Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне на Вялікдзень 2008 г. арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
Умілаваныя ў Змёртвыхпаўсталым Пану браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. «Не бойцеся, бо ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Няма Яго тут, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, паглядзіце на месца, дзе быў пакладзены»

(Мц 28, 5–6). Гэтыя словы Анёла, які сядзеў на камені каля ўваходу ў грабніцу Пана, сёння гучаць у нашых касцёлах і капліцах, у нашых супольнасцях.

Гэтыя словы глыбока пранікаюць у нашыя сэрцы, перамяняюць іх і напаўняюць радасцю, даючы нам новую надзею.

Радасным воклічам: «Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!», — мы абвяшчаем праўду збаўчай урачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана і дзелімся ёю з іншымі. Мы нясем яе ў свет, спяшаемся з ёю да іншых людзей, так, як паспяшаліся жанчыны-міраносіцы, калі, прынёсшы алеі для намашчэння, замест цела Езуса ўбачылі пустую грабніцу, куды яно тры дні таму было пакладзена.

2. Вечна жывое і заўжды актуальнае Божае слова, якое прыносіць нам гэтую радасную пасхальную вестку, павінна быць таксама і дзейсным (пар. Гбр 4, 12), павінна заахвочваць да навяртання і духоўнага адраджэння. Для гэтага нам неабходна дазволіць Хрысту, каб Ён сваёю ласкаю ўваскрасіў нас да новага жыцця. Ці магчыма гэтага дасягнуць у наш секулярны час?

Жанчыны-міраносіцы непакоіліся, кажучы адна адной: «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?» (Мк 16, 3). У нашым жыцці адбываецца нешта падобнае. Жыццё здалёк ад Бога і Ягонай ласкі, або нават такое жыццё, як быццам Бог наогул не існуе, становіцца тым каменем, які закрывае перад Хрыстом уваход у нашыя сэрцы. Прычым часам нам здаецца, што гэты камень такі вялікі, што ніхто не ў стане адсунуць гэты камень.

Аднак праўда Уваскрасення сведчыць пра адваротнае. Няўжо ж Хрыстус, які ўскрасіў Лазара (пар. Ян 11, 38–44) і сам паўстаў з мёртвых, не зможа нас вызваліць з грахоўнай няволі? Безумоўна, Ён — міласэрны Езус — можа гэта зрабіць і робіць гэта. Трэба толькі дазволіць Яму дзейнічаць. Сам Ён нікога ні да чаго не прымушае: прапануючы сваю дапамогу, Хрыстус паважае свабоду чалавека. Таму толькі ад нас залежыць, ці прымем мы яе, ці адмовімся ад яе.

Перажываючы год Божага слова — крыніцы надзеі, якая, як вучыць нас Папа Бэнэдыкт XVI, з’яўляецца асноўным словам біблейскай веры (пар. SS 2), неабходна звярнуцца да яго сілы, каб яно разам з Традыцыяй Касцёла заахвоціла нас адсунуць камень ад уваходу ў цёмную пячору нашай душы, каб праўда Уваскрасення Пана заззяла ў нас.

3. Мы перажываем надыход вясны, якая на нашых вачах абуджае прыроду да новага жыцця. Таксама і моц Уваскрасення Хрыста, якая праяўляецца таксама ў Божым слове, павінна ажыўляць чалавека.

Вядома, што дрэва з пашкоджаным карэннем сохне і памірае. Таксама і хрысціянін, які па сваёй волі адмаўляецца ад уласных каранёў і не прымае праўды пра Уваскрасенне, такім чынам асуджае сябе на духоўную смерць. Таму, каб не змарнаваць збаўчай і жыватворчай ласкі Уваскрасення Пана, неабходна заўсёды захоўваць вернасць свайму хрысціянскаму пакліканню.

Недастаткова быць толькі намінальнымі і ананімнымі хрысціянамі, якіх з Касцёлам не аб’ядноўвае нічога, акрамя пасведчання хросту. Недастаткова толькі раз на год, на Вялікдзень, прыйсці ў касцёл, каб асвяціць святочныя стравы, пазахапляцца велічным спевам «Аллелюя», вялікімі натоўпамі вернікаў, а пасля зноў надоўга забыцца пра шлях да святыні. Толькі гэтага далёка не дастаткова…

Пасхальныя традыцыі належыць прыняць і перажываць ва ўсёй глыбіні сэнсу гэтай галоўнай хрысціянскай урачыстасці. Так, напрыклад, асвячэнне велікодных страваў павінна дапамагаць у духоўным асэнсаванні свята Пасхі. Асвячоныя яйкі, якія з’яўляюцца сімвалам жыцця, — гэта знак таго, што Змёртвыхпаўстанне Пана вядзе да новага жыцця і дае надзею.

4. Уваскрасенне Хрыста павінна стаць часткаю нашага жыцця. Калі ўваскрослы Хрыстус стукаецца ў дзверы нашых сэрцаў, заваленыя цяжкімі камянямі грахоў, трэба перш адсунуць камяні, каб іх адчыніць. Для гэтага разам з марнатраўным сынам з евангельскай прыпавесці кожны павінен сказаць: «Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою» і кінуцца на шыю нашаму Міласэрнаму Айцу (пар. Лк 15, 21).

Не памёршы для граху, мы не зможам уваскрэснуць да новага жыцця. Як не было ўваскрасення Хрыста без Яго крыжовай смерці, так не можа быць і нашага вызвалення з няволі граху без збаўчага крыжа пакаяння. Неабходна ўсвядоміць сваю слабасць і звярнуцца да Хрыста са словамі злачынцы, які пакаяўся: «Узгадай мяне, Пане, калі прыйдзеш у сваё Валадарства» (Лк 23, 42). Гэта неабходна зрабіць, каб у адказ пачуць поўнае надзеі абяцанне: «Сапраўды кажу табе, што сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43).

Крыж — гэта знак Божай міласэрнасці, ён вядзе нас да ўнутранай свабоды. Таму нельга абыякава абмінуць яго. Хоць чалавеку і нялёгка пакінуць свае дрэнныя схільнасці і звычкі, тым не менш неадменнаю ўмоваю ўваскрашэння да новага жыцця з’яўляецца разрыў з мінулым. Гэта і ёсць крыж нашага жыцця, але крыж, праз які дасягаецца збаўленне.

5. У вандроўцы з егіпецкай няволі ў Абяцаную зямлю юдэі з жалем узгадвалі пра тое, як яны сядзелі пры катле з мясам і елі ўдосталь хлеба (пар. Зых 16, 3). Перад абліччам часовых цяжкасцяў яны лічылі няволю лепшаю за свабоду, абы толькі мець ежы ўдосталь. Матэрыяльныя даброты сталіся для іх вышэйшымі за дар свабоды.

Калі ў жыцці месца Бога і Ягонага закону занятае ідаламі багацця, безадказнай вольнасці, амаральных асалодаў, задаволення неўпарадкаваных жаданняў, лібералізму, маральнага рэлятывізму, хлуслівай «рэлігійнай паліткарэктнасці» і іншых сучасных бажкоў, такі чалавек не зможа ва ўсёй паўнаце перажыць праўду Уваскрасення Хрыста. Замест радасці прыняцця Хрыстовых таямніцаў духоўна свабоднага чалавека яму больш даспадобы «кацёл з мясам» егіпецкай няволі ў яе новых формах.

6. Пазбаўлены ўнутранай свабоды і закуты ў кайданы грахоўнай няволі чалавек не зможа перажыць усёй глыбіні таямніцы Змёртвыхпаўстання Пана, бо Пасха — гэта пераход з няволі да свабоды, Пасха — гэта вызваленне! Беручы прыклад са святога Аўгустына мы павінны баяцца свядома абмінуць Бога, пазбягаючы сустрэчы з Ім і імкнучыся ў няволю граху, спажывальніцтва, задавальненняў і іншых формаў залежнасці. У наш постмадэрнісцкі час неабходна прыняць Уваскрослага Хрыста так, як Яго прынялі апосталы. Таямніца Змёртвыхпаўстання Пана вярнула ім страчаную надзею, а спасланы ім Святы Дух натхніў на самаадданае абвяшчэнне Добрай Навіны.

7. Уваскрослы Хрыстус сёння звяртаецца да нас са словамі: «Не бойцеся!» (Мц 28, 10), таксама, як сказаў гэта жанчынам-міраносіцам. Словы «Не бойцеся!» сталі дэвізам служэння Слугі Божага Яна Паўла ІІ (пар. МЗ, с. 26), трыццацігоддзе абрання якога на пасад святога Пятра мы будзе адзначацца сёлета. Яго заклік далей развівае Папа Бэнэдыкт XVI, падкрэсліваючы, што не варта баяцца Пана Бога, які нічога не забірае, а толькі дае (пар. WSP, s. 36).

Сёння, перад абліччам выклікаў секулярызму, рэлігійнай абыякавасці, а таксама праяваў адыходу ад веры, Хрыстус, які кажа: «Не бойцеся», бо «Я перамог свет» (Ян 16, 33), перамог грэх, смерць і сатану, заклікае нас спазнаць і палюбіць праўду, якою з’яўляецца Ён сам, наш Уваскрослы Пан.

Гэтая праўда даражэйшая за ўсе матэрыяльныя даброты і задавальненні гэтага свету. У святле праўды Змёртвыхпаўстання Пана, які адкрывае нам шлях да вечнага шчасця, неабходна ўсвядоміць і прыняць глыбока ў сваё сэрца тое, што з’яўляецца сапраўднаю каштоўнасцю, і адмовіцца ад ілюзій, якія вядуць да расчараванняў.

Нягледзячы на тое, што сучаснаму чалавеку, асабліва маладому, пагражае вялізная колькасць небяспекаў, перадусім для яго духоўнага жыцця, яму неабходна ўважліва ўслухацца ў заклік Хрыста: «Не бойцеся!», бо, калі Езус здольны ўваскрасіць памерлага з магілы, то Яму не будзе складана вырашыць і нашыя духоўныя праблемы. Трэба толькі спадзявацца на Яго і жыць у свабодзе дзяцей Божых.

8. Мы таксама павінны з пашанаю ставіцца да новых умоваў набытай свабоды веравызнання, захоўваць і абараняць першынство Божага закону, які з’яўляецца гарантыяй дабра для кожнага чалавека. Неабходна памятаць, што свабода з’яўляецца патрабавальнай; яна не захоўваецца аўтаматычна і знішчае сябе тады, калі жадае стаць неабмежаванаю, спрыяючы развіццю маральнага рэлятывізму, як падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI (пар. CPE, s. 133–135).

Таму перад абліччам небяспечных выклікаў сучаснасці нам неабходна прыняць праўду Уваскрасення Хрыста і жыць ёю; неабходна дазволіць Хрысту дзейнічаць у нас, бо будучыні не ўдасца пабудаваць толькі на мінімалісцкай этыцы, на павярхоўнай традыцыйнай рэлігійнасці, якой пагражаюць небяспекі секулярызму, маральнага рэлятывізму і «рэлігійнай паліткарэктнасці».

9. Браты і сёстры!

Уваскрасенне Хрыста напоўніла апосталаў радасцю і надзеяй. Таму пасля Вялікага посту — часу нашага навяртання — узрадуемся і мы светламу святу Пасхі, святу жыцця і надзеі!

Ад усяго сэрца віншую вас са збаўчаю ўрачыстасцю ўваскрасення Хрыстова. Віншую таксама хрысціянаў іншых веравызнанняў, якія сёння адзначаюць гэтае Свята святаў. Віншую вернікаў Праваслаўнай Царквы, якія перажываюць святы час падрыхтоўкі да Вялікадня і ад усёй душы жадаю, каб ён сапраўды стаў бласлаўлёным часам для нашых праваслаўных братоў і сясцёр. Перад абліччам выклікаў секулярызму мы пакліканыя да сумеснага сведчання пра хрысціянскія каштоўнасці і да іх абароны. Ад гэтага будзе залежаць, ці стане набыткам нашых сучаснікаў збаўчая праўда Уваскрасення Хрыста, якая вядзе да духоўнай свабоды.

Праз заступніцтва Марыі, якая з радасцю прыняла вестку пра Змёртвыхпаўстанне Яе Сына, усім вам жадаю шчасця, радасці і шчодрых ласкаў ад Уваскрослага Збаўцы і ад шчырага сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!

Мінск, 15 сакавіка 2008 г.
Урачыстасць св. Юзафа

 


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. Бэнэдыкт XVI, энцыкліка Spe salvi (SS).
  2. Иоанн Павел II, «Мысли о земном». Москва 1992 (МЗ).
  3. Benedykt XVI, «Według serca Pana». Warszawa 2005 (WSP).
  4. Jozeph Kardynał Ratzinger, «Czas przemian w Europie». Wydawnictwo «M», Kraków 2005 (CPE).
Адноўлена 21.07.2009 16:43
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі