Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст біскупа Пінскай дыяцэзіі Антонія Дзям’янкі на Вялікі пост 2015 года
14.02.2015 17:00

Тэкст ліста на польскай мове>>>

Шаноўныя святары,
кансэкраваныя асобы,
умілаваныя вернікі Пінскай дыяцэзіі!

Літургіяй Папяльцовай серады мы распачынаем час Вялікага посту. У гэтай літургіі падчас абраду пасыпання галавы попелам вельмі выразна гучаць словы: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Неабходнасць навяртання вынікае з грэшнай натуры чалавека, а грэх у сваю чаргу з’яўляецца не чым іншым, як адыходам ад Бога і пазбяганнем Яго міласэрнага позірку. Адам пасля таго, як учыніў першы грэх, схаваўся ад Бога, бо не мог прыняць міласэрнага позірку, не разумеў, што дасведчыў Божую любоў. Навяртанне з’яўляецца выхадам вонкі і стаяннем у праўдзе перад Богам.

Час Вялікага посту – гэта добрая магчымасць пазнаць Бога. Святы Ян коратка і найбольш выразна гаворыць, кім ёсць Бог: “Бог ёсць любоў” (1 Ян 4, 16). Менавіта Божая любоў аб’явілася нам у Езусе Хрысце, а яе вяршыняй стала збаўчая ахвяра Божага Сына, здзейсненая на дрэве крыжа. Найбольш поўна Літургія падкрэслівае нам гэта падчас Вялікага тыдня, а асабліва Велікоднага Трыдууму. Час Вялікага посту – гэта час пазнання і адчування Любові, а таксама час адказу на пытанне: чаму сёння так мала любяць Бога? Гэта пытанне чалавека, які перамяніўся і гатовы прыняць Божую любоў. Пасля закліку “Навяртайцеся” мы чуем наступны: “Верце ў Евангелле”. Аднак перш чым верыць у Евангелле, трэба яго спачатку ведаць. Таму падчас Вялікага посту зададзім сабе пытанне: адкуль мы ведаем Евангелле? Зразумела, што першымі веснікамі Евангелля з’яўляюцца бацькі і акружэнне. Родны дом дае нам першасны досвед веры і яе вызнавання.

Аднак існуе большая сям’я, можна сказаць, сям’я сем’яў, якой з’яўляецца Касцёл. Можа, менавіта час Вялікага посту стане для нас нагодай, каб пазнаваць і дзякаваць за дар Касцёла. Касцёл, які ўстанавіў Хрыстус, – гэта на працягу дзвюх тысяч год іерархі, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. Знакам адзінства Касцёла з’яўляецца Папа – намеснік Збаўцы на зямлі. Першым з іх быў святы Пётр. Цяперашнім 267-м яго наступнікам з’яўляецца Святы Айцец Францішак. Касцёл – гэта біскупы, наступнікі апосталаў, якія прабываюць у еднасці са Святым Айцом і выконваюць сваё служэнне ў дыяцэзіях. Касцёл – гэта наш штодзённы досвед супольнасці, у якой мы вызнаём веру.

Я так шмат пішу пра Касцёл, бо якраз у гэтым годзе мы перажываем 90-ю гадавіну ўтварэння Пінскай дыяцэзіі. Асаблівым чынам я хачу падзякаваць за дар набліжэння да нас бачнай структуры Касцёла, сям’і, у якой на працягу 90 гадоў абвяшчаецца праўда аб збаўленні і Божай любові. Дзякуем Пану Богу за дар булы Папы Пія ХІ “Vixdum Poloniae Unitas”, на моцы якой у 1925 годзе была эрыгавана наша дыяцэзія. Дзякуем Богу за ўнікальную асобу першага біскупа, сёння Слугі Божага, Зыгмунта Лазінскага, аб хутчэйшай беатыфікацыі якога мы молімся. Дзякуем за яго наступніка біскупа Казіміра Букрабу, які правёў наш Касцёл праз цёмную ноч вайны і акупацыі. Дзякуем за біскупаў і святароў, якія кіравалі душпастырствам у Касцёле ў наступныя цяжкія дзесяцігоддзі – ксяндза інфулата Міхала Крывіцкага, біскупа Уладзіслава Ендрушука, ад імя якіх на тэрыторыі Палесся кіраваў як Генеральны вікарый ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі. Выказваем падзяку Богу за сведчанне веры мучанікаў нашай дыяцэзіі з часоў Другой сусветнай вайны, за дар духоўнай семінарыі, якая падрыхтавала многіх працавітых святароў, сведкаў веры і Божай любові ў цяжкія часы вайны і ваяўнічага атэізму. Дзякуем за асобу незабыўнага кардынала Казіміра Свёнтка, які служыў у нашым Касцёле як Генеральны вікарый пасля 1989 года, а з 1991 года як Апостальскі адміністратар. Таксама з удзячнасцю ўзгадваем і першага дапаможнага біскупа Караля Няміру, які памёр у 1965 годзе. Дзякуем за ўсіх вялікіх святых, якія яшчэ перад узнікненнем дыяцэзіі закладвалі яе падмурак. Узгадаю хаця б асобу благаслаўлёнага Юрыя Матуляйціса – Матулевіча – біскупа Віленскага, які перад стварэннем дыяцэзіі наведваў з пастырскай візітацыяй Кобрын, Брэст і навакольныя парафіі. Ён так навучаў бацькоў аб іх абавязках: “На вас ляжыць першы і галоўны абавязак выхавання сваіх дзяцей па-Божаму. Паводле Божай задумы і з Яго волі вы з’яўляецеся нібы апосталамі і першымі, найбольш уплывовымі, выхавацелямі сваіх дзяцей. Святы Аўгустын сцвярджаў: “Падобна таму, як найвышэйшым пастырам належыць навучаць і кіраваць у Касцёле, так вашым абавязкам, бацькі, з’яўляецца рабіць тое ж самае ў сем’ях. На зары сваёй маладосці дзеці як бы праз вас думаюць, глядзяць вашымі вачыма, вашымі вушамі слухаюць, дзякуючы вам жывуць. Яны вераць у тое, у што верыце вы, любяць тое, што любіце вы, ненавідзяць тое, што ненавідзіце вы”. Таму святы Аўгустын заклікаў: “Калі вы хочаце Божага благаслаўлення для сваіх дзяцей, калі хочаце, каб яны памяталі пра вас нават пасля смерці, давайце ім добры прыклад, старайцеся пазбавіцца ад сваіх дрэнных схільнасцяў, бо інакш не зробіце на іх добры ўплыў і не выканаеце свайго бацькоўскага абавязку”.

Прыгадваючы сабе гісторыю, мы задумваемся над пытаннем: што нам з гэтай спадчынай рабіць? Найперш праз падзяку за дар дыяцэзіі спаўна ацаніць веліч дару, якім ёсць Касцёл, і знайсці сваё месца ў ім. У Касцёле і праз Касцёл трэба ўсведамляць прысутнасць Бога, які ёсць любоў. Час Вялікага посту ў гэтым сэнсе з’яўляецца асаблівым часам. Жадаю скончыць словамі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, якая ў маладым узросце шукала сваё месца ў Касцёле і ставіла перад сабой пытанне: што яна можа зрабіць у гэтай супольнасці і для гэтай супольнасці? Знайшоўшы адказ, яна піша: “О Езу, мая Любоў, нарэшце я знайшла сваё пакліканне. Маім пакліканнем з’яўляецца любоў. О так, я знайшла сваё месца ў Касцёле. Ты, мой Божа, мне яго вызначыў. У сэрцы Касцёла, маёй Маці, я буду любоўю!”

Няхай гэтыя словы і пастырскае благаслаўленне, якое ім спадарожнічае, будуць для вас уводзінамі ў час Вялікага посту і час падзякі за 90 гадоў жыцця нашай дыяцэзіі.

Ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляю
+ у імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 5 лютага 2015 г.

Шаноўныя душпастыры няхай абвесцяць гэты ліст на ўсіх святых Імшах у Папяльцовую сераду або ў першую нядзелю Вялікага посту.


Адноўлена 14.02.2015 17:03
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі