Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святая Марыя Гарэцці, панна і мучаніца
20.06.2013 15:04

 

Марыя Тэрэза Гарэцці нарадзілася 16 кастрычніка 1890 г. у гарадку Карынальда, у беднай сям’і. Яе хрысцілі на наступны дзень пасля народзінаў.

Калі Марыі споўнілася 6 гадоў, бацька загадаў маці навучыць дачку паслухмянасці, малітвам, любові да Бога і Яго Святой Маці. Калі Марыі было 8 гадоў, уся сям’я пераехала на Пантыйскія Балоты. Бацька Марыі, яго кампаньён Сэрэнэлі і шаснаццацігадовы сын апошняга, Алесандро, уладкаваліся на працу ў графа Мазаліні. Марыетту, як яе часцей за ўсё называлі, усе любілі і шанавалі.

Бацька Марыі, Луіджы, сур’ёзна захварэў, ён падхапіў брушны тыф, малярыю, запаленне мазгавых абалонак, пнеўманію. Перад смерцю мужа Асунта правяла каля яго ложка 10 дзён. Дзесяцігадовая Марыя ўзяла на сябе гатаванне ежы, пакупкі і турботы аб малодшых дзецях. Пасля смерці Луіджы, Марыі прыйшлося ўзяць на сябе ролю «маці» і выконваць абавязкі гаспадыні ў сям’і Сэрэнэлі.

Вясной 1902 г. Марыя рыхтавалася прыняць Езуса ў Эўхарыстыі. У маі святар праэкзамэнаваў яе і прызнаў, што яна вельмі добра падрыхтавалася. Але дзяўчынка не магла купіць сабе белую сукенку, пацеркі і замест гэтага раніцай 29 мая прыбралася ў тое, што ёй ахвяравалі суседзі.

На працягу чэрвеня да Марыі два разы заляцаўся Алесандро Сэрэнэлі. Двойчы ён нават прыгразіў, што заб’е яе, калі яна каму-небудзь раскажа. На працягу ўсяго месяца Марыя старалася знаходзіцца як мага далей ад яго. Раніцай 5 ліпеня 1902 г. Гарэцці і Сэрэнэлі працавалі ў полі. Пасля абеду Сэрэнэлі заснуў, а астатнія вярнуліся ў поле. Марыя сядзелa на ганку і чыніла адзенне, прыглядаючы за маленькай сястрычкай. Іншыя дзеці былі разам з маці. Алесандро саступіў Асунце месца пры першай пары валоў і вярнуўся дамоў. Прайшоў каля Марыі ў свой пакой. Потым зноўку з’явіўся з хусткай у руках і спусціўся ў кладоўку, дзе, як пазней высветлілася, затачыў нож. Пасля зноў вярнуўся ў дом і паклікаў Марыю. Але яна адмовіла. Ён выйшаў на ганак і зацягнуў Марыю ў дом. Яму не хапіла смеласці дакрануцца да цела дзяўчынкі. Тады ён нанёс ёй 14 ран нажом. Ніхто не чуў крыкаў Марыі, бо ўсе былі ў полі. Калі знайшлі Марыю, прыехаў мясцовы ўрач. Калі ён перавязваў раны Марыі, яна крычала ад болю і час ад часу паўтарала: «Ах, Алесандро, які ж ты няшчасны! Ты патрапіш у пекла!»

Таму ж святару, які даваў Марыі Першую Камунію, давялося даць і апошнюю. Перад тым як даць ёй віятык, ён спытаў, ці ўсім сэрцам яна прабачае забойцу. «Так, я таксама, у імя любові да Езуса, прабачаю яго і жадаю, каб ён быў са мной у раі… Няхай Пан Бог яму даруе, таму што я ўжо гэта зрабіла», — адказала Марыя. Яна памерла 6 ліпеня.

Суд над Алесандро пачаўся 16 кастрычніка 1902 г. Яго прыгаварылі да 30 гадоў зняволення. У вязніцы ён правёў 8 гадоў без ніякіх прыкметаў пакаяння. Але аднойчы ноччу яму прыснілася Марыя Гарэцці, якая стаяла сярод поля, поўнага кветак, і працягвала яму белыя лілеі. 10 лістапада 1910 г. ён напісаў ліст біскупу, у якім прасіў прабачэння за свой учынак. У 1937 г., у вігілію  Божага Нараджэння, Алесандро прыйшоў да Асунты, каб ад яе пачуць, што Марыя яму даравала.

Папа Пій Х прадставіў Марыю як прыклад праўдзівай адданасці Пану Богу — прыклад, які павінен натхняць моладзь. У 1947 г. папа Пій ХІІ далучыў Марыю да ліку благаслаўлёных. Яе кананізацыя адбылася 25 чэрвеня 1950 года.

Марыя Гарэцці лічыцца апякункай паннаў і моладзі.

Успамін: 6 ліпеня.
Паводле zhlobinkap.angelfire.com,  (LB)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.