| Мк 5, 1-20 |
| 01.02.2016 03:00 |
|
«Выйдзі з чалавека, нячысты дух» У той час: Езус і Яго вучні прыбылі на другі бок мора ў краіну гадарэнаў. А калі Ён выйшаў з чаўна, Яму насустрач адразу выйшаў чалавек з могілак, апанаваны нячыстым духам. Жыллё ягонае было сярод магілаў. Ніхто не мог звязаць яго нават ланцугом, таму што часта яго знявольвалі кайданамі і ланцугамі, але ён разбіваў ланцугі і кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць. Увесь дзень і ўсю ноч, будучы ў грабніцах і ў гарах, ён крычаў і біў самога сябе камянямі. Калі ж ён здалёк убачыў Езуса, падбег і пакланіўся Яму, і закрычаў моцным голасам, кажучы: Што Табе да мяне, Езу, сыне Бога Найвышэйшага? Богам заклінаю Цябе, не мучай мяне. Бо Езус сказаў яму: Выйдзі з чалавека, нячысты дух. І спытаўся ў яго: Як тваё імя? Той адказаў: Маё імя легіён, бо нас шмат. І моцна прасіў Яго, каб не выганяў іх з гэтай ваколіцы. Пасвіўся там каля гары вялікі статак свіней. І прасілі яго нячыстыя духі, кажучы: Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх. І Ён дазволіў ім. І выйшаўшы, увайшлі гэтыя нячыстыя духі ў свіней, і статак, каля дзвюх тысяч, з абрыву кінуўся ў мора, і патанулі яны ў моры. Свінапасы ж паўцякалі і абвясцілі ў горадзе і ў вёсках, і людзі выйшлі паглядзець, што адбылося. Яны прыйшлі да Езуса і ўбачылі, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць апрануты і пры здаровым розуме, і спалохаліся. А тыя, хто бачыў, расказалі ім пра тое, што адбылося з апантаным і са свіннямі. Тады пачалі яны прасіць Езуса, каб Ён адышоў ад іхніх межаў. Калі Езус сядаў у човен, прасіў Яго апантаны, каб застацца з Ім. Але Езус не дазволіў яму і сказаў: Вярніся да свайго дому і да сваіх і раскажы ім усё, што Пан учыніў табе і як злітаваўся над табою. Той адышоў і пачаў абвяшчаць у Дэкаполісе ўсё, што ўчыніў яму Езус, і ўсе здзіўляліся. |


для друку