Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гісторыя мінскай архікатэдры

Касцёл, якому з цягам часу было наканавана стаць галоўнай святыняй Мінска, самай велічнай базылікай горада і галоўнай яго высотнай дамінантай, а пазней заняць пачэснае месца сярод каталіцкіх святыняў Беларусі, быў узведзены ў 1710 г. як езуіцкая рэзідэнцыя (гл. калегіум езуітаў ). У 1773 г. Таварыства Езуса было скасаванае, і хаця на той час адзінай тэрыторыяй, дзе езуіцкі ордэн застаўся дзейнічаць, была Расійская імперыя, у свой былы прытулак, калі Мінск адышоў да Расеі, манахам вярнуцца не пашчасціла. Затое сама святыня з моманту заснавання ў 1798 г. Мінскай дыяцэзіі змяняе свой статус і рэкансэкруецца як катэдральны касцёл імя Найсвяцейшай Марыі Панны. За яго апсідай быў узведзены 3-павярховы будынак духоўнай кансісторыі, у якім таксама жылі ксяндзы-пралаты і канонікі. Пасля, калі кансісторыю перавялі ў комплекс былога францішканскага кляштара, тут размясцілася плябанія.

У вынiку пажару ў 1797 г. інтэр’ер святыні быў значна пашкоджаны, але ўжо да 1800 г. касцёл, дзякуючы намаганням першага біскупа Мінскай дыяцэзіі Якуба Дадэркі, быў не толькі цалкам адноўлены, але і ўзбагаціўся. Святыня таксама рэканструявалася ў 1853-54 гг. пад кіраўніцтвам архітэктара Казіміра Хрышчановіча. Скляпенні, сцены святыні, плоскасці калонаў, аркаў былі цалкам пакрытыя сюжэтнымі і арнаментальнымі фрэскамі, у асноўным работы Казіміра Анташэўскага. Сцены таксама ўпрыгожвалі палотны і.Аляшкевіча і Ш.Чаховіча. Менавіта пэндзлю апошняга належалі абразы св.Барбары і св.Юзафа ў бакавых алтарах, якія з’явіліся замест знятых амбонаў, што засталіся ад езуіцкіх дыспутаў. Сярод майстроў, чые творы ўпрыгожвалі касцёл, імёны Якуба Бразера, ігнацыя Дарэці, архітэктара Францішка Карава. З высокіх хораў лілася музыка арганаў «на 24 галасы, выдатнай архітэктуры».

У 1869 г. Мінская дыяцэзія была скасаваная і касцёл імя Найсвяцейшай Марыі Панны апынуўся ў рангу парафіяльных. Напрыканцы ХіХст. Мінская Марыінская парафія налічвала да 8000 парафіянаў, не лічачы яшчэ каля 5000 вернікаў, якія паслугоўваліся філіяльнымі касцёламі ў Анопалі, Воўчкавічах, на Кальварыйскіх могілках у Мінску, а таксама капліцамі ў Гарадзішчы, Сенніцы, Пятроўшчыне, Шабунях (цяпер Пухавіцкі р-н), Прылуках і дзвюма капліцамі Дабрачыннай супольнасці ў самім Мінску.

У лістападзе 1917 г. дзейнасць Мінскай дыяцэзіі аднавілася, біскупам быў прызначаны кс.Зыгмунт Лазінскі, які яшчэ ў 1905 г. быў пробашчам касцёла імя Найсвяцейшай Марыі Панны. Своеасаблівым сімвалам адраджэння стала з’яўленне над вежай былога калегіума адрэстаўраванага барочнага купала. Але ўжо ў 1920 г. НКУС арыштаваў і выслаў біскупа Лазінскага. У 1934 г. катэдральны касцёл зачынілі.

Падчас вайны касцёл імя Найсвяцейшай Марыі Панны нядоўгі час дзейнічаў, але ў 1947 г. катэдру зноў зачынілі. У 1951 г. на будынку разабралі вежы, зліквідавалі ўбранне святыні і ператварылі ў спарткомплекс таварыства «Спартак». і ўжо ў такім выглядзе будынак быў залічаны ў помнікі архітэктуры рэспубліканскага значэння.

Разам з крахам савецкай сістэмы надышоў канец і вандалізму. Ужо на самым пачатку 1990-х гг. на трэцім паверсе, пад самымі скляпеннямі, сталі праходзіць першыя набажэнствы. 15 снежня 1993 г. будынак касцёла цалкам перадалі вернікам, і 5 лютага 1994 г. чатырохметровы крыж над святыняй абвясціў пра гэта ўсяму гораду. А летам пачаліся складаныя рэстаўрацыйныя работы. Над сталіцай Беларусі зноў ўзнесліся прыгожыя барочныя вежы катэдры. Зноў над горадам паліўся перазвон касцельных званоў як сімвал адраджэння, ачышчэння, надзеі. Званоў як і раней 4: самы вялікі – у гонар Маці Божай Будслаўскай, сярэднія – у гонар Папы Яна Паўла II і Слугi Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, малы – у гонар Сіноду Беларусі. Яны размяшчаюцца па адным ў вежавых ярусах.

21 кастрычніка 1997 г. катэдральны касцёл імя Найсвяцейшай Марыі Панны быў урачыста рэкансэкраваны. Жывапіс на скляпеннях расчышчаны цалкам пакуль толькі ў прэзбітэрыі, астатняе – толькі фрагментарна. Цікавы таксама і адноўлены прыём у стылі ракако, які збірае шматпрофільны гзымс, што ідзе па перыметры завяршэння сценаў, у складкі, быццам гэта не камень, а лёгкая драпіроўка.

10 снежня 2005 г. адзначалася падзея, якая азнаменавала завяршэнне значнага этапа ў адраджэнні галоўнай каталіцкай святыні Беларусі. Адбылося ўрачыстае асвячэнне узноўленага галоўнага алтара святыні, быў каранаваны абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай — дар Слугі Божага Яна Паўла ІІ, а таксама былі асвечаны новыя арганы, пабудаваныя аўстрыйскімі майстрамі.

Паводле кнігі
КАТАЛІЦКІЯ СВЯТЫНІ,
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Частка I
© «Pro Christo» 2005.

Адноўлена 10.08.2010 13:30
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.