Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на 2011 год
10.01.2011 13:20

«Пераслед веры на працягу трох пакаленняў — гэта як быццам духоўны чарнобыль. Аб гэтым мы асаблівым чынам павінны памятаць сёлета, калі не толькі Беларусь, Украіна і іншыя краіны адзначаюць 25-годдзе гэтай жахлівай катастрофы, але і ўвесь свет, звяртаючыся да Божай міласэрнасці, каб у будучыні ніколі не паўтарылася падобная катастрофа, як у матэрыяльным, так і ў духоўным сэнсе», — чытаем у пастырскім пасланні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, на 2011 год.

БОЖАЯ МІЛАСЭРНАСЦЬ У БОЖЫМ СЛОВЕ

Тэкст паслання на польскай мове >>>

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі!

1. «Не знойдзе душа апраўдання пакуль не звернецца з даверам да Маёй міласэрнасці», — сказаў Езус падчас cваіх аб’яўленняў св. Фаўстыне Кавальскай 15 снежня 1935 г. (Dz 570). У 1949 г. у Лондане выйшла ў свет кніга нашага благаслаўлёнага земляка кс. Міхала Сапоцькі: «Божая міласэрнасць — адзіная надзея чалавецтва», а падчас кансэкрацыі базылікі Божай міласэрнасці 17 жніўня 2002 г. у Кракаве-Лагеўніках Слуга Божы Ян Павел II сказаў: «У Божай міласэрнасці свет знаходзіць супакой, а чалавек — шчасце» (http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/homilies/2002/documents/hf_jp-ii_hom_20020817_shrine-divine-mercy_pl.html).

Гэтыя словы нагадваюць пра актуальнасць Божай міласэрнасці як у жыцці кожнага чалавека, так і ў жыцці ўсяго свету.

Актуальнасць гэтых слоў таксама вельмі добра спазналі людзі былога Савецкага Саюзу. Яшчэ зусім нядаўна здавалася, што ганенні на Касцёл знішчаць веру і нашу зямлю з тысячагадовай хрысціянскай традыцыяй заменяць у духоўную пустыню. Пераслед веры на працягу трох пакаленняў — гэта як быццам духоўны чарнобыль. Аб гэтым мы асаблівым чынам павінны памятаць сёлета, калі не толькі Беларусь, Украіна і іншыя краіны адзначаюць 25-годдзе гэтай жахлівай катастрофы, але і ўвесь свет, звяртаючыся да Божай міласэрнасці, каб у будучыні ніколі не паўтарылася падобная катастрофа, як у матэрыяльным, так і ў духоўным сэнсе.

Таксама і сёлета 13 красавіка спаўняецца 20 гадоў з дня заснавання Слугой Божым Янам Паўлам II Мінска-Магілёўскай мітраполіі, што стала яшчэ адным знакам Божай міласэрнасці для змучанага, зняважанага і разбуранага пераследам Каталіцкага Касцёла і дало новыя магчымасці для яго адраджэння і развіцця.

1–5 кастрычніка 2011 г. у Кракаве-Лагеўніках адбудзецца II Сусветны кангрэс Божай міласэрнасці. Нагадаем, што першы адбываўся 2–6 красавіка 2008 г. у Рыме. Вядучымі думкамі гэтага сусветнага форуму Божай міласэрнасці былі словы Яна Паўла II: «Як моцна свет патрабуе разумення і прыняцця Божай міласэрнасці», і словы Бэнэдыкта XVI: «Як многа людзей таксама і ў наш час, шукае Бога, Езуса і Яго Касцёл, шукае Божай міласэрнасці і чакае „знак“, які кране іх думкі і сэрцы» (http://info.wiara.pl/doc/165548.Za-rok-pierwszy-Swiatowy-Kongres-Milosierdzia).

Акрамя гэтага, сучасны свет, у тым ліку і наша краіна, вельмі часта жыве так, як быццам Бога зусім няма. Усё часцей бачны праявы ліберальнага секулярызму, што вядзе да дэвальвацыі веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў.  Чалавек адмаўляе прыняцце абсалютнага, дадзенага Богам закону і жадае жыць паводле правіл, прынятых ім самім, што вядзе і ўжо прывяло да шматлікіх крызісаў. Часам здаецца, што сучасны свет стаіць на краю бездані, а човен хрысціянскага жыцця патанае ў бушуючых хвалях акіяну амаральнасці.

Да каго тады трэба звяртацца? Дзе шукаць ратунку? Успомнім евангельскую гісторыю, калі апосталам здавалася, што падчас буры іх човен патоне. Хрыстус, на дакаранне апосталаў, чаму ў такую небяспеку Ён спакойна спіць, адказаў: чаго баіцеся малаверныя (пар. Мц 8, 26)? Гэта азначае, што нават у самых небяспечных сітуацыях не трэба баяцца, бо з намі ёсць бязмежны ў сваёй міласэрнасці Езус, а Божая міласэрнасць — гэта найбольш дзейсны антыбіётык ад маральных хваробаў сучаснага свету.

Маючы на ўвазе ўсё гэта і ўсведамляючы, што Касцёл мае права і абавязак сведчыць аб Божай міласэрнасці і таксама ўвасабляць яе ў жыцці, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла, што 2011 г. будзе «Годам Божай міласэрнасці», а яго дэвізам стануць словы: «Божая міласэрнасць — адзіная надзея свету».

2. Хоць наш Пан і Збаўца Езус Хрыстус пасля завяршэння сваёй місіі ўзышоў на неба і сядзіць праваруч Айца, аднак Ён не пакінуў нас сам-насам з нашымі праблемамі. Ён запэўніў сваіх вучняў, што будзе з імі да канца часоў (пар. Мц 28, 20). Яго прысутнасць праяўляецца праз дзеянне Духа Святога, праз Яго слова і сакрамэнты. Святы Дух з’яўляецца душой Касцёла і вядзе яго праз вякі. Божае слова нясе праўду веры. А ў сакрамэнтах да чалавека прыходзіць патрэбная для збаўлення Божая ласка. Усё гэта знакі прысутнасці і дзеяння Божай міласэрнасці.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI зусім нядаўна апублікаваў сваю чарговую Апостальскую адгартацыю «Verbum Domini» («Слова Пана»), прысвечаную Сіноду Біскупаў, які адбываўся 5–26 кастрычніка 2008 г. і быў прысвечаны значэнню Божага слова ў жыцці і місіі Касцёла. У ёй Папа нанава заклікае сучаснага і загубленага чалавека звяртацца да Божага слова як да крыніцы паяднання і супакою (пар. VD 102), а адначасова крыніцы і прылады Божай міласэрнасці.

«У свеце, які часта лічыць Бога непатрэбным або чужым, мы — як і св. Пётр — вызнаем, што толькі Ён мае «словы жыцця вечнага» (Ян 6, 68). Не існуе больш важнай рэчы за магчымасць нанава наблізіць сённяшняга чалавека да Бога — да Бога, які прамаўляе і перадае нам сваю любоў, каб мы мелі жыццё ў дастатку (пар. Ян 10, 10)», — піша Бэнэдыкт XVI (VD 2). І ў гэтай магчымасці прыйсця да Бога праз Яго слова і праяўляецца Ягоная міласэрнасць.

3. Каб лепей зразумець значэнне Божага слова ў перспектыве Божай міласэрнасці, найперш задумаемся над тым, што слова азначала ў часы Езуса Хрыста на Блізкім Усходзе. У рымскай і грэчаскай культурах слова азначала думку, ідэю ці канцэпцыю. У той жа час для габрэяў слова было злучана з нейкім актам, дзеяннем, фактам ці гісторыяй.

Ужо на першых старонках Бібліі мы чытаем: і сказаў Бог: няхай будзе святло, і сталася святло (пар. Быц 1, 3). Бог сказаў слова і гэтым словам быў створаны свет. Жыццё знайшло свой пачатак дзякуючы Божаму слову. Такім чынам пачатак стварэння цесна звязаны з Божым словам, але не толькі. З гэтага моманту Бога можна распазнаць праз слова, якое ў той жа час з’яўляецца падзеяй. Уся гісторыя збаўлення злучана з Божым словам. Можна нават паставіць знак роўнасці паміж тым, што Бог чыніць, і тым, што Ён кажа.

Выбраны народ распазнаў Божае слова і адказаў на яго, хоць нярэдка быў яму няверны. У Божым слове і праз яго гэты народ у шматлікіх збаўчых інтэрвенцыях неаднойчы спазнаў дзеянне Божай міласэрнасці, дзякуючы чаму пастаянна ажываў да новага жыцця.

Тут можна выкарыстаць наступны прыклад. Маці пастаянна размаўляе са сваім дзіцём, хоць яно нічога не разумее. Але маці ведае, што яе словы дапамагаюць дзіцяці развівацца. Цішыня магла б забіць дзіця, бо была б знакам адсутнасці любові, без якой нельга жыць.

4. Менавіта Божае слова нясе любоў і жыццё. Не адным хлебам жыве чалавек (пар. Лк 4, 4), — кажа Хрыстус. Таму тым, што рэальна нас корміць духоўнай ежай, з’яўляецца Божае слова. І гэта слова з’яўляецца цудоўным падарункам Божай міласэрнасці. Яно дапамагае нам распазнаць як дзеянне Бога ў нашым жыцці, так і тое, чаму Ён нас вучыць. Таму вельмі важна, каб Божае слова было распазнана і прынята ў нашым жыцці. Калі чалавек слухае Божае слова і прымае яго, то ён распазнае ў ім голас міласэрнага Бога. Дзякуючы Святому Духу Біблія — гэта не калекцыя пустых слоў, але крыніца жыцця. Прысутнасць жа Святога Духа ў жыцці Касцёла вядзе да спаткання чалавека з Езусам. Падобна таму, як Хрыстус быў прысутны сярод апосталаў, так і сёння праз дзеянне Духа Святога Ён у сваім Касцёле прысутны сярод нас. Больш таго, дзякуючы дзеянню Духа Святога мы маем вялікі прывілей, бо не бачачы Хрыста, верым у Яго (пар. Ян 20, 28).

Прысутнасць Божага слова ў свеце з’яўляецца вялікім дарам. Яно нясе праўду пра нас саміх. Без Божага слова мы не змаглі б пазнаць, кім з’яўляемся на самой справе. Тут гаворка ідзе не толькі пра стварэнне і збаўленне чалавека, але і пра яго духоўны стан. Паводле аўтара паслання да Габрэяў, Божае слова — гэта «меч двусечны» (Гбр 4, 12), які можа дасягнуць глыбіні нашага «ego» — нашага «я», якое дае прыстанішча як праўдзе, так і граху.

Дзякуючы Божаму слову сакрэт несправядлівасці, схаваны ў нас, адкрываецца. Гэта вельмі балючы працэс, бо мы заўсёды жадаем выбеліцца і паказаць сябе прыгожымі і справядлівымі. Мы стараемся надзець на сябе маску, каб іншыя не бачылі ў нас старога чалавека. Кожны з нас хоча абараніць у сабе імідж добрага чалавека. Аднак, калі Божае слова нас дэмаскуе, то на самой справе яно не руйнуе нас, а толькі ратуе. Збаўленне — гэта не што іншае, як Божая інтэрвенцыя дзеля дабра самога грэшніка. Не здаровы патрабуе лекара, але хворы, — кажа Езус, які прыйшоў паклікаць не справядлівых, але грэшнікаў (пар. Мц 9, 13).

Таму Божае слова дапамагае нам распазнаць у сабе грэшнікаў, якія патрабуюць Божай міласэрнасці. У гісторыі Выбранага народу, як у люстэрку, кожны можа ўбачыць сябе са сваімі грахамі, з нявернасцю Богу і бліжняму. Божая міласэрнасць не азначае фальшывай літасці, якая закрывае вочы на дзеянне злога духа і няздольная выкрыць яго. Езус быў не задаволены двудушнымі фарысеямі і вінаваціў іх у гіпакрызіі (пар. Мц 23, 27). Падобна Ён дзейнічае і сёння. Сваім, запісаным у Евангеллі, словам Ён асуджае нашыя грахі і такім чынам судзіць у нас старога, грэшнага чалавека. У той жа час гэты суд з’яўляецца знакам міласэрнасці, якая нараджае новае жыццё і вядзе да новай рэальнасці. Найбольш дзіўным прыкладам Яго суду з’яўляюцца словы казання на гары, у якім Хрыстус адкрывае шляхі новага стварэння. Суд складаецца з супрацьстаўлення нашых кірункаў з кірункам Хрыста як новага чалавека. Калі мы на самой справе параўнаем гэтыя кірункі, то адразу заўважым нашую грахоўнасць і таму павінны стаць перад Хрыстом і пакорна прасіць аб прабачэнні і аб дары новага жыцця.

5. Ёсць яшчэ адзін аспект Божай міласэрнасці, які знаходзіцца ў Божым слове. Гэта тое, што праз яго мы можам атрымаць пасланне Добрай Навіны аб тым, што Бог ёсць любоў і што Ён хоча нашага збаўлення. Больш таго, гэтае пасланне нагадвае аб тым, што Бог не прыйшоў у гэты свет, каб яго судзіць, але каб даць яму новае жыццё (пар. Ян 3, 17). Гэтая праўда з’яўляецца падмуркам нашага духоўнага росту і хрысціянскага жыцця.

Святы апостал Павел нагадвае пра тое, што вера прыходзіць дзякуючы абвяшчэнню Божага слова (пар. Рым 10, 17). Гэтыя словы Апостала язычнікаў вельмі добра сведчаць пра значэнне абвяшчэння Божага слова, што ў сваю чаргу закранае праблему пакліканняў да святарства, бо без святара немагчыма ў поўнай меры ажыццявіць гэтае заданне.

Аднак, з іншага боку, трэба памятаць і аб тым, што ўсемагутны Бог не імкнецца нас змусіць прыняць Яго слова. Ён толькі прапануе, а чалавек свабодны прыняць яго або не. Калі б Бог змусіў кагосьці прыняць Яго слова, то тады б Ён не быў Богам любові. Наадварот, Бог заўсёды прыходзіць як безабаронны і калі нават нехта адмаўляецца прыняць Яго слова, Ён цярпліва чакае і імкнецца зноў дасягнуць сэрца чалавека. Мы можам быць нявернымі Яму, але Ён заўсёды застаецца верным (пар. 2 Цім 2, 13). Адзінай Яго зброяй з’яўляецца міласэрная любоў.

6. У той жа час трэба нагадаць, што сучасны свет вельмі часта супрацьстаіць Божаму слову і яно нават з’яўляецца знакам супраціву (пар. Лк 2, 34). Так ёсць таму, што менавіта Божае слова абуджае сумленні. А гэтага баіцца сучасны свет, які хоча спакойнага жыцця паводле свайго меркавання і паводле прынятых ім самім амаральных нормаў ці прынцыпаў індыферэнтызму. А гэтым самым ён сам сябе вядзе ў бяздонне.

З іншага боку, абуджэнне сумлення з’яўляецца пачаткам шляху да духоўнага адраджэння. Таму Божае слова, з’яўляючыся знакам супраціву (пар. Лк 2, 34), адначасова з’яўляецца знакам Божай міласэрнасці.

І чым больш мы будзем аддавацца дыспазіцыі Божага слова, тым больш будзем разумець, што і ў наш час у Касцёле трывае таямніца Пяцідзесятніцы, калі Дух Святы адорвае нас сваімі дарамі і вядзе да пазнання праўды (пар. VD 123).

Божае слова — гэта ключ да Божай міласэрнасці. Прыгожа пра гэта нагадвае прыёр кляштара цыстэрцыянаў Нотр-Дам (Notr-Dame-de-l’Atlas) у Алжыры а. Хрысціян дэ Шарж (Christian de Charge), які быў замучаны разам са сваімі братамі законнікамі ў 1966 г.: «Міласэрнасць ёсць супольным словам, якое паходзіць ад Бога і якое запрашае нас да такой паставы. Свет быў бы меншай пустыняй, калі б мы болей распазнавалі і прызнавалі супольнае пакліканне да памнажэння крыніцаў міласэрнасці на нашым жыццёвым шляху» (http://www.sekretariatmisyjny.pl/index.php?option=com_ntent&task=view&id=291& \\Itemid=59).

7. Дарагія браты і сёстры!

На пачатку гэтага «Года Божай міласэрнасці» звяртаюся да ўсіх вас, а таксама да тых, хто стаціў веру або яшчэ не пазнаў яе, словамі Хрыста: «Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною» (Ап 3, 20). Няхай кожны з нас праз вечна жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12) спазнае ў гэтым годзе ласкі Божай міласэрнасці, у якой адзіная надзея свету.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, якая слухала і захоўвала ў сваім сэрцы Божае слова (пар. Лк 2, 19. 51), на шлях адкрыцця Божай міласэрнасці ў Божым слове ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 6 студзеня 2011 г.
Урачыстасць Аб’яўлення Пана


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Bł. s. M. Faustyna Kowalska. Dzienniczek. Miłosierdzie Boże w duszy mojej. Wydawnictwo Księży Marianów, Warszawa 1993 (Dz).    
2. Бэнэдыкт XVI. Апостальская адгартацыя “Dei Verbum” (ВМ).    
3. http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/homilies/2002/ documents/hf_jp-ii_hom_20020817_shrine-divine-mercy_pl.html.
4. http://info.wiara.pl/doc/165548.Za-rok-pierwszy-Swiatowy-Kongres-Milosierdzia.


P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам 16 студзеня 2011 г.

Адноўлена 10.01.2011 13:42
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі