Адозва да пілігрымаў Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі |
І. Значэнне адпачынку: час, прысвечаны Богу Сёння мы сабраліся, каб у Імя Божае распачаць пілігрымку ў Будслаў. Магчыма, многія людзі, гледзячы на вас, будуць здзіўляцца: чаму час уласнага адпачынку вы прысвячаеце рэлігійным мэтам? Няўжо не лепш было б паехаць куды-небудзь на мора або, прынамсі, на лецішча? Аднак нам нельга забывацца пра тое, што чалавек з’яўляецца адзінствам душы і цела. Адпачынак чалавека — гэта не толькі «перадых» для змучанага цела, але таксама дыханне для душы. А чалавечая душа адпачывае толькі ў кантакце з Богам, і гэты кантакт нясе з сабою адкрыццё сэнсу жыцця чалавека і дае сілы любіць бліжняга. У такім свеце, якім ён з’яўляецца сёння, — прасякнутым духам спаборніцтва, шалёным імкненнем да поспеху, — умацаванне цела і духу проста неабходнае. Асабліва гэта датычыць людзей, якія жывуць у горадзе, бо ўмовы іх жыцця часта пазбаўленыя месца для цішыні, роздуму ці адпачынку на ўлонні прыроды. Бэнэдыкт XVI сказаў такія словы пра час летняга адпачынку: «Канікулы — гэта таксама дні, калі можна прысвяціць больш часу малітве, чытанню і разважанням над глыбінным сэнсам жыцця (...). Час канікулаў — гэта таксама выключная нагода для таго, каб сузіраць невымоўную прыгажосць прыроды, цудоўную „кнігу“, даступную ўсім, вялікім і малым» (17.07.2005 г.). Таму пілігрымка, напоўненая малітвай і слуханнем Божага Слова, злучаная з сузіраннем прыроды, рэкаў і лясоў, з’яўляецца вельмі добрым спосабам правесці частку свайго адпачынку. Так павінен адпачываць чалавек, які шануе праўду пра тое, што ў яго ёсць не толькі цела, але і душа. Той, хто клапоціцца выключна пра адпачынак цела, няхай не здзіўляецца, што пазней яму не хапае духоўных сілаў, сталай веры, здольнай супрацьстаяць спакусам роспачы, дэпрэсіі, уцёкам ад сваёй штодзённасці, імкненню да поспеху за кошт іншых і нават за кошт уласнай сям’і. Кантакт з прыродай дапамагае чалавеку бачыць сябе такім, які ён ёсць. Мы адкрываем, што з’яўляемся стварэннем малым, але выключным. Мы можам усвядоміць, што наш дух адкрыты на Бясконцасць і таму «здольны адкрыць Бога». Пытанне пра сэнс жыцця можа дапамагчы нам убачыць у навакольным свеце дабро, прыгажосць і дзеянне Божага Провіду. Такая сустрэча з прыродай адкрывае нас для пакланення і малітвы. Пілігрымка ў Будслаў з’яўляецца своеасаблівым сімвалам нашага жыцця, гэта як бы вандраванне ў дом Нябеснага Айца. На шляхі пілігрымкі ў дом Спрадвечнага ўваходзіць той, хто распачынае духоўную або ўнутраную пілігрымку. Гэта імкненне да святасці. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла напісана: «Святасць немагчымая без самаадрачэння і духоўнай барацьбы. Духоўнае развіццё прадугледжвае аскезу і пакаянне, якія паступова вядуць да жыцця ў супакоі і радасці благаслаўленняў» (ККК 2015). Першым крокам аскезы і пакаяння з’яўляецца пазнанне самога сябе, а для гэтага неабходныя намаганні і адрачэнні. У пасланнях Апосталаў чытаем такія словы: «Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды» (пар. 1 Ян 1, 8–9). Такім чынам, кожны чалавек мае ў сабе пэўную супярэчнасць, якая знішчае ў ім належныя адносіны да рэчаў, да іншых асобаў і да Бога. У сучасным свеце наша ўнутраная супярэчнасць праяўляецца ў нястрымным імкненні да багацця, улады, прэстыжу і выгоднага жыцця. Ачышчэнне ад гэтых наступстваў першароднага граху з’яўляецца крытэрыем сталай індывідуальнасці і веры. Святы Аўгустын нагадвае нам пра вельмі важны прынцып, які пабуджае нас да працы над сабою: «Бог стварыў цябе без цябе, але Ён не збаўляе цябе без цябе». Колькі ж падчас пілігрымкі мы маем бясцэнных нагодаў для таго, каб пазнаць саміх сябе, колькі разоў мы адкрывалі розныя праявы нашага эгаізму і пыхі, якія ў нашым штодзённым жыцці не заўважаем? Са здзіўленнем мы можам прачытаць у Катэхізісе, што вынікам адмовы ад аскезы, змяншэння чуйнасці ў адносінах да сябе, занядбання імкнення да святасці з’яўляецца дэпрэсія і заняпад духу (пар. ККК, 2733) — сучасныя хваробы чалавека. Аскеза вядзе да пазнання ўласнай слабасці, да адкрыцця таго, што наша воля вельмі лёгка паддаецца розным спакусам. Чалавек, які практыкуе адрачэнне і пакаянне, прыходзіць да пакоры як першага плоду аскезы. Чалавек пакорны не здзіўляецца свайму ўбоству, бо яно вядзе яго да большага даверу і дапамагае вытрываць у пастаянстве. Дэпрэсія і заняпад духу — гэта вынік адкрыцця свайго ўбоства, пра якое мы не падазравалі. Мы ўражаны ўласнай слабасцю і не можам прымірыцца з такім абліччам саміх сябе. Ва ўнутранай пілігрымцы да святасці мы не адны. Езус становіцца для нас сябрам у Эўхарыстыі. Еднасць з Ім праз спажыванне Яго Цела і Крыві вызваляе ў нас сілы дабра, якое перамагае зло ў нашым сэрцы. Такім чынам можа распачацца перамена свету — з сэрца чалавека, які імкнецца да святасці. Бэнэдыкт XVI так акрэсліў неабходныя сродкі для зямнога вандравання: «Для таго, каб ісці наперад у зямной пілігрымцы да Нябеснай Айчыны, нам усім неабходны спажытак Слова і Хлеба вечнага жыцця, якія з’яўляюцца непадзельнымі» (22.02.2006 г.). Вы пілігрымуеце да Маці Божай Будслаўскай, каб шукаць у Яе падтрымкі ва ўнутраным пілігрымаванні да святасці, скарбу нашага жыцця, які ні іржа не знішчыць, ні злодзей не скрадзе, і за які варта аддаць усё, што маем, нават жыццё, як гэта ўчыніў святы Андрэй Баболя, трохсотпяцідзесятую гадавіну мучаніцкай смерці якога мы адзначалі ў маі гэтага года. Марыя з’яўляецца нашай найпершай дапамогай, бо, хоць сярод усіх чалавечых стварэнняў Яна была найбліжэй да Бога, але як пакорная Слуга з дня ў дзень вандравала ў своеасаблівай пілігрымцы веры (пар. Lumen gentium, 58). Яна была здольная нястомна разважаць у сваім сэрцы пра словы, якія Бог скіраваў да Яе, і праз Святое Пісанне, і праз падзеі жыцця Яе Сына. Яна таксама можа навучыць нас слухаць Езуса ў падзеях нашага жыцця, спрабуючы бачыць у іх пасланні Божага Провіду. Урэшце, слухаць Яго ў братах, асабліва ў малых і ўбогіх, для якіх сам Езус патрабуе нашай дзейснай любові. Слухаць Хрыста і быць паслухмяным Яго голасу — гэта частка нашага пілігрымавання да святасці. Найсвяцейшая Панна ўсім сваім жыццём увасабляла таямніцу Эўхарыстыі. Эўхарыстычны Хлеб, які мы прымаем, — гэта беззаганнае Цела Яе Сына. Бэнэдыкт XVI нагадаў у энцыкліцы пра Эўхарыстыю пра тое, што «хрысціянская старажытнасць акрэслівала гэтым самым выразам — Corpus Christi — Цела, народжанае з Дзевы Марыі, Цела Эўхарыстычнае, а таксама тое Цела, якім з’яўляецца Касцёл» (Sacrosanctum Concilium, 15). Марыя вызнала сваю «эўхарыстычную веру» яшчэ да таго, як была ўстаноўлена Эўхарыстыя. Гэта здзейснілася праз факт ахвяравання Ёю свайго дзявочага ўлоння, каб магло здзейсніцца Уцелаўленне Божага Слова. Марыя з’яўляецца для нас найпершай неабходнай дапамогай у нашай зямной пілігрымцы ў Нябесную Айчыну. Менавіта ў Яе школе мы можам вучыцца прымаць спажытак Божага Слова і Хлеба жыцця вечнага, якія Бэнэдыкт XVI назваў непадзельнымі і неабходнымі для кожнага пілігрыма. Пілігрымка ў Будслаў з’яўляецца своеасаблівым знакам. Мы, народы Усходняй Еўропы, нагадваем усяму кантыненту пра яго хрысціянскія карані. Гэтая пілігрымка з’яўляецца ўвасабленнем гарачага жадання Слугі Божага Яна Паўла ІІ, які ў 1982 годзе ў Сант’яго-дэ-Кампастэла заклікаў: «Я, біскуп Рыма і пастыр паўсюднага Касцёла, звяртаю да цябе, Еўропа, з Сант’яго заклік, поўны любові: абудзі сама сябе, знайдзі сама сябе, будзь сабою, адкрый свае пачаткі; ажыві свае карані, ажыві тыя сапраўдныя каштоўнасці, якія ўчынілі тваю гісторыю цудоўнай, а тваю прысутнасць сярод іншых кантынентаў — благаслаўлёнай». |
Адноўлена 18.07.2009 18:25 |