Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святая Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа (Эдыта Штайн), панна і мучаніца, апякунка Еўропы
Святая Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа (Эдыта Штайн), панна і мучаніца, апякунка ЕўропыЭдыта Штайн нарадзілася 12 кастрычніка 1891 г. у жыдоўскай сям’і ў Вроцлаве. Яе бацька памёр, калі Эдыце было толькі два гады. Маці выхоўвала дзевяцерых дзяцей у жыдоўскай традыцыі, але ў 14 гадоў Эдыта лічыла сябе атэісткай. Атрымаўшы атэстат сталасці, яна паступіла ва універсітэт і пачала вывучаць філасофію. Пасля абароны дысертацыі Эдыта працавала ў Фрыбургу асістэнткай вядомага фенаменолага Эдмунда Гусерля.

Аднойчы яна была моцна ўражана незвычайным даверам да Бога адной жанчыны, муж якой загінуў на вайне, і тады ў Эдыты абудзілася цікавасць да хрысціянства. Зрабіць канчатковы выбар на карысць Хрыста ёй дапамог жыццяпіс св. Тэрэзы Авільскай, прачытаўшы які, Эдыта Штайн ва ўзросце 31 года вырашыла прыняць хрост, хоць гэта і выклікала асуджэнне з боку родных. У 1934 г. яна ўступіла ў ордэн кармелітак у Кёльне, нягледзячы на пачуццё віны перад маці, якая намагалася стрымаць яе ад гэтага кроку. Эдыта прыняла ў ордэне імя Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа.

Пасля смерці маці па прыкладзе Эдыты яе сястра Ружа таксама ахрысцілася і ўступіла ў кляштар. Калі нацысты пачалі барацьбу за «расавую чысціню», Эдыта з сястрою перабраліся ў кармеліцкі кляштар у Галандыю, каб не ствараць праблемаў для сясцёр у Кёльне, але і там неўзабаве пачалася «чыстка». Сясцёр Штайн арышта- валі і адправілі ў Асвенцім, дзе яны і загінулі ў газавай камеры 9 жніўня 1942 г. Кармелітка, філосаф і мучаніца Эдыта Штайн была ў 1998 г. кананізаваная Папам Янам Паўлам ІІ, які абвясціў яе апякункаю Еўропы.

Успамін: 9 жніўня
Адноўлена 15.07.2009 17:24
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.