Ліст Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі на заканчэнне навучальнага года 2006/2007 |
Шаноўныя святары, вялебныя законныя сёстры, паважаныя катэхеты і настаўнікі, дарагія бацькі, умілаваныя дзеці і моладзь! Хутка ўжо празвініць апошні званок у 2006/07 катэхетычным і навучальным годзе. Ён будзе знакам заканчэння гадавой працы, а таксама пачаткам канікул. Прыйшоў час заслужанага адпачынку для вучняў і настаўнікаў. Амаль ва ўсіх парафіях на тэрыторыі нашай архідыяцэзіі праводзілася катэхізацыя, злучаная з немалымі клопатамі і ахвярнай працай святароў, законных сясцёр, катэхэтаў і вучняў. Менавіта праз іх Евангелле Езуса Хрыста было данесена да нашых дзяцей і моладзі. Сёння жадаю ўзгадаць усіх іх і выказаць ад свайго імя і ад імя катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі вялікую падзяку і належную пашану за іх ахвярнасць, адданне без рэшты сваіх сіл, духоўных і фізічных, каб у гэты нялёгкі час дэмаралізацыі ўказваць веруючым людзям праўдзівую дарогу. Сваю ўдзячнасць скіроўваю да дырэктараў школ і настаўнікаў, за тое, што яны сваёю паставаю, поўнаю чалавечнасці і высокіх маральных каштоўнасцяў, выхоўвалі маладое пакаленне, дапамагаючы юнакам і дзяўчатам станавіцца добрымі і адказнымі грамадзянамі нашай краіны. Сардэчна дзякую бацькам, якія з клопатам пра духоўнае развіццё сваіх дзяцей рупіліся аб іх рэгулярнай прысутнасці на катэхізацыйных занятках у парафіях. Асаблівую пахвалу выказваю моладзі і дзецям за іх адказны падыход і вернае выкананне свайго хрысціянскага абавязку пастаянна паглыбляць рэлігійныя веды. Падчас Эўхарыстычнай Ахвяры з нагоды заканчэння катэхетычнага і навучальнага года заахвочваю ўсіх вас шчыра дзякаваць Пану Богу за ўсе атрыманыя ў гэтым годзе ласкі. 10 чэрвеня, ва ўрачыстасць Божага Цела, мы ўсе як адна сям’я, з’яднаная супольнасць архідыяцэзіі, будзем дзякаваць Богу за пасеянае зерне падчас рэлігійнага навучання. Няхай актыўны ўдзел дзяцей, моладзі, бацькоў і катэхетаў у гэтай урачыстасці будзе сведчаннем нашай веры. Усім вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, як тым, якія навучаюць, таксама і тым, якія вучацца, сардэчна жадаю, каб перажывалі глыбокую радасць ад таго, што катэхізацыя займае належнае месца ў жыцці нашага Касцёла. Усіх тых, хто клапоціцца пра будучыню і далейшае развіццё рэлігійнага навучання, ад усяго сэрца благаслаўляю. |
Адноўлена 18.07.2009 18:09 |