№ 25/11/2015 Віцебск, 4 снежня 2015 г.
Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы (Зых. 34, 6) пажадаў, каб чалавек мог няспынна пазнаваць Яго боскую сутнасць розным чынам і ў розныя моманты гісторыі. (…) Міласэрнасць – гэта найвышэйшы і канчатковы чын, праз які Бог выходзіць нам насустрач. (…) Міласэрнасць – гэта шлях, які лучыць Бога з чалавекам, бо адкрывае сэрца на надзею, што мы будзем умілаваныя назаўсёды, нягледзячы на недасканаласць, якой ёсць грэх (Misericordie Vultus 1-2).
Булай “Misericordiae Vultus” з 11 красавіка 2015 г. Святы Айцец Францішак абвясціў Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, які распачнецца 8 снежня 2015 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а скончыцца 20 лістапада 2016 г., ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. У дзень інаўгурацыі Святога Года Папа Францішак адчыніць у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане Святыя Дзверы, якія стануцца Брамай Міласэрнасці, дзе кожны, хто будзе ўваходзіць праз яе, зможа спазнаць любоў Бога, які суцяшае, прабачае і дае надзею (Misericordiae Vultus 3). Затым 13 снежня 2015 г., у ІІІ Нядзелю Адвэнту, будуць адчынены Святыя Дзверы ў наступных папскіх базыліках і ва ўсіх мясцовых Касцёлах.
Вернікі змогуць у гэтым Святым Годзе перажыць і атрымаць адпуст, здзяйсняючы пілігрымку да Святых Дзвярэй, адчыненых у кожнай катэдры і ў вызначаных дыяцэзіяльным біскупам касцёлах, а таксама ў чатырох папскіх базыліках у Рыме. Гэты момант павінен быць злучаны з сакрамэнтам паяднання і поўным удзелам у святой Імшы, а таксама з роздумам над міласэрнасцю. Пасля праходу праз Святыя Дзверы, акрамя звычайных умоваў, вернікі павінны будуць затрымацца на малітве, каб споўніць апошнія акты, якія патрабуюцца: вызнанне веры і малітва за Папу, а таксама малітва ў папскіх інтэнцыях. Папа Францішак прызнаў таксама магчымасць атрымаць адпуст паводле стану сэрца асобам хворым, у вязніцах і кожнаму, хто асабіста спаўняе справу міласэрнасці. Юбілейны адпуст можна будзе атрымаць таксама для памерлых (пар. Misericordiae Vultus).
У адказ на папскую булу, у клопаце аб духоўным дабры ўсіх вернікаў нашай дыяцэзіі, вызначаю акрамя нашага катэдральнага касцёла парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску таксама касцёл парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе (дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў). У іх будуць адчынены Брамы Міласэрнасці.
Звяртаюся да душпастыраў, якія служаць у гэтых касцёлах, каб з дапамогай святароў з суседніх парафій і дэканатаў забяспечылі па меры магчымасці пастаянны доступ да сакрамэнту пакаяння і паяднання, каб як мага большая лічба вернікаў магла атрымаць ласку міласэрнасці і індульгенцыю (адпуст). На час трывання Юбілею Міласэрнасці ўсе святары маюць права адпускаць грэх аборту, вызваляючы праз ужыванне адпаведнай формулы з кары экскамунікі.
На глыбокае духоўнае перажыванне Святога Года Міласэрнасці ўдзяляю ўсім пастырскае благаслаўленне, выпрошваючы шчодрыя Божыя дары.
+ Алег Буткевіч Біскуп Віцебскі
|