Віншаванне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча Яго Святасці папу Францішку |
14.03.2013 00:23 |
Мінск, 13 сакавіка 2013 г.
Яго Святасці Папу Францішку
Ватыкан
Ваша Святасць,
Ад усяго сэрца віншую Вас з абраннем Найвышэйшым Пантыфікам Паўсюднага Касцёла. Беларускія католікі шчыра радуюцца выбару, які здзейснены канклавам, прымаючы яго як праяўленне Божага Провіду. Сабраным ў Сікстынскай капэле кардыналам, пры малітоўнай падтрымцы ўсяго Касцёла, удалося распазнаць Божую волю, паказаўшы ўсяму свету адзінства і салідарнасць.
Вы сталі наступнікам і спадкаемцам Вялікіх Папаў — благаслаўлёнага Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI, каб весці Сусветны Касцёл у новы час па бурлівым акіяне XXI стагоддзя. У касцёльнага карабля з’явіўся мудры і дасведчаны капітан, у каманды ёсць адпаведная навігацыйная карта — вучэнне Касцёла і надзейныя маякі — евангельскія запаведзі і хрысціянскія каштоўнасці.
Беларускія католікі сваімі малітвамі будуць заўсёды падтрымліваць Вашу Святасць, просячы ў Бога духоўных і фізічных сіл для паспяховага выканання ўскладзенай на Вас вельмі адказнай місіі. Мы таксама молімся з надзеяй аб Вашым пастырскім візіце ў Беларусь, які ўмацуе нас у веры.
Няхай Міласцівы Пан, праз пасрэдніцтва Божай Маці Будслаўскай, якая ўжо чатыры стагоддзі валадарыць на нашай зямлі, благаславіць Вас і ўсе Вашы планы.
З малітвай і глыбокай павагай цалую персцень Вашай Святасці і ад свайго імя і імя святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прашу Апостальскага благаслаўлення.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
|
Адноўлена 14.03.2013 10:12 |