Статыстыка Каталіцкага Касцёла паводле „Annuarium Statisticum Ecclesiae 2008“ |
29.04.2010 15:30 |
У 2008 г. Святым Айцом была ўтворана 1 новая Мітраполія і 11 новых дыяцэзій; 4 тэрытарыяльныя ўтварэнні ўзвышаны да рангу Мітраполій, 2 — да рангу дыяцэзій і 1 — да Апостальскага Вікарыяту. На працягу года былі прызначаны 169 новых Біскупаў. Статыстычныя даныя, прадстаўленыя ў Annuarium Statisticum Ecclesiae 2008, прадстаўляюць кароткі аналіз дынамікі Каталіцкага Касцёла ў 2008 г. За перыяд з 2000 г. па 2008 г. павелічэнне колькасці католікаў у свеце перавысіла глабальны прырост насельніцтва. У 2008 г. у свеце было 1 мільярд 166 мільёнаў католікаў, у параўнанні з 2000 г., калі іх было 1 мільярд 45 мільёнаў, лічба ўзрасла на 11,54%. Прырост католікаў, такім чынам, на 0,77% перавысіў прырост насельніцтва Зямлі за дадзены перыяд. Найбольш, а менавіта на 1/3, павялічылася колькасць вернікаў у Афрыцы і на 1/6 — у Азіі. Паменшыўся ўдзел еўрапейцаў у глабальнай лічбе католікаў з 26,81% у 2000 г. да 24,31% у 2008 г. Рэгулярна ўзрастае колькасць вернікаў у Афрыцы, больш павольны іх прырост назіраецца ў Амерыцы і Азіі. За 2000–2008 гг. колькасць біскупаў павялічылася з 4541 асобы да 5002 асобаў. У выніку колькасць святароў на аднаго біскупа ў гэтым перыядзе паменшылася з 89,2 да 81,8. Нязначна павялічылася за гэты перыяд колькасць святароў: на 1/3 у Афрыцы і на 1/4 у Азіі. Памяншэнне колькасці святароў назіраецца ў Еўропе — на 7% і ў Амерыцы — на 4%. У глабальнай шкале павялічылася колькасць дыяцэзіяльных святароў з 265781 у 2000 г. да 272431 у 2008 г. Паменшылася колькасць законнікаў са 139397 у 2000 г. да каля 135 тысяч у 2008 г. Памяншаецца колькасць законнікаў на Еўрапейскім кантыненце: у 2000 г. — 51% духавенства ў свеце, у 2008 г. — толькі 47%. Павялічваецца колькасць вернікаў, якіх абслугоўвае адзін святар. У 2000 г. на аднаго святара прыпадала 2579 католікаў, у 2008 г. — 2849. Найбольш гэта з’ява назіраецца ў Афрыцы — 4800 і Азіі — 4700. За перыяд 2000–2008 гг. павялічылася колькасць сталых дыяканаў: з 28 тысяч да 37 тысяч. 2/3 з іх пражываюць у Амерыцы (пераважна ў Паўночнай) і 1/3 — у Еўропе. У той жа час, у глабальнай шкале панізілася колькасць законных братоў з 55057 да 54641. Гэтая з’ява дакранулася пераважна Еўропы (паніжэнне на 1/6) і Акеаніі (паніжэнне на 1/5). Панізілася таксама колькасць законніц з 801185 да 739068. Гэтая з’ява асабліва датычыць Еўропы — паніжэнне на 17,57%, Акеаніі — 14,58% і Амерыкі — 12,85%. У той жа час, дынамічнае развіццё жаночага законнага жыцця назіраецца ў Афрыцы і Азіі (адпаведна 21,20% і 16,40%). Павялічваецца таксама колькасць кандыдатаў да святарства. У 2008 г. іх колькасць складала 117 тысяч — на 7 тысяч больш, чым у 2000 г. Аднак назіраецца памяншэнне сярод іх жыхароў Амерыкі і Еўропы. Павелічэнне колькасці семінарыстаў назіраецца ў Азіі і Афрыцы. |
Адноўлена 29.04.2010 16:01 |