Слова Жыцця на красавік 2011 |
Езус знаходзіцца ў садзе Аліўным на месцы, якое называецца Гетсіманія. Надышла доўгачаканая гадзіна — вырашальны момант усяго Яго жыцця. Ён падае на зямлю і з пяшчотай, даверліва называючы Бога Айцом, моліць, каб адхіліў ад Яго «гэты келіх», маючы на ўвазе сваю муку і смерць. Просіць Айца, каб абмінула Яго гэтая гадзіна... Але ўрэшце ўпоўні аддаецца Божай волі. «…Але не чаго Я хачу, а чаго Ты» (Мк 14, 36) Езус ведае, што Яго мука — не выпадковае здарэнне і не чалавечае рашэнне, а Божы план. Праз людзей Ён будзе асуджаны і адкінуты, але гэты келіх дадзены Яму з Божых рук. Езус вучыць, што для кожнага з нас Айцец падрыхтаваў свой «план любові». Ён любіць кожнага з нас асаблівай любоўю. Калі мы верым у Яго любоў і адказваем Яму нашай любоўю (такая ўмова!), то Ён робіць так, каб усё служыла нам на дабро. У жыцці Езуса нічога не здарылася выпадкова, нават Яго мука і смерць. І пасля прыйшло ўваскрасенне (...)! Прыклад Езуса Уваскрослага павінен стаць святлом для нашага жыцця. Ва ўсім, што з намі здараецца, што нас сустракае, што нас акружае, і таксама ва ўсім тым, што прыносіць нам цярпенне, мы павінны ўмець бачыць волю Бога, які нас любіць, ці Яго дазвол, які таксама з’яўляецца выражэннем Ягонай любові. І тады ўсё ў нашым жыцці набудзе сэнс, усё будзе надзвычай карысным, нават тое, што ў дадзены момант нам здаецца незразумелым і абсурдным, нават тое, што можа захлынуць нас, як і Езуса, у смяротнай трывозе. І тады з поўным даверам у любоў Айца дастаткова сказаць разам з Ім: «…Але не чаго Я хачу, а чаго Ты» (Мк 14, 36).
Бог хоча, каб мы жылі і з радасцю ў сэрцы дзякавалі за ўсе дары жыцця. А мы часам уяўляем сабе Божую волю зусім па-іншаму: як штосьці, з чым трэба немінуча згадзіцца, ці як манатонную паслядоўнасць раскіданых у жыцці здарэнняў. Божая воля — гэта голас Бога, які бесперапынна звяртаецца да нас, гэта «спосаб», якім Ён выражае сваю любоў. Ён прагне падараваць нам сваю поўню Жыцця. Мы можам сабе ўявіць Божую волю ў выглядзе сонца. Сонечныя промні —Божая воля для кожнага з нас. Кожны з нас крочыць па адным прамяні, непадобным на прамень таго, хто крочыць побач. Аднак жа ўсе промні выходзяць з аднаго сонца — з адзінай Божай волі. Таксама і ўсе мы выконваем адзіную волю — Божую, але для кожнага з нас яна розная. Промні, такім чынам, чым больш набліжаюцца да сонца, тым бліжэй становяцца адзін да аднаго. І мы, чым больш набліжаемся да Бога, выконваючы Яго волю штораз дасканалей, тым бліжэй становімся паміж сабой... аж пакуль усе будзем АДНО. І тады ўсё ў нашым жыцці можа змяніцца. Замест таго, каб быць толькі з тымі і любіць толькі тых, хто нам падабаецца, мы зможам прыняць у наша сэрца кожнага, каго наблізіць да нас Божая воля. Замест таго, каб аддаваць перавагу рэчам, якія нас цікавяць, мы зможам займацца з душой усім тым, што нам прапануе Божая воля, і гэтаму аддаваць перавагу. Такім чынам, жыццё, ва ўсім накіраванае на Божую волю ў дадзенай хвіліне («тое, што Ты хочаш»), прывядзе нас да адрачэння ад усяго іншага, ад нашага «я» («не тое, што я хачу»). І гэта адбудзецца не столькі дзякуючы нашым намаганням «у пошуках» адмаўлення ад нашага «я» (бо мы павінны шукаць толькі Бога), колькі прыйдзе «само па сабе», (дзякуючы жыццю па Божай волі). І тады наша радасць будзе поўнай. Дастаткова акунуцца ў цяперашнюю хвіліну і выконваць у гэтую хвіліну Божую волю, паўтараючы: «…Але не чаго Я хачу, а чаго Ты» (Мк 14, 36).
Хвіліны, якая мінула, ужо няма, а будучая хвіліна яшчэ не ў нашых руках. Як пасажыр, што падарожнічае ў цягніку, не ходзіць па ім узад-уперад, каб хутчэй дасягнуць мэты, але спакойна сядзіць на сваім месцы, таксама трэба рабіць і нам: жыць выключна ў цяперашнюю хвіліну. Цягнік часу будзе рухацца сам па сабе. Мы можам любіць Бога толькі цяпер — у гэтым, падараваным нам моманце, гаворачы Яму наша моцнае, татальнае, актыўнае «так». Таму давайце з любоўю выконваць нашу працу, дарыць усмешку, кіраваць машынай, арганізоўваць мерапрыемства, дапамагаць таму, хто пакутуе побач. Нават выпрабаванне і боль не змогуць нас напалохаць, калі разам з Езусам мы здолеем распазнаць у іх Божую волю — Яго любоў да кожнага з нас. І тады ў малітве мы зможам Яму сказаць: «Пане, дапамажы мне нічога не баяцца, таму што ўсё, што б са мной ні здарылася, — гэта Твая воля! Пане, дапамажы мне нічога не прагнуць, таму што няма нічога больш жаданага, чым Твая адзіная воля. Што ў жыцці важна? Твая воля важна! Дапамажы мне ні аб чым не трывожыцца, таму што ва ўсім, што здараецца, ёсць Твая воля. Дапамажы мне нічым не хваліцца, таму што ўсё — гэта Твая воля». К’яра Любіч, |
Адноўлена 29.03.2011 13:36 |