Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на люты 2011


«Усе, каго вядзе Дух Божы, — гэта сыны Божыя» (пар. Рым 8, 14).

Гэтыя словы знаходзяцца ў цэнтры гімна, які святы апостал Павел узносіць прыгажосці хрысціянскага жыцця, яе навізне і свабодзе, якія даюць хрост і вера ў Езуса Хрыста, цалкам уключаючых нас у Яго, а праз Яго — у дынаміку жыцця Найсвяцейшай Тройцы. Становячыся адзіным цэлым з Хрыстом, мы падзяляем Яго Дух і ўсе плады Духа, і перш за ўсё Богасыноўства.

Хоць Апостал і кажа аб «усынаўленні» (гл. Рым 8, 15), ён робіць гэта толькі дзеля таго, каб правесці лінію паміж намі і Хрыстом, адзінародным Сынам Божым.

Наша сувязь з Богам Айцом не толькі «прававая», падобна адносінам усыноўленых дзяцей з прыёмнымі бацькамі. Гэта нешта істотна важнае: яна змяняе саму нашу прыроду, як быццам мы нараджаемся нанава. Таму што ўсё нашае жыццё натхняецца новым прынцыпам, новым Духам, якім з’яўляецца сам Дух Божы.

І можна бясконца апяваць разам з апосталам Паўлам цуд смерці і ўваскрасення, што робіцца ў нас ласкай хросту.


«Усе, каго вядзе Дух Божы, — гэта сыны Божыя» (пар. Рым 8, 14).

Гэтая фраза кажа нам нешта такое, што мае адносiны да нашага хрысціянскага жыцця, у якое Дух Хрыста ўносіць дынамізм, напружанне: апостал Павел паказвае яго як супрацьстаянне цела і духу. Пад целам ён разумее ўсяго чалавека (цела і душу) з усёй далікатнасцю яго прыроды, з яго эгаізмам, якія жывуць у бесперапыннай барацьбе з законам кахання, нават з самой Любоўю, улiтай у нашыя сэрцы.

Сапраўды, тым, якімі кіруе Святы Дух, даводзіцца штодня весці барацьбу за веру, каб пераадолець усялякую схільнасць да зла і жыць паводле веры, якую мы вызнаём падчас хросту.

Але як гэта рабіць?

Вядома, што для дзеяння Святога Духа неабходна адпаведная пастава з нашага боку. Святы апостал Павел, калі пісаў гэтыя словы, думаў перш за ўсё пра гэты абавязак паслядоўнікаў Хрыста, які з’яўляецца адрачэннем ад сябе, барацьбой з эгаізмам у самых разнастайных яго формах.

Але такое паміранне для саміх сябе нараджае жыццё. Так, кожнае адрачэнне, кожнае «не», сказанае ўласнаму эгаістычнаму «я», становіцца крыніцай новага святла, супакою, радасці, любові, унутранай свабоды; гэта брамы, адкрытыя для Духа.

Калі мы дадзім больш свабоды Святому Духу ў нашых сэрцах, Ён зможа ў яшчэ большым багацці даваць нам свае дары і весці нас па жыццёвым шляху.


«Усе, каго вядзе Дух Божы, — гэта сыны Божыя» (пар. Рым 8, 14).

Як жа прытрымлівацца гэтага Слова Жыцця?

Для пачатку нам трэба ўсё больш усведамляць прысутнасць Святога Духа ў нас: мы нясём у сваёй душы незлічоныя скарбы, але не ўсведамляем гэтага ў дастатковай меры. Мы валодаем незвычайным багаццем, але яно ў большасці застаецца нявыкарыстаным.

Такім чынам, каб чуць Яго голас і прытрымлівацца яго, неабходна сказаць «не» ўсяму, што супраць волі Божай, і сказаць «так» ва ўсім, што паводле Яго волі. «Не» спакусам i ўсяму, што з імі звязана. «Так» тым абавязкам, выкананне якіх даверыў нам Бог. «Так» любовi да ўсіх бліжніх. «Так» выпрабаванням і цяжкасцям, з якімі мы сустракаемся...

Калі мы будзем так чынiць, Святы Дух будзе весці нас, надаючы нашаму хрысціянскаму жыццю той колер, тую сілу, вастрыню і яркасць, якіх жыццё проста не можа не мець, калi яно сапраўднае.

Тады і тыя, хто з намі побач, убачаць, што мы не проста члены нашай чалавечай сям’і, але дзеці Божыя.

К’яра Любіч,
апублікавана ў 1994 г.

Адноўлена 02.02.2011 13:42
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.