Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст біскупа Антонія Дзям’янкі на Дзень кансэкраванага жыцця
30.01.2014 14:47

2 лютага ў Касцёле адзначаецца Дзень кансэкраванага жыцця. “Касцёл у гэты дзень асаблівым чынам падкрэслівае глыбокі змест кансэкрацыі асобы, якая аддаецца Пану Богу з поўным даверам, беручы на сябе абавязак захоўваць евангельскія парады, дадзеныя самім Езусам Хрыстом. Вельмі важна, каб кожнае пакаленне вернікаў ведала і цаніла гэтыя парады і тых, хто на іх будуе сваё жыццё і служэнне”, - піша біскуп Пінскі ў пастырскім лісце з гэтай нагоды.

Дарагія дыяцэзіяне,
Сёння, у свята Ахвяравання Пана, якое прыпамінае нам прынашэнне Пана Езуса ў Ерузалемскай святыні, мы жадаем звярнуць асаблівую ўвагу на місію кансэкраваных асобаў у Касцёле. Ужо амаль 20 гадоў па ініцыятыве благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ мы адзначаем гэтае свята як Дзень кансэкраванага жыцця. Характэрнай рысай прысвечаных Богу асобаў з’яўляецца асаблівая любоў да Хрыста чыстага, беднага і паслухмянага (Пар. VC31). Таму Касцёл у гэты дзень асаблівым чынам падкрэслівае глыбокі змест кансэкрацыі асобы, якая аддаецца Пану Богу з поўным даверам, беручы на сябе абавязак захоўваць евангельскія парады, дадзеныя самім Езусам Хрыстом. Вельмі важна, каб кожнае пакаленне вернікаў ведала і цаніла гэтыя парады і тых, хто на іх будуе сваё жыццё і служэнне.

Згодна з намерам Пана Езуса ў Касцёле мы распазнаем тры асноўныя віды пакліканняў: да асвячэння свецкага жыцця, да служэння ў святарстве і да кансэкраванага жыцця. Паміж гэтымі катэгорыямі пакліканых існуе цесная сувязь, бо ўсе яны служаць умацаванню цэласнага арганізму Касцёла, які ахоплівае разнастайныя формы, харызматы і місіі.

У манаскіх супольнасцях існуюць розныя напрамкі рэалізацыі паклікання да кансэкраванага жыцця. У першую чаргу гэта пакліканне да манаскага жыцця ў агульным сэнсе. Пасля - да жыцця, аддадзенага поўнасцю кантэмпляцыі, малітве і сузіранню Бога. Яшчэ адзін від – гэта выкананне нейкага асаблівага апостальскага служэння ў манаскіх установах, у таварыствах апостальскага жыцця альбо ў свецкіх інстытутах. У каталіцкай традыцыі ўсе гэтыя асобы адпаведным чынам складаюць Богу публічнае абяцанне дабравольна жыць паводле евангельскіх парад: чысціні, беднасці і паслухмянасці, паглыбляючы значэнне хроснага намашчэння.

Манаская кансэкрацыя заключае ў сабе тры істотныя элементы. З боку Бога – гэта “асаблівы Божы дар, які дадзены не ўсім, асаблівы дар Духа Святога” (VC 30), спецыяльная ласка, дзякуючы якой мы пакліканы да больш моцнай лучнасці з Панам. З боку чалавека  - гэта такія адносіны з Богам, што чалавек пакідае ўсё і выбірае дарогу асаблівага наследавання Хрыста, каб канчаткова ахвяраваць Яму сваё быццё, існаванне і непадзельным сэрцам любіць толькі Яго. З боку касцёльных уладаў - гэта законнае прызнанне такой формы жыцця і пацвярджэнне яе папскаю пячаткай.

Касцёл чакае ад кансэкраваных асобаў вялікай рашучасці і выразнай прыхільнасці да тыповай харызматычнасці іх служэння: утварэння сінтэзу веры і жыцця Евангелля ў гісторыі канкрэтнага чалавека, поўнай адданасці Божай хвале і безумоўнай гатоўнасці да поўнага жыцця як брата і сястры ў гэтым свеце (Пар. Ян Павел ІІ, Рым, 1 лютага 1997 г.). У выніку мы можам гаварыць аб кансэкраванай чысціні як таямніцы неразлучнасці, аб кансэкраванай убогасці як таямніцы беднасці і кансэкраванай паслухмянасці як таямніцы поўнай адданасці Богу.

Манаскае жыццё не з’яўляецца выключнай адметнасцю Каталіцкага Касцёла. Існуюць таксама манаскія супольнасці ў Праваслаўнай Царкве і ў астатачнай форме – у пратэстанцкіх супольнасцях. Пачаткі манаскага жыцця выходзяць ад Рэгул св. Пахомія і св. Бэнэдыкта, прадпісанняў св. Аўгустына і св. Францішка Асізскага. Супольны характар кансэкраванага жыцця ўвасабляе сабой Касцёл - рэчаіснасць таямнічай супольнасці, паходзячай ад адзінства Асобаў Найсвяцейшай Тройцы – Айца і Сына, і Духа Святога. Гэтая боска-чалавечая супольнасць з’яўляецца дарам Бога, а не творам чалавека.

Манаская супольнасць стварае евангельскі тып салідарнасці. Удзельнічаючы ў эканоміі ўцелаўлення і збаўлення Уцелаўлёнага Слова, яна адказвае на дар асабістага паклікання да жыцця ў асабістым аднясенні да Бога і бліжняга. Яго коранем з’яўляецца хрост, які ўводзіць у Божае жыццё і ў супольнасць Касцёла, а паглыбленнем гэтага жыцця становяцца вечныя манаскія абяцанні, якія ўводзяць у сетку братніх адносін, закліканых да адзінства ў Святым Духу. Кожны інстытут кансэкраванага жыцця з’яўляецца плодам харызмату, які атрымаў яго заснавальнік ад Духа Святога з мэтай духоўнага ўзбагачэння Касцёла. Кожны член супольнасці павінен імкнуцца да адзінства з іншымі, захоўваючы сваю арыгінальнасць. Гэта засцерагае кансэкраваных асобаў ад небяспекі індывідуалізму. Бо індывідуаліст пагружаецца ў эгаізм, падкрэслівае належныя яму правы, уцякае ад выканання абавязкаў, ставіць у цэнтры сябе, а не Бога.

Для фармавання супольнасці асаблівае значэнне маюць рэгула і канстытуцыі ордэна ці кангрэгацыі, таму што яны вызначаюць агульную мэту для ўсіх членаў супольнасці, нарміруюць іх жыццё, даюць падставы да пабудовы духоўнай еднасці.

Духоўным фундаментам манаскай супольнасці з’яўляюцца евангельскія парады: беднасці, чысціні і паслухмянасці. Евангельская парада беднасці ў адносінах да манаскай супольнасці адносіцца найперш да паставы Езуса Хрыста і апосталаў. Такую форму беднасці прынялі першыя хрысціянскія супольнасці, а потым - манаскія. І тут важную ролю адыгрывае сведчанне паасобных членаў супольнасці.

Кансэкраваная чысціня з’яўляецца спосабам, які вядзе да хрысціянскай дасканаласці, а таксама служба любові ва ўзаемнай адданасці асобаў.

Паслухмянасць - гэта евангельская парада, у якой зыходзяцца чысціня і беднасць. Яна знаходзіць свой пачатак у Хрысце - Уцелаўлёным Слове. Паслухмянасць, прынятая ахвотна і з радасцю, дазваляе жыць у натуральнай свабодзе, адкрытай на Божую волю. Практыкаваная з любоўю, яна вучыць ахвярнасці і самаадрачэнню ў выкананні апостальскай місіі супольнасці.

Узаемная любоў у манаскай супольнасці дапаўняе закон і з’яўляецца злучаючым звяном хрысціянскай дасканаласці. Жыццё братэрскай любоўю ў супольнасці з’яўляецца знакам лучнасці Касцёла, выражае сэнс яго існавання і дзейнасці ў дарозе да поўнай лучнасці з Богам і людзьмі паміж сабою. Хрыстус назваў гэта “новай запаведдзю”. Менавіта хрысціянская любоў з’яўляецца базай і цэнтрам развіцця іншых цнотаў.

Да істоты манаскага жыццця належыць малітва як асабістая, так і супольная. Пагрозай для малітвы ў сучаснасці з’яўляецца празмерны апостальскі актывізм кансэкраваных асобаў. З асабістай малітвай павінна практыкавацца і супольная малітва. Практыка супольнай малітвы патрабуе большай самадысцыпліны, пастаяннага плану ў супольнасці. Усялякая павярхоўнасць і часовасць прыносіць плады нявернасці і нядбайнасці. Асабліва Літургія Гадзінаў асвячае час паасобных членаў і ўсёй супольнасці, прычыняючыся да паглыблення жыцця супольнасці.

Эўхарыстыя з’яўляецца фундаментальным элементам, фарміруючым супольнасць. Яна - цэнтр жыцця супольнасці. Таямніца Эўхарыстыі як Ахвярнай Вячэры Хрыста, цэлебраванай у супольнасці, мае свой працяг у эўхарыстычнай адарацыі.

Багацце манаскіх супольнасцяў і іх евангельскае сведчанне ў сучасным свеце мае вельмі важнае значэнне як для Касцёла, так і для свету ўвогуле. Сёння мы дзякуем Пану Богу за дар паклікання кожнай кансэкраванай асобы. Яно пачынаецца са штодзённага жыцця дзяўчат і хлопцаў, у многім залежыць ад павагі да знаёмых духоўных аўтарытэтаў. Гэта яны часта становяцца Божай прыладай, паказваючы нязведаныя перспектывы ахвяравання жыцця на служэнне паводле евангельскіх парадаў. Яны штодзённа захапляюцца любоўю Пана, за якую немагчыма аддзячыць, якая пастаянна прыходзіць як дар. Адкрываючы гэтую любоў, чалавек становіцца здольным выканаць многія справы, часамі цяжкія, і ўсё дзеля Езуса.

Пагружаныя ў агрэсіўную штодзённасць, кансэкраваныя асобы могуць быць часам атакаваны спакусай свецкасці, прыпадабнення да абездухоўленага акружэння. Гэта пагражае ўзнікненнем прабелаў у манаскім пакліканні. Дарога евангельскіх парад можа пачаць прыстасоўвацца да асабістых звычак, захапленняў, сімпатый, а можа, нават узрастаючых заган. Таму ў Дзень ахвяравання ідзём за Марыяй і Юзафам у святыню. Няхай кансэкраваныя асобы яшчэ раз прынясуць Богу свае шлюбы, евангельскія парады, свае харызматы. Пойдзем, каб усё ахвяраваць Пану!

Толькі ў сціслай лучнасці з Езусам мы можам нанова запалаць першаснай руплівасцю і любоўю. Запытайма таксама прарочыцу Ганну, адкуль яна чэрпала сілы, каб столькі гадоў трываць на малітве. І знойдзем адказ, што яна чэрпала моц з прабывання ў святыні, дзе жыве Пан, а таксама са служэння людзям. Так законнікі і законніцы чэрпаюць сілы для трывання пры Езусе з прабывання ў святыні - месцы малітвы і ахвяры. Там яны служаць людзям прысутнасцю і служэннем перад Богам і народам, з якім разам моліцца. Дзелячыся сваёй верай з народам, кансэкраваныя асобы ўмацоўваюць таксама яго веру і жаданне маліцца за іх.

Сёння, калі манаскія супольнасці аднаўляюць свае шлюбы, мы звяртаемся да Пана Езуса: прымі, Пане, нашыя падзякі за дар кансэкраваных асобаў, якія з любоўю Цябе наследуюць у беднасці, чысціні і паслухмянасці. Прымі, Пане, гэты акт аднаўлення іх абяцанняў і абудзі ў нашай дыяцэзіі новыя пакліканні. Пінскаму Касцёлу патрэбныя сведкі адрачэння, ахвярнасці, посту і малітвы. Палессю не хапае цяпла манаскай пабожнасці. Абудзі, Пане, у нашай дыяцэзіі новых сведкаў Тваёй Праўды і Збаўлення. Няхай Касцёл на Палессі ззяе шматлікімі дарамі Тваёй ласкі.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 28.01.2014 г.

Шаноўныя душпастыры могуць прачытаць гэты ліст цалкам або выкарыстаць яго фрагменты ці некаторыя думкі ў гаміліі 2 лютага 2014 г. або ў бліжэйшую нядзелю.

Адноўлена 31.01.2014 12:29
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі