Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на І Нядзелю Вялікага посту 2015 года
13.02.2015 14:35

Тэкст ліста на польскай мове>>>

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Як кожны год, у Папяльцовую сераду ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца літургічны перыяд Вялікага посту. На працягу 40 дзён, прымаючы цяжар навяртання, пакуты і пакаяння, мы будзем духоўна рыхтавацца да радаснага вызнання веры ва Уваскрослага Хрыста падчас святкавання велікодных святаў. Вялікі пост – гэта асаблівы час ласкі, падораны нам Панам, каб мы маглі адрадзіцца ўнутрана, умацаваць сваю веру, надзею і любоў, аднавіць сваю сувязь з Хрыстом і адкрыцца на Яго збаўчае ўздзеянне.

У сённяшняй літургіі мы чуем заклік Езуса, які адначасова з’яўляецца лейтматывам распачатага перыяду Вялікага посту: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15). Трэба адзначыць, што Езус спачатку абвяшчае радасную навіну аб набліжэнні Божага Валадарства, а толькі потым скіроўвае да нас патрабавальны і таму цяжкі заклік да пакаяння і веры ў Добрую Навіну.

Божае Валадарства наблізілася. Нам яго прынёс Езус Хрыстус, і Ён жа запрашае нас увайсці ў яго. Гэта валадарства дабрыні і прыгажосці, праўды і справядлівасці, любові і супакою. Гэта лад, уведзены Богам. Прыналежнасць да гэтага валадарства – гэта прапанова, запрашэнне, магчымасць, дадзеная чалавеку Богам. Каб увайсці ў Божае Валадарства і належаць да яго, абавязкова патрэбна вера.

Вера з’яўляецца не толькі прызнаннем праўдай таго, што Бог абвясціў чалавеку. Гэта яшчэ і адказ чалавека на Божае слова, прыняцце любові Нябеснага Айца, аб’яўленай у асобе Езуса Хрыста. З любові да чалавека, нявольніка граху, Сын Божы “прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай” (Флп 2, 8). У таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста здзяйсняецца збаўленне свету, а Бог ахвяруе сваю міласэрнасць кожнаму, хто хоча яе прыняць.

Таксама сучаснаму чалавеку, які часта адчувае сябе стомленым, разгубленым, расчараваным, сагнутым пад цяжарам штодзённых клопатаў і балючых перажыванняў, даецца магчымасць выйсці на дарогу веры, што вядзе да паўнаты жыцця. Прымаючы ў веры пасланне аб пасхальнай таямніцы, хрысціянін прызнае, што ва ўкрыжаваным і ўваскрослым Хрысце яму дадзена збаўленне. Вера вучыць яго штодзённа ахвяраваць Богу ўласнае жыццё, з удзячнасцю прымаць усё, што Бог яму спасылае, ва ўпэўненасці, што Бог любіць яго. Вера з’яўляецца штодзённым “так”, якое чалавек гаворыць Пану Богу.

Каб магчы адказваць Богу “так” уласным жыццём, трэба нястомна адварочвацца ад памылковага, выключна зямнога спосабу мыслення і паводзін. Трэба з пакорай і даверам усклікаць Богу словамі псальма: “Дай мне пазнаць Твае шляхі, Пане, і пакажы мне Твае сцежкі! Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй i навучай” (Пс 25, 4–5). Іншымі словамі, трэба няспынна і ўвесь час нанова прыкладваць намаганні да асабістага навяртання.

Заклік Езуса да навяртання датычыць кожнага хрысціяніна. Кожны з нас запрошаны змяняць асабістае мысленне і дзейнасць, успрыняцце свету, іншых людзей і саміх сябе так, каб гэтае змяненне здзяйснялася ў святле Божай праўды. Мы павінны прызнаць, што не нашы схільнасці і жаданні, не мода і традыцыя, не чалавечыя правы вызначаюць накірунак жыцця і нормы паводзін. Гэта Бог як любячы Айцец указвае нам шлях і навучае таму, што сапраўды добрае.

Ужо цяпер, на пачатку Вялікага посту, давайце спытаемся ў сябе, што мы зробім, якую пастанову прымем, што зменім ва ўласным мысленні і паводзінах, каб гэты час ласкі прынёс шчодры і трывалы плён навяртання ў нашым жыцці.

Каштоўнай падказкай для нас з’яўляецца сёлетняе пасланне Папы Францішка на Вялікі пост. Святы Айцец звяртае ўвагу на праблему гэтак званай “глабалізацыі абыякавасці”. “Бывае так, – чытаем у пасланні, – што калі ў нас усё добра і нам жывецца выгодна, мы забываемся пра іншых [...], нас не хвалююць іх праблемы, іх пакуты і крыўды, якія ім прычыняюць... Тады нашае сэрца трапляе ў абыякавасць [...]. Гэтая эгаістычная пастава абыякавасці прыняла сёння сусветныя маштабы, так што мы можам гаварыць пра глабалізацыю абыякавасці. Гэта праблема, якой мы як хрысціяне павінны супрацьстаяць”.

Распачаты перыяд Вялікага посту павінен быць для нас часам аднаўлення, каб мы маглі перамагчы спакусу абыякавасці, закаранеласці сэрца і замкнутасці ў сабе, дзелячыся з іншым чалавекам любоўю, якой мы самі былі адораны Богам. Дапамогуць нам у гэтым добра вядомыя пакаянныя практыкі, якія Касцёл – згодна са шматвекавой традыцыяй – рэкамендуе сваім вернікам асабліва ў Вялікі пост: малітва, пост і міласціна.

Малітва як уменне шчырай і даверлівай размовы з Богам аб тым, што сапраўды важнае, з’яўляецца не толькі крыніцай, з якой выходзіць унутраная сіла чалавека. Заступніцкая малітва дапамагае нам адкрыцца на іншага чалавека, заўважыць яго клопаты і патрэбы. Малітва ахоўвае нас ад эгаізму і засяроджанасці на сабе, а таксама ад пачуцця бездапаможнасці і няздольнасці супрацьстаяць пакутам і няшчасцям, што закранаюць нашых братоў.

Безумоўнай дапамогай у справе пабудовы нашай унутранай сілы з’яўляецца пост. Чалавек духоўна ўзрастае дзякуючы вырачэнню, што з’яўляецца мастацтвам здзяйснення слушнага выбару большых каштоўнасцяў коштам меншых. Сапраўдны пост – гэта не столькі цялесная пакута, колькі імкненне вызваліцца ад зла, адрачыся ад граху і ўзмацніць волю, даючы адпор спакусам.

Міласціна – гэта дзейсныя лекі ад скупасці і эгаізму. Яна дапамагае нам вызваляцца ад прывязанасці да матэрыяльных рэчаў і каштоўнасцяў, вучыць праяўляць зацікаўленасць да братоў і сясцёр, якія знаходзяцца ў патрэбе. Дзякуючы дабрачыным арганізацыям, мы можам прыходзіць з дапамогай да блізкіх і далёкіх, якім неабходна наша падтрымка. Кожны, нават маленькі жэст нашай салідарнай любові, аказанай бліжняму, робіць нашае сэрца больш уразлівым, адкрытым і шчодрым, здольным пераймаць Хрыста, які прыносіць у ахвяру самога сябе.

Дарагія дыяцэзіяне!

На пачатку 40-дзённай дарогі посту, пакаяння і пакуты я звяртаюся да кожнага з вас з просьбай аб як мага лепшым і плённым перажыванні гэтага перыяду ласкі. Угледзьмася ў Езуса, які на пачатку сваёй грамадскай дзейнасці ідзе ў пустыню. Няхай перыяд Вялікага посту будзе часам, калі мы накіруемся ў пустыню – духоўна суцішымся, засяродзімся над уласным жыццём, услухаемся ў кожнае Божае натхненне. Няхай нашай ежай будзе Божае слова і Найсвяцейшае Цела Езуса Хрыста. Няхай наша асабістая і супольная малітва, а таксама ўдзел у прыгожых традыцыйных набажэнствах Крыжовага шляху і Песень жальбы, у велікапосных рэкалекцыях і днях засяроджання дапамогуць нам увесь час нанова адкрываць любоў Бога, які ведае сваіх дзяцей па імёнах і з бацькоўскім клопатам схіляецца над кожным з нас.

Усім вам, дарагія браты і сёстры, жадаю глыбокай, багатай на духоўны плён падрыхтоўкі да велікодных святаў. Няхай Вялікі пост будзе часам унутранай змены, духоўнага развіцця і ўзрастання ў любові да Бога і бліжняга.

Даручаю кожнага з вас у апеку Марыі, Маці Міласэрнасці, і на выпрабаванні велікапоснай дарогі навяртання ўсім вам ад сэрца б л а г а с л а ў л я ю

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 11 лютага 2015 г.

Прашу паважаных пробашчаў і адміністратараў парафій Гродзенскай дыяцэзіі аб прачытанні Пастырскага ліста падчас кожнай святой Імшы замест казання ў першую велікапосную нядзелю, 22 лютага 2015 г.


Адноўлена 14.02.2015 17:06
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі