Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зварот Мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевiча
да духавенства, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў i ўсiх людзей добрай волi
ў сувязi з прызначэннем арцыбiскупам Мiтрапалiтам Мiнска-Магiлёўскiм

 

Глыбокапаважаныя святары, манахi i манахiнi, вернiкi, усе людзi добрай волi!

1. У свята святога Мацвея, апостала і евангелiста, 21 верасня 2007 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVІ прызначыў мяне новым Мiнска-Магiлёўскiм Мiтрапалiтам. У гэты такі важны для мяне дзень з патрэбы сэрца звяртаюся да вас як ваш новы i адначасова былы бiскуп. Бог пiша гiсторыю, i мы — у Ягоных руках.

25 лiпеня 1989 г., у дзень святога Апостала Якуба, Слуга Божы Ян Павел II прызначыў мяне Мiнскiм бiскупам у якасцi Апостальскага Адмiнiстратара для католiкаў лацiнскага абраду ў Беларусi. Так што сваё бiскупскае служэнне я пачынаў у Айчыне. Гэта быў асаблiвы час, час пачатку духоўнага адраджэння Бацькаўшчыны пасля многiх дзесяцiгоддзяў зняволення Касцёла. Я добра памятаю той энтузiязм, з якiм мы бралiся за адбудову каталiцкiх структураў, змагалiся за вяртанне касцёлаў, шукалi святароў, утваралi Вышэйшую духоўную семiнарыю ў Гродне, каб рыхтаваць сваiх, беларускiх, слугаў алтара, друкавалi катэхiзісы, iмшалы i рэлiгiйную лiтаратуру на беларускай мове.

 
2. 13 красавiка 1991 года Апостальская Сталiца ўстанавiла новыя структуры Каталiцкага Касцёла ў Беларусi, Расii i Казахстане. Ксёндз прэлат Казiмiр Свёнтэк быў прызначаны першым Мiнска-Магiлёўскiм арцыбiскупам Мiтрапалiтам i адначасова Апостальскiм Адмiнiстратарам Пiнскай дыяцэзii, а ксёндз Аляксандр Кашкевiч — ардынарыем Гродзенскай дыяцэзii. Я быў пераведзены ў Маскву Апостальскiм Адмiнiстратарам для католiкаў лацiнскага абраду Еўрапейскай часткi Расii.

 
3. Больш за 16 гадоў я прысвяцiў служэнню ў Расii, дзе трэба было клапацiцца як пра адраджэнне Каталiцкага Касцёла, так i пра наладжванне адносiнаў з іншымi веравызнаннямi (перш за усё — з Рускай Праваслаўнай Царквою) i з грамадствам. Практычна трэба было распачынаць з пачатку. Дзякуючы ахвярнай працы святароў, манахаў i манахiняў, простых вернiкаў нам сумесна ўдалося адрадзiць зруйнаваны багаборчым рэжымам Касцёл у Расii. Былi ўстаноўленыя яго нармальныя структуры. У Санкт-Пецярбургу дзейнiчае Вышэйшая духоўная семiнарыя «Марыя — Каралева Апосталаў». Буйна развiлася выдавецкая дзейнасць. Толькi ў архiдыяцэзii Мацi Божай у Маскве за гэты час было выдадзена больш за 600 найменняў розных рэлiгiйных кнiг. Выходзiць штотыднёвік «Святло Евангелля». Выдадзены два тамы Расiйскай каталiцкай энцыклапедыi i ўжо здадзены ў друк трэцi. Выдаецца 6 часопiсаў. У Маскве i Санкт-Пецярбургу ёсць свае каталіцкія радыёпраграмы. У сталiцы Расii знаходзiцца велiчная i вельмi прыгожая катэдра, каля якой пабудаваныя новая курыя з залай для канферэнцый i парафiяльны дом. Устаноўлены i актыўна дзейнiчаюць патрэбныя для нармальнага функцыянавання касцёльныя камiсii i дабрачынныя арганiзацыi. Нямала было зроблена для развiцця мiжхрысцiянскага i мiжрэлiгiйнага дыялогу, хоць у гэтай галiне яшчэ неабходна шмат працы, ахвяры i малiтвы. Каталiцкi Касцёл у Расii хоць i малы, але за апошнiя 16 гадоў ён стаў неaд’емнай часткай расiйскага грамадства i робiць усё магчымае для яго духоўнага адраджэння. Я ад’язджаю з Расii, пакiдаючы ў ёй частку свайго сэрца.

 
4. У той самы час Каталiцкi Касцёл — гэта Сусветны Касцёл, якiм кiруе наступнiк святога апостала Пятра. У волi Папы Рымскага я заўсёды бачыў i сёння бачу волю самога Бога. Гэта — крэда майго святарскага i бiскупскага служэння. Таму з пачуццём велiзарнай адказнасцi я прымаю новае прызначэнне, якое вяртае мяне ў родную Беларусь. Я вяртаюся, каб далей працягнуць распачатае 18 гадоў таму назад служэнне першага бiскупа на Беларусi ў сучаснай яе гiсторыi i — з вялiкай удзячнасцю — тую вялікую і неацэнную працу, якую выканаў у Мiнска-Магiлёўскай архідыяцэзii i ў Касцёле на Беларусi Сведка веры кардынал Казiмiр Свёнтэк i ў апошнi год — Апостальскi Адмiнiстратар бiскуп Антонi Дзям’янка. Сёння мы можам бачыць пэўную пераемнасць. У 1991 годзе кардынал Казiмiр Свёнтэк змянiў мяне, цяпер я атрымаў накiраванне туды, дзе ён ахвярна служыў да 2006 года.

 
5. Дарагiя святары Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii!

Вы несяце галоўную адказнасць за духоўны стан нашых парафiй, супольнасцяў i вернiкаў. Дзякуючы за ахвярную працу, сёння звяртаюся да вас як ваш новапрызначаны бiскуп: заўсёды будзьце верныя свайму святарскаму паклiканню; будзьце «спецыялiстамi» па сустрэчы чалавека з Богам i вядзiце людзей да Яго, як да гэтага заклiкае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Няхай Эўхарыстыя, слова Божае i святарскiя абяцанні будуць для вас крынiцаю сiлы, патрэбнай для спаўнення вашых нялёгкiх абавязкаў. Спадзяюся на плённае супрацоўнiцтва i адкрыты дыялог.

 
6. Дарагiя манахi, манахiнi i асобы кансэкраванага жыцця!

Манаства з’яўляецца багаццем усяго Касцёла. Як няма манаства без Касцёла, так i няма манаства па-за Касцёлам. Жадаю росквiту i плённай працы для розных харызмаў манаства, якiя сваiм суквеццем узбагачаюць мясцовы Касцёл. Спадзяюся на вашу дапамогу, супрацоўнiцтва і далейшае сумленнае служэнне духоўнаму адраджэнню, будаўнiцтву касцёльнай супольнасцi Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзіi.

 
7. Дарагiя вернiкi!

Бiскуп, святары, манахi, манахiнi, вернiкi — усе разам яны складаюць сапраўдны Касцёл, iмя якому — Народ Божы. Вернiкi — яго галоўная частка. Бiскуп разам са святарамi, прадстаўнiкамi iнстытутаў манаства i супольнасцяў кансэкраванага жыцця паклiканы служыць для вас. Менавiта да вас перш за ўсё мяне пасылае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, каб мы ўсе разам маглi працаваць для праслаўлення Бога і збаўлення душаў.

Словамi святога Аўгустына кажу сёння вам: «Хачу быць для вас усiх бiскупам i разам з вамi быць хрысцiянiнам».

 
8. З глыбокай надзеяй звяртаюся да прадстаўнікоў іншых канфесiй i рэлiгiй. Усе мы паклiканыя садзейнiчаць адраджэнню i ўмацаванню духоўнасцi ў нашай краiне, а таксама развiццю дыялога як памiж намi, так i з грамадствам.

Са словамi вялiкай павагi i ўдзячнасцi я асобна звяртаюся да Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi Фiларэта. Перад небяспечнымi выклiкамi сучаснага секулярызму i маральнага рэлятывiзму Каталiцкi Касцёл i Праваслаўная Царква займаюць аднолькавыя пазiцыi i гатовыя супрацоўнiчаць у справе абароны i ўкаранення хрысцiянскiх каштоўнасцяў. Спадзяюся, што наша супрацоўнiцтва будзе развiвацца далей i прынясе добры плён для нашай Бацькаўшчыны.

 
9. Звяртаюся да дзяржаўных уладаў Рэспублiкi Беларусь, Мiнска i Магiлёва, іншых адмiнiстратыўных цэнтраў нашай архiдыяцэзіi. Каталiцкi Касцёл iснуе ў Беларусi на працягу многiх стагоддзяў i мае сваю традыцыю. Пасля многiх дзясяцiгоддзяў зняволення ён зноў устаў на ногi i дынамiчна развiваецца. I дзяржаўныя ўлады, i Касцёл — усе мы разам павiнны служыць людзям. Недастаткова клапацiцца толькi пра матэрыяльны дастатак чалавека, бо ён, акрамя цела, мае i душу, якая, у сваю чаргу, патрабуе належнай павагi i апекi. Вядома, што духоўна здаровы i маральны чалавек будзе добрым i сумленным грамадзянiнам. Перад намi паўстаюць тыя ж самыя пытаннi i праблемы. Гэта, перш за усё, праблемы сям’i, дэмаграфii, алкагалiзму, наркаманii, выхавання моладзi, развiцця дабрачыннасцi i г.д. Молячыся за дзяржаўныя ўлады, я спадзяюся на ўзаемнае паразуменне ў нашых адносiнах i плённае ўзаемадзеянне на карысць Айчыне.

 
10. Паважаныя браты i сёстры, усе людзi добрай волi!

У 1991 годзе, калi я атрымаў прызначэнне ў Расiю, я працытаваў кнiгу Быцця, калi Бог сказаў Абраму: «Выйдзi са сваёй роднай зямлi i з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу» (Быц 12, 1). Сёння Божым Провiдам я вяртаюся на сваю родную зямлю.

У кнiзе Зыходу гаворыцца, што Iзраэль перамагаў амалiкiцянаў, калi Майсей малiўся з паднятымi ўгору рукамi. Але калi яму было цяжка доўга трымаць iх паднятымi, тады Аарон i Ор падтрымлiвалi iх (пар. Зых 17, 11–13).

Давяраючы сваё служэнне ў Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii Божай Мацi i Апекуну Беларусi святому Мiхалу Арханёлу, прашу вас малiцца за мяне, каб я мог годна выканаць даручанае Богам праз Папу Бэнэдыкта XVI служэнне ў Беларусi, каб мы ўсе маглi перамагчы зло, пераадолець секулярызм, маральны рэлятывiзм i лiбералiзм на хвалу Пана i для збаўлення людзей.

Дэвiзам свайго бiскупскага служэння я выбраў словы Quis ut Deus — «Хто ж як Бог». Па-старагабрэйску гэта — iмя святога Арханёла Міхала, апекуна Беларусі.

Дарагiя суайчыннiкi! Для вас Бог заўсёды быў на першым месцы. Давайце супольна зробiм усё магчымае, каб небяспечныя выклiкi нашага часу не аддалiлi нас ад Яго i каб Ён заўсёды ўзмацняў нас i заставаўся крынiцай нашай радасцi i надзеi!

На гэты шлях няхай усiх нас благаславiць усемагутны Бог: Айцец + i Сын, i Дух Святы.

Арцыбіскуп Мiтрапалiт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевiч

Масква, 21 верасня 2007 г.
Свята св. Мацвея, апостала i евангелiста

Адноўлена 18.07.2009 18:50
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі