Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Марк, евангеліст |
Ян, празваны Маркам, быў вучнем і перакладчыкам святога апостала Пятра, які называў яго «сваім сынам». Ён з’яўляецца аўтарам другога Евангелля, найкарацейшага з чатырох. Мяркуюць, што Марк напісаў яго па просьбе Пятра і з яго словаў. Паводле Новага Запавету, Марк быў сынам Марыі з Ерузалему, у доме якой рэгулярна збіраліся першыя хрысціяне. Марк спадарожнічаў Паўлу і свайму сваяку Барнабу ў першых місіянерскіх падарожжах у Антыёхію, а затым дапамагаў Паўлу падчас яго зняволення ў Рыме. У Вечным горадзе ён таксама блізка супрацоўнічаў з Пятром і, праўдападобна, напісаў Евангелле. Пасля мучаніцкай смерці Князя апосталаў Марк накіраваўся з місіяй на Усход. Дакладных звестак пра яго далейшы лёс засталося вельмі мала. Лічыцца, што ён быў першым біскупам Александрыі, дзе дзякуючы яго дзейнасці станавілася ўсё больш і больш хрысціянаў. Раздражнёныя гэтым пагане схапілі Марка, калі ён служыў святую Імшу, і цягнулі яго на вяроўцы па вуліцах горада. Не перажыўшы такога здзеку, на наступны дзень Марк памёр. Яго рэліквіі знаходзяцца ў катэдры Сан Марка ў Венецыі, апекуном якой ён з’яўляецца. Сімвал евангеліста — леў. Ён лічыцца апекуном пісьменнікаў і мастакоў, праз яго заступніцтва сяляне просяць добрага надвор’я і спрыяльных дажджоў. Успамін: 25 красавіка |
Адноўлена 15.07.2009 17:20 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.