Слова Жыцця на снежань 2010 |
«…Бо для Бога няма нічога немагчымага» (пар. Лк 1, 37) Падчас Анёльскага Звеставання Марыя на сваё пытанне «Як станецца гэта?» (пар. Лк 1, 34) пачула ў адказ: «... для Бога няма нічога немагчымага». У доказ Арханёл прыводзіць прыклад Альжбеты, якая зачала сына ў старасці. Марыя паверыла і стала Маці Пана. Бог — Усемагутны. Гэтае Яго імя часта сустракаецца ў Святым Пісанні і выражае Божую магутнасць у благаслаўленні, судзе, у кіраванні ходам падзей, у рэалізацыі Божых задумаў. Ёсць толькі адно абмежаванне для Божай усемагутнасці: чалавечая свабода, якая можа супрацiвiцца Яго волі і зрабіць чалавека бяссільным, хоць ён пакліканы раздзяліць з Богам Яго моц.
(...) Гэтае Слова запрашае нас бязмежна даверыцца любові Бога Айца, таму што калі Бог існуе і калі Ён ёсць Любоў, то наш поўны давер Яму будзе лагічным вынікам гэтага факту. Усе ласкі падуладныя Яму — як зямныя, так і духоўныя, як магчымыя, так і немагчымыя. І Ён дае іх усім, хто ў Яго просіць, і нават тым, хто не просіць, таму што, як сказана ў Евангеллі, Ён — Айцец — «загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых» (пар. Мц 5, 45). І ў той самы час Бог хоча, каб мы дзейнічалi так жа, як Ён, з такой жа ўніверсальнай любоўю, моцна верачы.
Як жа жыць гэтым Словам у штодзённым жыцці? Нам усім не раз прыходзіцца сустракацца з цяжкімі, балючымі сітуацыямі як у асабістым жыцці, так і ў адносінах з іншымі. І часам мы адчуваем сябе бяссільнымі, бо заўважаем, што сталі нявольнікамі пэўных прывязанасцей (да рэчаў, да асобаў), ад якіх нам хацелася б вызваліцца, ці таму, што перад намі вырастае сцяна абыякавасці і эгаізму, і мы губляем адвагу, калі сустракаемся з цяжкасцямі, якія пераўзыходзяць нашыя сілы. Менавіта ў такія хвіліны слова Жыцця прыходзіць на дапамогу. Езус дазваляе нам зведаць бязраднасць. Ён робiць гэта не дзеля таго, каб увесці нас у роспач, але каб дапамагчы лепш зразумець, што для Бога няма нічога немагчымага. Ён хоча падрыхтаваць нас да спаткання з магутнасцю сваей ласкі, якая аб’яўляецца як раз тады, калі мы зразумеем, што нашымі малымі сіламі мы нічога зрабіць не зможам.
Калi мы будзем паўтараць гэта ў самыя цяжкія моманты, мы атрымаем ад Божага слова ўкрытую ў ім энергію, якая пэўным чынам дазваляе нам прымаць удзел ва ўсемагутнасці самога Бога. Пры той умове, аднак, што мы жывем паводле Яго волі і намагаемся выпраменьваць навокал любоў, якая напаўняе нашыя сэрцы. Тады мы будзем у поўным «рэзанансе» з усемагутнай любоўю Бога да сваіх дзяцей, а для Яго ўсе магчыма — усе, што вядзе да здзяйснення Яго планаў для кожнага чалавека і для ўсяго чалавецтва. Аднак ёсць найбольш адпаведны момант, у якім мы можам жыць гэтым Словам і зведаць усю яго эфектыўнасць. Гэта малітва. Езус сказаў: «Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам» (пар. Ян 15, 7). Паспрабуем папрасіць у Яго аб тым, што найбольш турбуе нашае сэрца, з упэўненасцю, народжанай з веры, што для Бога няма нічога немагчымага: ад вырашэння самых безнадзейных справаў да міру ва ўсiм свеце, ад выздараўленняў з цяжкіх хваробаў да вырашэння сямейных і сацыяльных канфліктаў. Калі пры гэтым мы будзем маліцца аб адным і тым жа разам з іншымі і ў поўнай згодзе і ва ўзаемнай любові, тады сам Езус, прысутны сярод нас, будзе прасіць Айца і згодна з Яго абяцаннем мы атрымаем патрэбную ласку (пар. Мц 18, 19–20). З верай у Божую ўсемагутнасць і любоў мы аднойчы маліліся за Н., каб пухліна, бачная на рэнтгенаўскім здымку, знікла, быццам памылка ці прывід. І так сталася. Гэты бязмерны давер, які дазваляе нам адчуваць сябе ў абдымках Айца, для якога ўсе магчыма, павінен суправаджаць нас праз усё жыццё. Нiхто, аднак, не кажа, што мы заўсёды атрымаем тое, аб чым просім. Божая ўсемагутнасць — гэта ўсемагутнасць Айца, які заўседы «карыстаецца» ёю выключна для дабра сваіх дзяцей, разумеюць яны гэта ці не. Важна жыць з упэўненасцю, што для Бога няма нічога немагчымага, і гэта дазволіць нам зведаць супакой, якога яшчэ ніколі не ведалi. К’яра Любіч |
Адноўлена 29.11.2010 17:42 |