>>Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах (Мц 10,32-33)." /> Catholic.by - Слова Жыцця на жнiвень 2012
Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на жнiвень 2012

Прэзентацыя на жнівень >>>

Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах (Мц 10,32-33).

Гэта словы, якiя для ўсіх нас, хрысціянаў, з’яўляюцца вялiкiм суцяшэннем і падтрымкай. Езус заклікае нас да таго, каб мы перажывалi сваю веру няспынна, бо ад нашага стаўлення да Яго ў зямным жыццi залежыць наш лёс у вечнасці. Калі мы вызнаём Яго — як Ён кажа, — перад людзьмі, то мы робім тое, праз што Ён прызнае нас перад сваім Айцом; а калі ж, наадварот, адрачэмся ад Яго дзеля людзей, то і Ён адрачэцца ад нас перад сваiм Айцом.

Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.

Езус гаворыць пра ўзнагароду альбо пакаранне, якiя чакаюць нас у канцы жыцця, таму што Ён нас любіць. Ён ведае — як сказаў адзін з Айцоў Касцёла, — што часам страх перад пакараннем з’яўляецца больш эфектыўным, чым прыгожыя абяцанні. Таму Езус ажыўляе ў нас надзею на вечнае шчасце і ў той жа час, дзеля нашага збаўлення, узбуджае страх праклёну.

Езус у сэрцы сваiм жадае, каб мы дасягнулі мэты, якою ёсць вечнае жыццё з Богам. I гэта адзiная важная рэч, гэта менавiта тое, дзеля чаго мы былі створаны, таму што толькі з Богам мы дасягнём сваёй поўнай рэалізацыі, цалкам задаволiм свае прагненнi. Дзеля гэтага Езус заклікае нас яшчэ тут, на зямлі, належаць Яму. Аднак калі ў гэтым жыцці мы не хочам мець да Яго дачынення, калі мы адмаўляемся ад Яго цяпер, то пасля пераходу да іншага жыцця мы будзем адрэзаны ад Яго назаўсёды.  
У канцы нашага зямнога шляху Езус засведчыць перад Айцом аб тым, які выбар, з усімі яго наступствамі, зрабіў кожны з нас на зямлi. Нагадваючы пра Апошнi Суд, Ён паказвае нам, як сказана i ў Евангеллі, усю важнасць і сур'ёзнасць гэтага нашага зямнога рашэння, ад якога залежыць уся наша вечнасць.

Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.

Як жа атрымаць карысць ад гэтага Езусавага папярэджання? Як жыць гэтымі словамі?

Ён сам адказвае: хто вызнае Мяне... Таму будзем старацца проста i шчыра вызнаваць Яго перад людзьмi. Пераадолеем людскiя меркаванні. Разбурым абыякавасць i кампрамісы, якія пазбаўляюць нашае жыццё хрысціянскай сапраўднасці. Будзем памятаць, што мы пакліканы быць сведкамі Хрыста: Ён хоча дакрануцца да кожнага чалавека сваiм пасланнем супакою, справядлівасці, любовi — менавіта праз нас. Будзем жа вызнаваць Яго паўсюль, дзе мы знаходзімся па прычынах сямейных цi прафесійных, з нагоды сяброўства цi навучання альбо праз розныя iншыя акалічнасці жыцця.

Будзем вызнаваць Яго найперш праз свае паводзіны: сумленнасцю жыцця, чысцінёю звычак, адарванасцю ад багацця, удзелам у радасці і пакутах іншых людзей.

Будзем вызнаваць Яго асаблівым чынам праз нашу ўзаемную любоў, нашае адзінства, так, каб мір і сапраўдная радасць, якiя Езус абяцаў аб’яднаным у Ягонае імя, тут і цяпер перапаўнялi нашы душы i перадавалiся іншым.

А тым, хто будзе пытацца: чаму яны гэтак паводзяць сябе, чаму яны такiя вясёлыя сярод змрочнага свету, — адкажам з пакорай і шчырасцю словамi, якiмi ў той момант натхнiць нас Святы Дух, сведчачы тым самым пра Хрыста нават з дапамогай слоў і паняццяў.

Такім чынам, многія, хто шукае Яго, змогуць Яго знайсці.

У некаторых выпадках мы можам быць няправільна зразуметымi, сутыкнуцца з пратэстам, стацца прадметам насмешак, варожасці альбо пераследаў. Езус сказаў таксама: «Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць» (Ян, 15, 20).

Ужо тады мы знаходзімся на правільным шляху. Не перастанем жа адважна вызнаваць Яго ў выпрабаваннях, нават коштам жыцця. Мэта, што нас чакае, гэтага вартая: гэта неба, дзе Езус, Якога мы любім, прызнае нас перад Айцом сваім на цэлую вечнасць.

К'яра Любiч, «Nowe Miasto» 1984/12


Адноўлена 31.08.2012 12:46
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.