Пастырскі ліст Ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці падзякі за дар беатыфікацыі благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. |
21.07.2009 16:43 |
Умілаваныя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі! Жыццё святых — гэта гонар паўсюднага Касцёла. Мы спасылаемся на заслугі іх жыцця, калі прыходзім з просьбамі ў Божы храм і верым, што Бог прыслухоўваецца да іх малітваў. Тое, што святыя трываюць у духоўнай лучнасці з намі, мы вызнаем у «Сімвале веры», калі кажам: «Веру ў еднасць святых». І, безумоўна, асаблівая лучнасць звязвае іх з жыхарамі той зямлі, адкуль яны паходзілі і дзе жылі. 27 кастрычніка 2007 г. у базыліцы святога Яна на Латэране адбылася беатыфікацыя сястры змёртвыхпаўстанкі Цэліны Бажэнцкай. На жаль, не ўсе вернікі мелі магчымасць прысутнічаць на гэтай урачыстасці. Я б хацеў заахвоціць вас, дарагія дыяцэзіяне, каб вы бліжэй пазнаёміліся з жыццём благаслаўлёнай Цэліны і таму запрашаю ўсіх зацікаўленых на ўрачыстасць падзякі за дар яе беатыфікацыі, якая адбудзецца 2 мая бягучага года ў Заневічах каля Гродна. Менавіта з гэтай парафіяй і гэтым кутком гродзенскай зямлі быў звязаны доўгі перыяд жыцця благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. Цэліна нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. у Антовілі, непадалёку ад Оршы. Паходзіла яна з сям’і Хлудзінскіх. З малых гадоў Цэліна выхоўвалася ў асяроддзі, дзе старанна захоўваліся каталіцкія і нацыянальныя традыцыі. У сям’і Цэліна атрымала добрае выхаванне і адукацыю. Яе духоўнае жыццё развівалася пад уплывам бацькоў, а малітоўнае пытанне — «Божа, што хочаш, каб я ўчыніла са сваім жыццём?» — ніколі не пакідала яе. Паслухмяная волі бацькоў і парадам свайго спаведніка, якія прымала як Божую волю, яна ў 1853 г. узяла шлюб з Юзафам Бажэнцкім, уласнікам Абрэмшчыны. Адносіўся гэты маёнтак да парафіі Заневічы, што непадалёку ад Гродна. Пры гэтым, як яна сама занатавала ў сваіх лістах, Цэліна прадчувала, што «сваё жыццё не закончыць звычайна». Пасля шлюбу яе чакала моцнае і балеснае выпрабаванне, выйсці з якога ёй дапамог давер да Божай апекі. З поўнай адданасцю яна ўвайшла ў ролю жонкі, гаспадыні дому і маці. Цэліна перажыла смерць дваіх сваіх дзяцей-немаўлятак, пры жыцці засталіся дзве дачкі. Цэліна, як гаспадыня дому, вяла дабрачынную працу сярод сельскіх жыхароў. У 1863 г. за дапамогу паўстанцам, разам з дачкой Ядзвігай, якой было ўсяго некалькі тыдняў, трапіла ў царскую турму ў Гродне. Пасля кароткага арышту яе выпусцілі. У Абрэмшчыне Цэліну чакала чарговае выпрабаванне лёсу. Яе мужа Юзафа Бажэнцкага разбіў параліч, і ён не мог хадзіць. Цэліна клапатліва і цярпліва даглядала змучанага хваробай мужа на працягу ўсёй яго доўгай і невылечнай хваробы. Пры гэтым адначасова займалася справамі маёнтку. За некалькі тыдняў да смерці (у 1874 г.) Юзаф Бажэнцкі прадыктаваў тэстамэнт, у якім сведчыў пра любоў, гераічнасць, адвагу і разважлівасць сваёй жонкі. У 1875 г. Цэліна Бажэнцкая прыбыла ў Рым. І там да яе зноў вярнуліся думкі пра манаскае жыццё. Грунтоўна пазнаць сябе і зразумець дарогу, па якой яе вядзе Бог, Цэліне дапамог генерал ордэна змёртвыхпаўстанцаў кс. Пётр Семяненка, які пазней падрыхтаваў яе да заснавання новай кангрэгацыі. Дзякуючы яго духоўнай падтрымцы Цэліна разам з дачкой Ядзвігай прыйшла да рашэння заснаваць жаночае адгалінаванне гэтай супольнасці з кантэмпляцыйна-дзейсным харызматам. Заданнем супольнасці было духоўнае і маральнае адраджэнне жанчыны праз навучанне і хрысціянскае выхаванне дзяўчат. У 1891 г. Цэліна Бажэнцкая атрымала падтрымку ад духоўных уладаў і ва ўзросце 58-мі гадоў узначаліла новую манаскую супольнасць, якая атрымала назву Кангрэгацыі Змёртвыхпаўстанак. У тым жа годзе Цэліна разам з сёстрамі адкрыла ў Кентах каля Бельска (Польшча) першы манаскі дом, а ў 1896 годзе распачала апостальскую працу ў Балгарыі, затым у Чэнстахове і Варшаве, а ў 1900 г. — у Злучаных Штатах Амерыкі. Новая супольнасць развівалася дынамічна. Гэта схіліла сясцёр да таго, каб пашырыць свой харызмат, уключыўшы ў яго клопат пра рух апостальства свецкіх у парафіях. Мэтай свецкага жаночага руху было не толькі асабістае асвячэнне, але і імкненне пашыраць Божае Валадарства і напаўняць духам Евангелля ўсе сферы грамадскага жыцця. Цэліна Бажэнцкая памерла ў Кракаве 26 кастрычніка 1913 г. Беатыфікацыйны працэс маці Цэліны быў распачаты ў Рыме яшчэ ў 1944 г., а дэкрэт пра гераічнасць цнотаў падпісаў Папа Ян Павел ІІ у 1982 г. У 2002 г. у Кракаве было праведзена даследаванне аздараўлення Анджэя Мехежыньскага-Віктара, праўнука маці Цэліны, які цудоўным чынам пасля звароту да Слугі Божай Цэліны з малітвай аб заступніцтве вылечыўся ад цяжкой траўмы пазваночніка. Цуд аздараўлення прыспешыў заканчэнне беатыфікацыйнага працэсу. 16 снежня 2006 г. Папа Бэнэдыкт XVI падпісаў дэкрэт, якім пацвердзіў цуд аздараўлення праз пасрэдніцтва маці Цэліны Бажэнцкай. Незвычайным быў 80-гадовы жыццёвы шлях благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. У яе жыцці вылучаюцца чатыры важныя этапы — як жонкі, маці, удавы і законніцы. У рэалізацыі свайго паклікання на кожным з гэтых этапаў у яе жыцці выразна бачна адзіная мэта людскога паклікання — святасць жыцця. Благаслаўлёная Цэліна, як у мінулым, так і сёння, з’яўляецца прыкладам святасці ў выкананні Божай волі — з поўнай пакорай, адданасцю і глыбокай малітвай. У такім жа духу яна старалася выхоўваць сваіх дачок, каб адзіным імкненнем у іх жыцці і ва ўзрастанні ў святасці была пакора перад Богам. Не парушыла яе вернасці Богу нават раптоўная смерць дачкі Ядзвігі, разам з якой яна заснавала супольнасць. Яна сказала тады такія словы: «Няма таго, што не вытрывала б душа з любові да Пана Езуса». Некалькі разоў Цэліна прыязджала з Рыма ў Абрэмшчыну, дзе яе віталі мясцовыя жыхары, якія ўжо пры жыцці лічылі яе святой. Менавіта ў Абрэмшчыне каля Заневіч, на месцы былога маёнтка з камення, якое засталося ад яго, была пабудавана першая капліца ў гонар благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. 2 мая бягучага года капліца будзе асвечана, каб мы маглі выпрошваць Божыя ласкі праз заступніцтва благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай для ўсіх жыхароў нашай зямлі, асабліва для жонак і маці. Яна з’яўляецца ўзорам і заступніцай для ўсіх, хто цярпліва і ахвярна выконвае абавязкі маці і жонкі. Прыміце ў якасці заахвочвання да годнай рэалізацыі свайго паклікання словы благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай, якія яна калісьці запісала ў сваім дзённіку: «Малю Хрыста Пана, каб вы пры жыцці ўваскрэслі ў духу, калі спазналі гэтую велізарную ласку быць пакліканымі да такой вялікай і хвалебнай таямніцы. Недастаткова ахапіць гэтую ласку розумам, патрэбна праца над сабой і ўчынкі, якія асвячаюць душу на падставе вялікай пакоры і ўдзячнасці Пану Богу». Ахвярная любоў нясе шчасце блізкім і дае нам надзею на жыццё вечнае. Няхай яна будзе багаццем кожнай сям’і на нашай зямлі — сужэнцаў, бацькоў і дзяцей. Працуйма над сваім асвячэннем і не пераставайма аказваць адно аднаму зразуменне і любоў. Яны здольны перамяніць свет, а нашаму прысвячэнню даць радасць і скіраваць нас да вечнай любові Бога. Мы верым, што благаслаўлёная Цэліна выпрасіць у Бога духоўныя дары, падтрымае на шляху да неба наш Касцёл і нашыя сем’і. Маючы перад вачыма прыклад яе жыцця, будзем імкнуцца да асвячэння асабістага і грамадскага жыцця, каб яшчэ дакладней выконваць на зямлі Божую волю і некалі атрымаць вечны ўдзел у святасці Бога. Няхай радасць святых Пана стане і нашым удзелам у небе. На руплівае наследаванне жыцця святых Пана і радаснае перажыванне ўрачыстасці падзякі ў нашай дыяцэзіі ў гонар благаслаўлёнай Цэліны сардэчна благаслаўляю. Аляксандр Кашкевіч, Біскуп Гродзенскі Гродна, 10.04.2008 Прашу шаноўных святароў Гродзенскай дыяцэзіі прачытаць гэты ліст у межах гаміліі падчас кожнай святой Імшы ў VI Велікодную нядзелю, 27 красавіка, а таксама азнаёміць вернікаў з праграмай дыяцэзіяльнай урачыстасці падзякі, якая абудзецца 2 мая б. г. у Заневічах. |
Адноўлена 21.07.2009 16:45 |