Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на лістапад 2011


«Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны» (Мц 25, 13).

Езус толькі што выйшаў з храма. Вучні з гонарам звяртаюць Яго ўвагу на велічнасць і прыгажосць будынка. А Езус: «Ці бачыце ўсё гэта? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны» (пар. Мц 24, 2). Пасля Ён узыходзіць на гару Аліўную, садзіцца і, гледзячы на Ерузалем, што знаходзіўся перад Ім, пачынае гаварыць пра знішчэнне горада і пра канец свету.

«Як прыйдзе сканчэнне свету? — пытаюць у Яго вучні. — І калі гэта будзе?» (пар. Мц 24, 3). Гэтае пытанне задавалі сабе таксама наступныя пакаленні хрысціянаў. Паўстае яно перад кожным чалавекам. Будучыня — таямнічая і часта выклікае страх. Сёння таксама хтосьці дапытвае чарадзеяў і даследуе гараскопы, каб даведацца, якой яна будзе, што ў ёй адбудзецца...

Адказ Езуса ясны: канец света настане адначасова з Яго прышэсцем. Ён, Пан гісторыі, вернецца. Гэта Ён прамяністы пункт нашай будучыні.

І калі адбудзецца гэтае спатканне? Гэтага ніхто не ведае. Яно можа здарыцца ў любы момант. Наша жыццё, сапраўды, знаходзіцца ў Яго руках. Ён нам яго даў. Ён можа яго забраць. Нават неспадзявана, без папярэдняга паведамлення. Тым не менш, Ён нас папярэджвае: зможаце падрыхтавацца да гэтай падзеі, калі будзеце чуваць.


«Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны» (Мц 25, 13).

Гэтымі словамі Езус перш за ўсё нам нагадвае пра тое, што Ён прыйдзе. Наша зямное жыццё скончыцца і распачнецца новае, якое не будзе мець канца.

Сёння ніхто не хоча гаварыць аб смерці... Часам робіцца ўсё магчымае, каб толькі рассеяць увагу, цалкам патанаючы ў штодзённых клопатах. І ўрэшце забываецца Той, хто даў нам жыццё і хто ў нас яго папросіць, каб увесці нас у поўню жыцця, у камунію са сваім Айцом, у Неба.

Ці будзем мы гатовыя з Ім сустрэцца? Ці будзем мець запалены ліхтар, як разумныя нявесты, што чакаюць жаніха? Або інакш: ці будзем трываць у любові? Ці, можа, наш ліхтар будзе згаслы, таму што, захопленыя мноствам спраў да выканання, мімалётнымі радасцямі і заклапочанасцю матэрыяльнымі дабротамі, мы забыліся пра адзінае, што неабходна — любіць?


«Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны» (Мц 25, 13).

Але як чуваць? Перш за ўсё, як нам вядома, добра чувае той, хто любіць. Гэта ведае жонка, што чакае мужа, які дапазна затрымаўся на працы ці павінен вярнуцца з далёкага падарожжа. Гэта ведае мама, што дрыжыць за сына, які яшчэ не вярнуўся дамоў. Гэта ведае закаханы, які не можа дачакацца спаткання з каханай...  Той, хто любіць, умее чакаць, нават калі другі спазняецца.

Мы чакаем Езуса тады, калі Яго любім і горача прагнем з Ім сустрэцца. Чакаем Яго, калі канкрэтна любім і служым Яму, напрыклад, у тым, хто знаходзіцца побач, ці калі працуем дзеля стварэння больш справядлівага грамадства.

Сам Езус запрашае нас так жыць у прыпавесці пра вернага слугу, які чакае гаспадара, а тым часам клапоціцца аб работніках і справах дома. І таксама ў прыпавесці пра слуг, якія ў нястомным чаканні гаспадара стараюцца працаваць, каб атрыманыя таленты прынеслі плён.


«Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны» (Мц 25, 13).

Менавіта таму, што не ведаем ні дня, ні гадзіны Яго прышэсця, можам лягчэй засяродзіцца на падараваным нам «сёння», на турботах (гэтага) дня, на тым «цяпер», якое Провід прапануе нам пражыць.

Некалі, спантанна я звярнулася да Бога з гэтай малітвай, і сёння мне хацелася б яе ўзгадаць:

Езу, дазволь мне заўсёды гаварыць так, нібы гэта мае апошнія словы.

Дазволь мне паступаць
заўсёды так,
нібы гэта мой
апошні ўчынак.

Дазволь мне цярпець
заўсёды так,
нібы гэта
маё апошняе цярпенне,
якое я магла б
Табе ахвяраваць.

Дазволь мне маліцца
заўсёды так,
нібы гэта
мая апошняя магчымасць
тут, на зямлі,
з Табой размаўляць.

К’яра Любіч, апублікавана ў 2002 г.

Адноўлена 29.11.2011 17:29
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.