Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Афіцыйныя папскія дакументы

Афіцыйныя папскія дакументы на сённяшні дзень часткова друкуюцца ў ватыканскім перыядычным выданні «Acta Apostolicae Sedis» (ААS). Яны падзяляюцца на некалькі катэгорый.

Найбольш важныя з папскіх дакументаў, якія носяць урачысты характар, — гэта апостальскія канстытуцыі і булы.
Була — гэта пасланне Папы Рымскага на лацінскай мове, прысвечанае найбольш важным праблемам касцёльнага або свецкага жыцця. Утрымлівае пастанаўленне, распараджэнне або зварот. Назва дакументу даецца па першых словах тэксту. Змацоўваецца круглай металічнай пячаткай — булай.

Да другой групы папскіх дакументаў адносяцца так званыя брэвэ, або «скарочаныя» папскія пастановы прыватнага характару. Брэвэ — пасланне Папы Рымскага, прысвечанае праблемам касцёльнага або свецкага жыцця. Ад булы адрозніваецца менш урачыстым характарам. Змацоўваецца папскай пячаткай, але падпісваецца кардыналам-сакратаром.

У трэцюю катэгорыю ўваходзяць рознага характару апостальскія пасланні. Сярод іх варта назваць пасланні «motu proprio», г. зн. тыя, якія напісаны па асабістай ініцыятыве Папы і датычаць пераважна арганізацыйных праблемаў ці пытанняў касцёльнага кіравання. У 1740 годзе з’явілася першае «акруговае» папскае пасланне, або энцыкліка ў сучасным разуменні. Напісаў яго Бэнэдыкт XIV (1740–1758 гг.). На сённяшні дзень рэестр папскіх энцыклік налічвае каля 200 такіх дакументаў.


Да групы папскіх дакументаў адносяцца таксама апостальскія адгартацыі (ад. лац. adhortatio — заахвочванне). Гэта спецыяльны зварот Папы да біскупаў, духавенства і ўсіх вернікаў, прысвечаны пэўнаму аспекту жыцця Касцёла. Як і энцыкліка, адгартацыя называецца па першых словах лацінскага тэксту, але, у адрозненне ад першай, у ёй звычайна закранаюцца больш вузкія пытанні. Большасць адгартацый з’явілася пасля Сінодаў Біскупаў і з’яўляюцца ў пэўным значэнні вынікам працы гэтых Сінодаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.