесяць гадоў безвыніковай барацьбы з уласнай празмернай эмацыянальнай уражлівасцю, ва ўзросце чатырнаццаці гадоў яна была ў адну хвіліну ад яе вызвалена. Святая так піша ў сваім дзённічку: “Мяне сапраўды ўсё засмучала, цяпер жа наадварот: добры Бог аказвае мне такую ласку, што ніводная часовая справа не саб’е мяне з ног. Калі падумаю пра тое, як было раней, то мяне ахоплівае ўдзячнасць за тыя дабрадзействы, якімі адарылі мяне Нябёсы; я настолькі змянілася, што цяпер мяне проста не пазнаць”. Варта падрыхтаваць сваю душу, каб мы таксама спазналі аздараўляльную моц ласкі ў перыяд Божага Нараджэння. 2. Новы касцёльны год прысвечаны імкненню да святасці Касцёльны год, які распачынаецца, прысвечаны імкненню да святасці. Мы павінны нанава нагадаць сабе, што святасць, з’яднанне нашай волі з Божай Воляй, з’яўляецца мэтай нашага жыцця і крыніцай шчасця ўжо тут, на зямлі. Адвэнт, радасны час чакання нараджэння Езуса, указвае нам на адзін са слупоў, на якіх трымаецца будынак нашай святасці. Трапна сказала пра гэта святая Тэрэза з Лізьё: “Езус не патрабуе вялікіх учынкаў, але адзіна таго, каб мы даверыліся Яму і былі ўдзячнымі”. Сапраўдная радасць выяўляецца ва ўдзячнасці. Хто ўдзячны, той бачыць дзеянне Бога ў сваім жыцці, бачыць прысутнасць Бога ў сваёй штодзённасці. Святасць развіваецца дзякуючы ўдзячнасці. Ніхто з нас не можа палюбіць Бога, падпарадкаваць сваю волю Божай Волі, калі не ўбачыць Божай любові да сябе. Удзячнасць — гэта стан душы, якая бачыць любоў Бога і дзякуючы гэтаму здольная адказаць любоўю на любоў. Святая Тэрэза адзначае, што “ўдзячнасць больш за ўсё прыцягвае ласкі Божыя; калі мы дзякуем за дабрадзействы, Бог узрушаны і спяшаецца даць нам дзесяць новых ласкаў, а калі мы працягваем дзякаваць з такой жа шчырасцю, то як жа нязмерна памнажаюцца ласкі!”. У час Адвэнту мы можам адказаць на заклік да святасці, які скіроўвае да нас Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, імкнучыся як найчасцей узбуджаць у душы акты ўдзячнасці Богу. Быць можа, варта ў вячэрнім рахунку сумлення задаць сабе пытанне: за што я сёння павінен падзякаваць Богу, чым Бог асабліва мяне адарыў? Дзякуючы гэтым намаганням Адвэнт можа стаць радасным часам не толькі тэарэтычна, але таксама ў штодзённым жыцці. Святы Бонавэнтура перасцерагае нас, што калі мы не дзякуем Богу, то ў нашай душы з’яўляецца супрацьлегласць ўдзячнасці, а менавіта — няўдзячнасць. А яна, паводле святога, з’яўляецца коранем усялякага зла, таму што нараджае ў душы пыху і самаўпэўненасць, перакананне (магчыма, падсвядомае) у тым, што мы ўсё заслужылі самі. Вельмі часта ў жыцці мы адчуваем вынікі няўдзячнасці. Гэта смутак, скаргі і прэтэнзіі. Гэтыя пачуцці вельмі моцна ўскладняюць імкненне да святасці. Яны могуць паралізаваць нашую волю і давесці нас да незадаволенасці і нават да азлобленасці. Удзячнасць жа чыніць так, што ўвесь навакольны свет мы можам пачаць успрымаць як атуляючыя нас абдымкі Любячай Прысутнасці Бога. У святле веры мы можам убачыць на рэчах, якія нас акружаюць, сціплыя надпісы: “Дар ад Пана Бога”, “Дар Любячай Прысутнасці”. І не толькі на прадметах, якія нам служаць, але таксама на падзеях, сітуацыях, людзях. Па меры таго, як нашая ўдзячнасць будзе паглыбляцца, мы пачнём чуць, што ўвесь свет кажа пра Любоў. Бо ўсе Божыя дары, якія нас акружаюць, шэпчуць, паўтараюць, усклікаюць: “Я люблю цябе такім, які ты ёсць. Таму Я побач з табою, клапачуся пра цябе, даю табе ўсё, што табе неабходна кожны дзень”. Такое перажыванне свету дае нашай волі незвычайны дынамізм да навяртання, імкнення да святасці. Святы Ян Багаслоў нагадвае нам пра тое, што мы любім Бога, бо Ён першы нас палюбіў. 3. Эўхарыстыя — школа ўдзячнасці На сімпозіуме, які адбыўся ў Мінску 25 лістапада гэтага года і які быў прысвечаны Слузе Божаму Яну Паўлу ІІ, прэфект Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі кардынал Грахалеўскі ў гаміліі ўказваў на розныя аспекты святой Імшы ў вучэнні Вялікага Папы. Між іншым, кардынал нагадаў, што святая Імша — гэта Эўхарыстыя, а значыць — падзяка. Можна сказаць, што яна з’яўляецца месцам узрастання ва ўдзячнасці. Слуга Божы Ян Павел ІІ называў удзячнасць менавіта “эўхарыстычным станам” (Mane nobiscum Domine, 26). Ад усяго сэрца заахвочваю ўсіх, каб у гэты перыяд Адвэнту мы паклапаціліся пра ўдзячнасць Богу і людзям, бо гэты стан духу будуе святасць у нашых душах. Будзем жа выкарыстоўваць тое, што дае нам традыцыя — раратнія святыя Імшы. Будзем старацца як мага часцей карыстацца гэтай Школай Удзячнасці. Я вельмі спадзяюся, што калі мы будзем адказваць на гэты заклік, нас асаблівым чынам будзе весці Маці Божая. Яна спазнала, як прысутнасць зачатага Езуса пад Яе сэрцам дапамагла Ёй праспяваць “Magnificat”, гімн удзячнасці Богу. Дзівосны гімн удзячнасці, у якім Маці Божая, напоўненая прысутнасцю Езуса, была здольная ўбачыць Божыя дары не толькі ў сваім жыцці, але таксама ў гісторыі свайго народа, а таксама ў гісторыі збаўлення ўсяго чалавечага роду. Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
біскуп Антоні Дзям’янка. |
Адноўлена 18.07.2009 17:22 |