Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на Адвэнт 2010 года |
23.11.2010 13:48 |
Мае дарагія, давайце ў пачатку перыяду Адвэнту паставім сабе пытанні. Якія яны, нашыя спадзяванні? Каго або чаго мы чакаем найбольш? Ці ў нашых чаканнях ёсць месца для Езуса Хрыста і здзяйсненне Яго Валадарства? Малое дзіця чакае клопату і дапамогі ад сваіх бацькоў, падлеткі сумуюць па цеплыні бацькоўскага дома з бацькамі, якія па-сапраўднаму кахаюць адно аднаго. Малады чалавек марыць аб паступленні ў добрую навучальную ўстанову, дарослы задумваецца над стварэннем удалай сям’і і добра аплочваемай працай. Сужэнцы спадзяюцца на ўзаемнае каханне. Бацькі жадаюць, каб іх дзеці выраслі добрымі людзьмі. Людзі старэйшага ўзросту чакаюць спакойнай старасці і зычлівасці з боку сваіх дзяцей і ўнукаў. У наш час трэба шмат старацца, каб гэтыя спадзяванні сапраўды спраўдзіліся. Пакуты чалавека і яго расчараванні звязаны з адсутнасцю любові да Бога і паміж намі — у сем’ях і грамадстве, у якім мы жывём. Святы Аўгустын, разважаючы пра таямніцу чалавека і паходжанне зла, так тлумачыў вернікам: «Часы, у якіх нам даводзіцца жыць, цяжкія таму, што мы самі зрабілі іх цяжкімі». Гэтыя словы даюць нам падставу да разважанняў Там, дзе не хапае людзей, цалкам адданых Богу і гатовых прысвяціць сябе іншаму чалавеку, наступае духоўны крызіс. Найбольш гэта кранае безабаронных і слабых, якія не могуць абараніцца перад моцнымі гэтага свету. Гэта і ненароджанае дзіця, і працаўнік, якога выкарыстоўвае начальнік, і хворы, якога зневажаюць, і стары чалавек, пра якога ўсе забылі. Нам вельмі лёгка гаварыць Богу пра сваю любоў, але як жа цяжка любіць Хрыста ў іншым чалавеку дзеяннем! На перашкодзе адкрытай і радаснай службе паўстаюць хваробы сучаснага свету: інфекцыя абыякавасці, ляноты, амаральнасці, пагоня за прыемнасцямі і ўладай; адсутнасць узаемнай пашаны і слухання. Я хацеў бы звярнуцца да Вас, улюбёныя Дыяцэзіяне, словамі закліку св. апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў, якія мы чулі ў другім чытанні: «Ноч мінула, і наблізіўся дзень: дык адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла» (Рымл. 13, 12). Мае дарагія! Нам нельга скардзіцца на іншых з-за таго, што ў нас нешта не атрымалася, нехта нас расчараваў ці нешта не ладзіцца паміж людзьмі — трэба нанава адкрыць нашыя хрысціянскія спадзяванні! Спадзяваннем кожнага хрысціяніна павінна быць імкненне да святасці. Святымі ў кожным жыццёвай пазіцыі і пакліканні хоча таксама мець нас у сябе Хрыстус. У разважаннях Адвэнту над «падрыхтоўкай прамых дарог для надыходзячага Пана» будуць нам спадарожнічаць Раратняя Маці Божая, св. Ян Хрысціцель, прарокі Старога Запавету. Ім даверце час радаснага адвэнтовага чакання святаў Божага Нараджэння ў сваіх сем’ях і парафіях! Няхай для кожнага гэта будзе час дзейснага чакання, каб яшчэ больш паглыбіць у сабе свядомасць сакрамэнтальнага жыцця, задумацца над выпраўленнем стану рэлігійнасці ўласнай сям’і — сужэнцаў, бацькоў, дзяцей і ўнукаў, зацікавіцца людзьмі, якія спадзяюцца на нашу зычлівасць, больш паклапаціцца пра касцёл і сваю парафію. Прашу Вас таксама аб малітве ўдзячнасці за нашу дыяцэзію, якая ў 2011 годзе будзе адзначаць 20-годдзе свайго існавання. Ужо зараз заахвочваю да актыўнага далучэння да місій і перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага ў кожнай парафіі нашай дыяцэзіі. Няхай у нас народзіцца шчырае жаданне даверыцца апецы благаслаўлёных і святых нашай Зямлі — св. Казіміра, св. Максімільяна, бл. Цэліны Бажэнцкай, благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка і Слоніма, благаслаўлёных святароў Генрыха Глябовіча і Міхала Сапоцькі. Няхай прыклады іх жыцця і іншых духоўных герояў нашай Зямлі ўвесь час заахвочваюць нас да хрысціянскай руплівасці. Вялебныя Святары! Годна і ахвярна здзяйсняйце спадзяванні Хрыста, Добрага Пастыра! Праз клопат пра дабро канкрэтнага чалавека ўзмацняйце духоўна свае супольнасці і душпастырскія групы, якія вам даручаны. Дарагія Клерыкі! Імкніцеся здабываць духоўную сталасць на працягу чарговых гадоў вашай семінарыйнай фармацыі! Паважаныя Законныя Сёстры і Катэхеты! Служыце сваёй малітоўнай падтрымкай справе Паўсюднага і Дыяцэзіяльнага Касцёла, а радаснай паставай вядзіце іншых да Хрыста і Яго Касцёла! Умілаваныя Бацькі і Сужэнцы! Вазьміце за прыклад жыццё Святой Сям’і з Назарэта! Паказвайце сапраўднае аблічча Хрыста праз цвярозасць, узаемную службу і супольную малітву ў вашых сем’ях! Каханая Моладзь! Сваім маладым энтузіязмам і запалам падтрымлівайце Касцёл, а перад сваімі равеснікамі сведчыце аб тым, чаму варта жыць для Хрыста і быць у Яго Касцёле! Дарагія дзеці! Уключыцеся ў лепшае пазнанне Пана Езуса праз катэхезу і малітву, бярыце прыклад з добрых людзей і пазбягайце дрэнных! Умілаваныя Дыяцэзіяне! Я жадаю ўсім Вам адкрыцця глыбокай радасці Адвэнту, якая нараджаецца з духоўнай перамены і сталага даверу будучыні Збавіцелю Хрысту. На плённае перажыванне Адвэнту ўсім Вам з усяго сэрца благаслаўляю. Аляксандр Кашкевіч, Біскуп Гродзенскі Гродна, 18.11.2010 г. Вялебных Святароў прашу прачытаць гэты Пастырскі Ліст у I Нядзелю Адвэнту (28 лістапада) замест казання на кожнай св. Імшы. |
Адноўлена 23.11.2010 14:04 |