Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на ліпень 2011


«Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое» (Мц 26, 41)

З гэтымі словамі Езус звярнуўся да пераможаных сном Пятра, Якуба і Яна ў час агоніі ў Гетсіманскім садзе. Ён узяў з сабою Апосталаў — сведкаў Ягонага перамянення на гары Табор, каб у гэты цяжкі момант яны былі каля Яго і разам з Ім у малітве рыхтаваліся да таго, што павінна было здарыцца, і што для іх таксама сталася б жудасным выпрабаваннем.


«Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое» (Мц 26, 41)

У гэтых акалічнасцях словы Езуса гучаць не толькі як наказ, скіраваны да вучняў. Перш за ўсё ў іх адлюстроўваецца ўнутраны стан Езуса: якім чынам Ён сам рыхтуецца да выпрабавання. Перад абліччам немінуючага цярпення Езус усёю моцаю свайго духа моліцца, змагаецца з бояззю і жахам смерці, ва ўсім аддаецца любові Айца, каб аж да канца быць верным Яго волі, і дапамагае Апосталам рабіць тое ж самае.

У гэтым моманце для кожнага, хто сутыкаецца з вапрабаваннямі, Езус з’яўляецца мадэллю і таксама братам, які ў цяжкі час знаходзіцца побач.


«Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое» (Мц 26, 41)

Угаворванне чуваць часта чуецца з вуснаў Езуса. Чуваць азначае для Яго — ніколі не дазваляць духоўнаму сну авалодаць намі, заўсёды быць гатовымі выйсці насустрач Божай волі, умець распазнаваць яе ў штодзённым жыцці і ўмець «бачыць» сэнс цяжкасцяў і цярпенняў у святле Божай любові.

Чуванне нераздзельна звязана з малітвай, неабходнай, каб вытрываць у выпрабаванні. Слабасць, натуральная для чалавека («немач цела»), можа быць пераможаная сілай духа.


«Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое» (Мц 26, 41)

Як жыць Словам Жыцця гэтага месяца?

Нам таксама трэба «ўвесці ў праграму дня» спатканне з большымі ці меншымі выпрабаваннямі. З гэтымі «нармальнымі», «класічнымі» выпрабаваннямі кожны хрысціянін ці сёння, ці заўтра не можа не сутыкнуцца.

І тады, як нас папярэджвае Езус, першай умовай, каб прайсці праз выпрабаванне, з’яўляецца чуванне: трэба добра зразумець, што Бог дазваляе прыйсці выпрабаванням не для таго, каб мы ўпалі духам, але каб мы, пераадольваючы іх, духоўна ўзраслі.

У той жа час мы павінны маліцца. Малітва неабходна, каб пазбегнуць дзвюх найбольшых спакусаў, з якімі мы найчасцей сутыкаемся ў час выпрабаванняў.

З аднаго боку, упэўненасць, што мы самі з усім можам справіцца. З другога, наадварот, страх, што мы не зможам пераадолець выпрабаванне, бо яно як бы пераўзыходзіць нашыя сілы.

Езус, аднак, запэўнівае нас, што Нябесны Айцец не дазволіць, каб мы адчувалі недахоп у моцы Святога Духа, калі мы будзем чуваць і з верай папросім у Яго аб гэтым.

К’яра Любіч
апублікавана ў 1990 г.

Адноўлена 04.07.2011 15:39
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.