Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Хасэмарыя Эскрыва, святар
Святы Хасэмарыя Эскрыва, святарНарадзіўся 9 студзеня 1902 г. у Барбастра (Іспанія). Разам з навучаннем у семінарыі вывучаў права у Наварскім універсітэце. Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1925 г. Праз тры гады, 2 кастрычніка 1928 г., у свята Анёлаў Ахоўнікаў, Хасэмарыя Эскрыва заснаваў у Мадрыдзе супольнасць Opus Dei (Божая Справа), якая аб’яднала ў асноўным маладых свецкіх вернікаў са студэнцкага асяроддзя. Мэтаю гэтай арганізацыі была і застаецца дапамога свецкім хрысціянам асвячаць іх штодзённае жыццё ў свеце.

У 1943 г. узнікла святарская галіна Opus Dei. Айцец Эскрыва ўвесь час клапаціўся пра ўмацаванне і развіццё супольнасці, а таксама пра ўзрастанне ў святасці сваіх духоўных дзяцей. Ён нястомна настаўляў іх словам на шматлікіх сустрэчах, у якіх удзельнічалі дзесяткі тысяч людзей, а таксама ў сваіх кнігах, што ў перакладах на мноства моваў разыходзіліся мільённымі накладамі. Сярод іх шырока вядомыя «Шлях», «Баразна», «Кузня», «Сябры Бога», «Хрыстус праходзіць побач».

Эскрыва заклаў асновы сучаснай каталіцкай духоўнасці. На момант смерці заснавальніка 26 чэрвеня 1982 г. Opus Dei налічвала каля 60 тысяч сяброў у 80 краінах на 5 кантынентах. Папа Ян Павел ІІ зрабіў Opus Dei персанальнай пралатурай, даючы ёй такім чынам шырокія магчымасці для дзеяння ва ўсім свеце. Цела святога, якога Папа Ян Павел ІІ кананізаваў на плошчы Святога Пятра 6 кастрычніка 2002 г., спачывае ў касцёле Маці Божай Супакою ў Рыме, дзе знаходзіцца сядзіба пралатуры Opus Dei. Святы Хасэмарыя Эскрыва з’яўляецца апекуном штодзённых справаў.

Успамін: 26 чэрвеня
Адноўлена 15.07.2009 17:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.