Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Благаслаўлёныя Марыя Стэла і паплечніцы, панны і мучаніцы
Благаслаўлёныя Марыя Стэла і паплечніцы, панны і мучаніцыСёстры Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта з’явіліся ў Наваградку ў 1929 годзе па запрашэнні біскупа Зыгмунта Лазінскага, каб апекавацца касцёлам Перамянення Пана — так званай Белай Фарай — і каб прысвяціць сябе выхаванню і адукацыі дзяцей і моладзі. Падчас Другой сусветнай вайны на чале супольнасці сясцёр у Наваградку была сястра Марыя Стэла ад Найсвяцейшага Сакрамэнту (Адэля Мардасевіч), па адукацыі — настаўніца. Нягледзячы на забарону акупацыйных нямецкіх уладаў, сёстры працягвалі сваю дзейнасць і нават патаемна навучалі дзяцей.

Летам 1943 г. у выніку карнай аперацыі ў вязніцы апынулася 120 жыхароў горада, якія былі асуджаныя на расстрэл. Пад пагрозаю было і жыццё ксяндза Аляксандра Зянкевіча, адзінага на той час наваградскага святара. Сястра Марыя Стэла разам з іншымі сёстрамі так малілася ў тыя жахлівыя дні: «Мой Божа, святар больш неабходны, чым мы, на гэтым свеце, дык молімся цяпер, каб Бог забраў лепей нас, чым ксяндза, калі ёсць патрэба ў новай ахвяры. Няхай лепш нас расстраляюць, а не тых, хто мае сем’і». 1 жніўня 1943 года ў лесе паблізу Наваградка 11 сясцёр з супольнасці Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта былі расстраляныя фашыстамі. Ахвяра сясцёр змяніла ход зямных падзеяў: выратавала і вязняў — усе перажылі вайну, — і ксяндза. Целы сясцёр-мучаніц спачываюць у фарным касцёле Наваградка.

Успамін: 4 верасня
Адноўлена 15.07.2009 17:27
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.