Святы Караль Барамэй, біскуп |
Нарадзіўся 2 кастрычніка 1538 г. на поўначы Італіі ў сям’і графа Барамео. У 14 гадоў распачаў вывучаць права ў Падуанскім універсітэце і пасля заканчэння вучобы атрымаў ступень доктара. Калі дзядзька Караля кардынал Медычы быў абраны Папам Піем IV, ён прызначыў свайго 22-гадовага пляменніка кардыналам-дыяканам і сваёю даверанаю асобаю, а таксама даручыў яго апецы Міланскую архідыяцэзію. У той час Караль не меў ані тэалагічнай адукацыі, ані святарскага
пасвячэння. Святаром ён стаў толькі праз 4 гады, і пазней быў афіцыйна
пасвечаны ў біскупы. У 1566 г. Караль нарэшце перабраўся ў сваю дыяцэзію
са сталіцай у Мілане. На працягу двух наступных дзесяцігоддзяў ён
разгарнуў актыўную дзейнасць і набыў вялікі аўтарытэт у вачах
духавенства і епіскапату. Караль Барамэй аддаваў усе свае сілы,
узнімаючы дыяцэзію з заняпаду і ажыўляючы рэлігійнасць вернікаў:
засноўваў духоўныя семінарыі, праводзіў шматлікія сіноды, падтрымліваў
місіянерскую дзейнасць кляштараў. Падчас працяглай эпідэміі чумы Караль
Барамэй сам клапаціўся пра хворых і паміраючых, жывучы амаль выключна на
хлебе і вадзе. Адзін з першых ён увёў у сваёй дыяцэзіі рэформы
Трыдэнцкага Сабору, даўшы прыклад разважлівага іх прымянення іншым
іерархам. Знясілены самаахвярным служэннем, памёр 3 лістапада 1584 г. у
Мілане, маючы толькі 46 гадоў. У яго пахаванні бралі ўдзел натоўпы
вернікаў, якія шчыра аплаквалі свайго пастыра. Караль Барамэй быў
пахаваны ў міланскай катэдры, дзе яго рэліквіі спачываюць да сённяшняга
дня. Святы з’яўляецца апекуном душпастыраў і семінарыстаў, у яго просяць
паратунку ад заразы. Таварыства імя св. Караля Барамэя займаецца
распаўсюджваннем рэлігійнай літаратуры. Успамін: 4 лістапада |
Адноўлена 04.11.2010 12:37 |