Тэкст паслання на польскай мове>>> Каляды — заўсёды актуальны Божы дар
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, усе людзі добрай волi!
1. Вось ізноў па Божай міласці мы святкуем адно з самых значных і любімых святаў — Божае Нараджэнне. Як шмат прыемных успамінаў і эмоцый выклікае ў нас гэтае свята. Мы ўспамінаем сваё дзяцінства, калі чакалі і не маглі дачакацца Калядаў; калі спяшаліся ў касцёл, каб заспяваць радаснае «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» і пакланіцца Немаўлятку Езусу, які знаходзіўся ў яслях; калі пад святочна ўпрыгожанай ёлкай знаходзілі падарункі і доўга іх разглядалі.
Традыцыя абменьвацца каляднымі падарункамі існуе і ў наш час, і па магчымасці яе трэба падтрымліваць. Радуючыся з атрыманых падарункаў і засяроджваючы сваю ўвагу на матэрыяльных рэчах, мы адначасова павінны памятаць аб той любові, якой іншы чалавек такім чынам дзеліцца з намі.
2. Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння мы становімся сведкамі таго, як Бог адорвае нас заўсёды актуальным падарункам, якім з’яўляецца ўцелаўлёны Божы Сын. Езус Хрыстус — гэта той дар, які ніколі не завяршаецца і працягваецца ў заўсёды актуальнай таямніцы ўцелаўлення Бога. У гэтым дары праяўляецца бязмежная любоў Бога да чалавека. Яна, як рэха, паўтараецца праз стагоддзі ў скіраваных да пастушкоў словах анёла: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 10-11).
Праз служэнне Касцёла Езус прыходзіць да нас, і такім чынам Ён на ўсе часы застаецца падарункам, бо Яго любоў бязмежная, бо Ён — гэта Божая ласка сярод нас, гэта святло, якое ніколі не гасне і якое асвятляе цемру нашага жыцця. Ён добра разумее нашу чалавечую слабасць, бо стаўся адным з нас, і прабывае з намі ў сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, Божым слове, дабрачыннасці і іншай дзейнасці Касцёла. Ён ведае нашы слабасці і смутак, нашы надзеі і імкненні і падтрымлівае ў жыцці.
3. Езус — гэта дар для ўсіх нас, пачынаючы ад бедных біблійных пастухоў і заканчваючы каралямі. Езус — гэта дадзены нам Сын Божы, які ахвяраваў сябе самога за нас на дрэве крыжа. Ён дар для кожнага чалавека паасобку і для ўсіх людзей разам узятых, незалежна ад іх нацыянальнасці, колеру скуры, паходжання, мовы, традыцый і г.д. Ён вядзе нас з цемры граху ў святло Божай ласкі. Таму Езус — гэта дар, які ніколі не памяншаецца і не завяршаецца.
Езус, як Божы дар чалавецтву, прыйшоў на нашу зямлю, каб нас прывесці ў неба. Ён цярпеў, каб нас выбавіць ад вечага цярпення. Ён памёр на крыжы, каб нас выратаваць ад вечнай смерці. Ён прынёс на зямлю боскае жыццё, каб аднавіць страчаны жыватворчы запавет чалавека з Богам. Ён прайшоў шляхам чалавечага жыцця, па якім ідуць усе людзі. Ён паказаў нам дарогу ў Божае Валадарства.
Таму мы сапраўды шчаслівыя, бо маем такі вялікі дар, якога ніхто не можа ў нас адабраць. Езус — гэта ніколі не гаснучае сонца, якое асвятляе наш жыццёвы шлях.
Гэты Божы дар мы атрымалі не ў прыгожай упакоўцы, але ў простых яслях. Там Бог пакінуў нам свой калядны падарунак, перавязаны не залацістай стужкай, але любоўю, якая прывяла Яго на дрэва крыжа. Аднак смерць не змагла знішчыць гэты найбольш каштоўны падарунак Бога чалавецтву. Ён сваёю Божай моцай выйшаў з цёмнай магілы, бо гэты жывы дар нам дадзены назаўсёды.
Такім чынам, у Езусе мы атрымалі неабходныя для збаўлення духоўныя багацці. Езус вызваляе нас ад смерці вечнай і вядзе ў вечнае жыццё. Аб гэтым вельмі добра нагадвае святы апостал Павел у Пасланні да Рымлянаў: «Расплата за грэх — смерць, а дар Бога — жыццё вечнае ў Хрысце Езусе» (Рым 6, 23). Гэты дар дадзены не пад прымусам, але з любові да чалавека (пар. Ян 3, 16). Ён дадзены нам, каб адрадзіць парушаныя грахом сувязі паміж Богам і чалавекам.
4. Будучы дарам, Езус адначасова з’яўляецца заданнем для кожнага з нас, каб мы Ім жылі і адорвалі іншых. Мы пакліканы несці святло Хрыста ў свет, які роспачліва патрабуе Божай любові. Радуючыся з гэтага атрыманага ад Бога дару, мы павінны радавацца з перадавання Яго іншым асобам. Благаслаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты любіла казаць, што, можа, мы і не маем чаго даць іншаму чалавеку, але заўсёды можам адарыць яго любоўю. А такіх людзей у сучасным свеце шмат.
Нездарма Святы Айцец Францішак у галаву вугла служэння Касцёла ў сучасным свеце, у якім так шмат розных бедаў, няшчасцяў і трагедый, ставіць служэнне любові. Мы павінны дапамагаць патрабуючым матэрыяльна і духоўна, каб радасць Божай любові дасягнула і іх. Мы адказныя за тое, каб гэты дар быў даступны ўсім і каб усе з яго карысталіся.
Таму Божае Нараджэнне павінна стаць святам абмену дарамі паміж Богам і чалавекам. Бог дае нам найбольш каштоўны дар, якім ёсць Яго Адзінародны Сын, а мы павінны праслаўляць Яго сваёй малітвай, прыкладным хрысціянскім жыццём і служэннем іншым. Для гэтага найперш неабходна самім бачыць гэты дар, яго прыняць і ім жыць.
5. На жаль, мы не заўсёды цэнім гэты Божы дар. Аднойчы на свята Божага Нараджэння малая дзяўчынка падарыла свайму старэйшаму брату выдатна ўпрыгожаную ўпакоўку. Калі хлопчык яе раскрыў, то ўбачыў, што яна пустая. Зразумела, ён не быў задаволены і нават з горыччу сказаў, што найперш неабходна штосьці пакласці ўнутр упакоўкі і толькі потым даваць. Дзяўчынка зірнула на яго са слязьмі на вачах і сказала: «Але ж пакунак не пусты. Я паслала туды мой паветраны пацалунак. Гэта найлепшы падарунак, які я магу ахвяраваць свайму любімаму брату». Брат быў вельмі ўзрушаны словамі сваёй сястры і прасіў у яе прабачэння за сваю нетактоўнасць. Падарунак нашага нябеснага Айца — гэта не нябачны паветраны пацалунак, але рэальны пацалунак неба з зямлёй, якім ёсць уцелаўлёны Сын Божы. У таямніцы ўцелаўлення Бог з нябёсаў зышоў на грэшную зямлю, каб аб’явіцца нам з чалавечым сэрцам і тварам. Пакорныя пастушкі і каралі з Усходу ўбачылі Яго, а ганарлівыя кіраўнікі Выбранага народу не змаглі, хаця Бог быў побач з імі.
6. Мы адзначаем свята Божага Нараджэння ў асаблівы час гісторыі свету, у якім колькасць праблем і выклікаў не памяншаецца, але імкліва павялічваецца. Сёння нашы вочы скіраваны на гэтае малое Дзіця, якое нарадзілася для нас (пар. Іс 9, 6) і для нашага збаўлення. З’яўляючыся аб’яўленнем Бога чалавецтву, Яно нясе святло ў цемру нашага часу.
Цёмнымі старонкамі жыцця сучаснага свету і яго крывацечнымі ранамі з’яўляюцца крызіс Богам устаноўленага, адзінага і непарушнага інстытуту сям’і і дэвальвацыя найбольш каштоўнага Божага дару, якім з’яўляецца дар жыцця; дэмаграфічны крызіс; практыка эўтаназіі, якая ўсё больш распаўсюджваецца; не дазволеныя Божым законам эксперыменты з эмбрыёнамі; рэпрадуктыўныя тэхналогіі; гендэрная ідэалогія; збройныя канфлікты і тэрарыстычныя акты; сацыяльная несправядлівасць; растучы ў некаторых краінах свету пераслед хрысціян і нават іх генацыд; маральная разбэшчанасць моладзі і яе згубленасць у жыцці; беспрацоўе; міграцыя; беднасць і г.д.
Вельмі небяспечным з’яўляецца нарастаючы крызіс веры і ліберальныя тэндэнцыі, якія ўсё больш праяўляюцца, прыстасаваць вучэнне Касцёла да свецкіх стандартаў сучаснага свету. У той жа час, як навучае Папа Бэнэдыкт XVI, Касцёл павінен пастаянна абнаўляць намаганні адарвацца ад схільнасці да свецкасці і адкрывацца на Бога, каб не засохнуць у карані ва ўмовах усё большай эрозіі яго касцёльнага характару. Гісторыя паказвае, што калі Касцёл становіцца менш свецкім, то яго місійнае сведчанне з’яўляецца больш яркім (пар. http://www.fronda.pl/a/tykajaca-bomba-w-niemieckim-kosciele, 44321.html).
7. Прычынай гэтых і іншых праблем з’яўляецца тое, што самадастатковы чалавек адкінуў Бога і не жадае жыць паводле Яго закону, а таксама прыняць праўду аб тым, што Бог не стамляецца любіць чалавека і чакае ўзаемнай любові. Самым небяспечным ва ўсім гэтым ёсць тое, што маральныя анамаліі сучаснасці расцэньваюцца як прагрэс на шляху да стварэння новага сусветнага парадку, будаванага не на хрысціянскіх каштоўнасцях, але на антыкаштоўнасцях.
На самой жа справе гэты прагрэс, калi ажыццяўляецца не згодна з маральнымi нормамi, становіцца духоўным рэгрэсам. Паляпшаецца якасць жыцця сучаснага чалавека, але ў ім няма Бога. Усё больш аўтастрадаў, але па іх Бог не прыходзіць да людзей. Будуюцца новыя прыгожыя палацы культуры і спорту, універсітэты, канцэртныя залы і гандлёва-забаўляльныя комплексы, стадыёны, але там не знойдзем Бога. Сродкі масавай камунікацыі, асабліва інтэрнэт, нашу велізарную планету ператварылі ў маленькую вёску, але не аб’ядналі людзей, бо там адсутнічае Бог.
8. Перад абліччам выклікаў нашага часу, якія прапагандуюцца як прагрэс, сёння мы вызнаём веру ў тое, што для нас нарадзіўся Збаўца, які спадарожнічае на шляхах нашага жыцця, гісторыі нашага народу і свету. Гэта той самы Пан, які казаў, што Яго паслядоўнікі павінны быць Яго сведкамі ў найбольш складаных сітуацыях (пар. Мц 10, 18).
Цяпер мы перажываем рашучы момант гісторыі хрысціянства, калі трэба сказаць наша рашучае «так» Богу і Евангеллю, бараніць прынцыпы нашай веры, як гэта рабілі нашы продкі ў ранейшыя часы, асабліва ў часы ганенняў. Мы заўсёды павінны памятаць, што святло Хрыста свеціць у цемры і цемра яго не агорне (пар. Ян 1, 5). Папа Бэнэдыкт XVI вучыць, што Збаўца стаў адным з нас, нашым спадарожнікам на дарогах гісторыі. Неабходна толькі ўхапіцца за руку, якую Ён працягвае нам (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/messages/urbi/documents/hf_ben-xvi_mes_20051225_urbi_it.html).
Гэтай рукой ёсць прапанаваная ўсім народам Добрая Навіна (пар. Лк 2, 10). На беларускую зямлю Евангелле было прынесена больш за тысячу гадоў таму. Яно стала Божым дарам нашаму народу і працягнутай нам Божай рукой, а таксама запрашэннем ухапіцца за яе, бо Езус нічога не адбірае, а толькі дае святло жыцця і адорвае сваёй ласкай.
Святы Ірыней яшчэ ў ІІ стагоддзі казаў, што Бог стаўся такім, якімі мы з’яўляемся, каб мы сталі такімі, якім Ён ёсць. А паводле Тэртуліяна, Бог так прынізіў сябе, каб чалавек мог стаць вялікім (пар. http://www.ak.radom.pl/index.php?id=61). У гэтых словах крыецца сэнс Божага Нараджэння. Бог у сваёй бязмежнай любові да чалавека стаўся чалавекам, каб адбудаваць надламанае, ачысціць забруджанае і вылечыць хворае.
9. У апошнія гады падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння адзначаецца камерцыйнасцю. Гэта знак нашага часу. Яшчэ далёка перад Калядамі, амаль што з урачыстасці Усіх Святых, гэта значыць з 1 лістапада, магазіны ўпрыгожваюцца ёлкамі, запальваецца святочная ілюмінацыя і распачынаецца калядны распродаж. Нярэдка гэта суправаджаецца адпаведнай музыкай. Такім чынам Адвэнт страчвае сваё першапачатковае значэнне быць часам духоўнай падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння.
Падобна было і дзве тысячы гадоў таму, калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме. Юдэя была акупавана рымскімі войскамі. Згодна з загадам імператара цяжарная Марыя разам з Юзафам накіравалася ў Бэтлеем на перапіс насельніцтва. У такіх абставінах, калі натоўпы людзей ішлі ў розныя гарады, а гандляры таксама выкарыстоўвалі нагоду, каб зарабіць, у вялікай пакоры ў стайні для жывёлаў прыйшоў на свет Збаўца. Там Бог стаўся такім, якімі мы з’яўляемся.
Свет тады не заўважыў і не зразумеў важнасці падзеі, якая адбылася, падобна як сёння ён не заўважае і не разумее сапраўднага сэнсу Калядаў. Каб гэта адбылося, мы павінны прыняць праўду нашай веры аб уцелаўленні Бога і стаць яе пасланцамі, як імі сталі бэтлеемскія пастушкі і мудрацы з Усходу.
10. Анёлы сказалі пастушкам: «Не бойцеся!» (Лк 2, 10) Сёння Касцёл паўтарае гэтыя словы: «Не бойцеся! Бог сёння нам дае свайго Сына, каб быў святлом, якое асвятляе нашыя складаныя жыццёвыя шляхі. Прымем Яго, каб на Яго Евангеллі будаваць наша жыццё». Толькі тады мы зможам стаць такімі, якім з’яўляецца Бог.
Немаўлятка Езус паказвае нам сілу любові Бога да чалавека. У Ім Бог даў нам найбольш каштоўны падарунак, каб выратаваць нас з палону злога духа. Ён з’яўляецца ключом да шчасця і вырашэння праблем сучаснага свету. Нашы сэрцы павінны стаць яслямі, дзе Бог адорвае нас найкаштоўнейшым дарам свайго Сына і Ягонай ласкі. Таму ў нашых штодзённых клопатах не забудземся засяродзіць свой позірк на Немаўляці Езусе, каб Ён нас змяніў і ўмацаваў.
11. Са святам, дарагія браты і сёстры!
Віншую ўсіх вас!
Віншую іншых хрысціян, якія сёння з намі святкуюць свята Раства Хрыстова. Віншую праваслаўных і жадаю ім поспехаў у духоўнай падрыхтоўцы да Божага Нараджэння паводле Юліянскага календара! Нягледзячы на розніцу традыцый, мы аб’яднаныя адной праўдай аб уцелаўленні Сына Божага, як самага каштоўнага дару чалавецтву, і імкненнем да яго сведчання ў сучасным свеце, каб вылечыць яго ад існуючых духоўных паталогій.
Віншую ўсіх людзей добрай волі! Езус — адзіны Збаўца свету, і таму наша свята супольнае.
Няхай наша Бацькаўшчына стане яслямі, дзе заўсёды нараджаецца Хрыстус, каб Ён сваёй ласкай быў дарам кожнаму з нас.
Беларусь, не бойся прыняць Хрыста, не бойся жыць Ягонай праўдай, бо ў Ім наша збаўленне, наша радасць, шчасце і надзея!
Дзелячыся з усімі вамі традыцыйнай аплаткай, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 8 снежня 2014 г. Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Выкарыстаная літаратура:
1. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/messages/urbi/ documents/hf_ben-xvi_mes_20051225_urbi_it.html. 2. http://www.fronda.pl/a/tykajaca-bomba-w-niemieckim-kosciele, 44321.html. 3. http://www.ak.radom.pl/index.php?id=61.
P.S. Глыбокапаважныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам 25 снежня 2014 г., ва ўрачыстасць Нараджэння Пана.
|