Слова Жыцця на лістапад 2010 |
«Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8) Прапаведніцкая
дзейнасць Езуса распачынаецца з Нагорнай Пропаведзі. Седзячы на
ўзвышаным месцы, як было прынята сярод тых, хто навучаў, над Тыберскім
возерам, недалёка ад Кафарнаўма, Езус абвяшчае чалавеку восем
благаслаўленняў. Якой жа ўзвышанай павінна быць чысціня, каб заслужыць такую ўзнагароду? У сваім навучанні Езус не раз тлумачыў гэта. Пастараемся прасачыць за Ім, каб пачарпнуць з крыніцы аўтэнтычнай чысціні.
Перш за ўсё, паводле Езуса, існуе найвышэйшы сродак ачышчэння: «Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам» (Ян 15,3). Душу ачышчаюць не столькі рэлігійныя практыкі, колькі Ягонае слова. Слова Езуса адрозніваецца ад чалавечых слоў. У ім, так, як і ў Эўхарыстыі, прысутнічае сам Езус. Праз сваё Слова Хрыстус уваходзіць у нашыя душы і, пакуль мы дазваляем Яму дзейнічаць, вызваляе нас ад граху, ачышчаючы нашыя сэрцы. Такім чынам, чысціня — гэта плод жыцця Словам.
Словы Езуса вызваляюць нас ад так званых прыхільнасцей. Нашыя сэрцы, калі Бог не займае ў іх першае месца, немінуча прывязваюцца да рэчаў, асобаў, да нас саміх. І наадварот, калі Бог з’яўляецца цэнтрам нашага сэрца, то ўсё астатняе «адступае» само па сабе. Карыснай дапамогай у такіх сітуацыях могуць стаць для нас словы з псальма, якімі мы можам звяртацца да Езуса, да Бога: «Ты — Пан мой» (пар. Пс 16, 2). Ты — адзінае мае дабро. Будзем часта паўтараць гэтыя словы, асабліва тады, калі розныя спакусы пагражаюць прыцягнуць нашыя сэрцы да пэўных вобразаў, пачуццяў, жаданняў, якія могуць затуманіць свядомасць дабра і адняць свабоду. Мы маем схільнасць разглядаць пэўныя рэкламныя афішы ці сачыць за пэўнымі тэлепраграмамі? Не! У гэты ж момант скажам Пану: «Ты — мой Пан, маё адзінае дабро». Ужо гэты першы крок дапаможа нам выйсці з саміх сябе і аднавіць любоў да Бога. І тады нашыя сэрцы стануць чысцейшымі. Часам можа здарыцца, што паміж намі і Богам узнікне іншая перашкода — пэўная асоба ці пэўная дзейнасць — і забрудзіць чысціню нашых адносін з Панам. Гэта момант, каб паўтарыць Яму: «Ты — мой Пан, маё адзінае дабро». Такія паводзіны дапамогуць нам ачысціць нашыя намеры і адшукаць унутраную свабоду.
Жыццё Словам робіць нас свабоднымі і чыстымі, таму што Слова — гэта любоў. Божы агонь любові ачышчае нашыя намеры, глыбіні нашых сэрцаў, бо, як гаворыцца ў Бібліі, менавіта сэрца з’яўляецца цэнтрам розуму і волі. Аднак існуе такая любоў, якую Езус дае нам як запаведзь (Пар. Ян 15, 12) і якая дазваляе нам жыць гэтым благаслаўленнем. Гэта — узаемная любоў, любоў паміж асобамі, гатовымі, па прыкладу Езуса, аддаць жыццё адно за аднаго. Гэтая ўзаемная любоў стварае пэўнае духоўнае цячэнне, (...), пэўную атмасферу, галоўнай характарыстыкай якой з’яўляецца празрыстасць, чысціня. Сам Бог прысутны там, дзе ёсць узаемная любоў, і толькі Ён адзін можа стварыць у нас чыстыя сэрцы (Пс 50, 12). Такім чынам, калі мы жывём ва ўзаемнай любові, Слова дзейнічае ў нас і прыносіць плён ачышчэння і святасці. Ізаляваны чалавек не зможа доўга супрацьстаяць нападкам свету, у той час як ва ўзаемнай любові ён знойдзе здаровае асяроддзе, здольнае ахоўваць яго чысціню і ўсё яго аўтэнтычнае хрысціянскае жыцце.
І вось ён — плён чысціні, які кожны раз неабходна заваёўваць нанава: мы можам «убачыць» Бога, можам зразумець сэнс Яго дзеяння ў нашым жыцці, можам пачуць у сэрцы Яго голас, можам адчуць Яго прысутнасць там, дзе Ён аб’яўляецца: у бедных, у Эўхарыстыі, у сваім слове, у еднасці братоў і сясцёр, у Касцёле. Ужо цяпер у нашым зямным жыцці, у якім «паступаем мы паводле веры, а не дзеля бачання» (пар. 2 Кар 5, 7), мы можам адчуваць смак Божай прысутнасці, аж пакуль не ўбачым Яго «тварам у твар» (1 Кар 13, 12). К’яра Любіч |
Адноўлена 29.10.2010 15:24 |