Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пётр Клявэр, святар |
Нарадзіўся ў 1580 г. у Каталоніі (Іспанія). Маючы 22 гады, уступіў у ордэн езуітаў. Знаёмства са святым Альфонсам Радрыгесам, езуіцкім містыкам, дапамагло яму вызначыць свой далейшы лёс: Радрыгес параіў маладому Пятру Клявэру паехаць у Паўднёвую Амерыку, каб там весці місіянерскую дзейнасць сярод цёмнаскурых насельнікаў кантынента. У 1616 г. у Картахене (Калумбія) Пётр прыняў святарскае пасвячэнне і прысвяціў сябе душпастырскай дзейнасці ў цэнтры гандлю чорнымі рабамі. Сярод гэтых няшчасных ён самаахвярна працаваў амаль 40 гадоў. Ён рабіў усё, што толькі магло зменшыць іх пакуты: быў для іх не толькі душпастырам, але і лекарам, раздаваў міласціну, вучыў і апекаваўся хворымі і нямоглымі. Незадоўга да смерці Пётр Клявэр засведчыў, што ахрысціў 300 тысяч неграў. Сам сябе ён называў «рабом рабоў». Для ўсіх, хто асабіста ведаў Пятра, ён быў прыкладам святара. Пётр Клявэр памёр 8 верасня 1654 г. у Картахене. Там, у шкляным саркафагу пад галоўным алтаром касцёла пры езуіцкім калегіуме, да гэтага часу спачывае яго цела. Папа Леў ХІІІ абвясціў Пятра Клявэра — «апостала рабоў» — апекуном афрыканскіх місій. Успамін: 9 верасня |
Адноўлена 15.07.2009 17:37 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.