Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітва падзякі за дар свабоды веравызнання і 25-годдзе заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі
02.07.2016 18:24

Будслаў, 2 ліпеня 2016 г.

Усемагутны і вечны Божа!

Стоячы каля падножжа нашай нябеснай Заступніцы і Апякункі — Маці Божай Будслаўскай, у Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці і сярэбраны юбілей заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі мы дзякуем Табе за дар свабоды веравызнання і спрыянне ў развіцці Касцёла. За апошнія чвэрць стагоддзя ён мог паспяхова ўзрастаць на фундаменце веры нашых продкаў, веравызнаўцаў і мучанікаў, якія абмылі сваю вопратку Крывёю Хрыста.

Сёння мы ўзносім да Цябе малітвы падзякі за нешматлікіх святароў і кансэкраваных асобаў, за нашых бабуляў і дзядуляў, бацькоў і ўсіх тых, хто захаваў і перадаў нам святло веры ў часы ганенняў.

Дзякуем за шматгадовыя малітвы нашых братоў і сясцёр ва ўсім свеце аб нашым навяртанні і за іх маральную і матэрыяльную падтрымку Касцёла, які адраджаецца.

Дзякуем за новыя мясцовыя  пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця і за руплівае служэнне духоўных і свецкіх асобаў дзеля адраджэння Касцёла.

Дзякуем за тых, каго Ты абудзіў да веры ў новы час свабоды веравызнання.

Дзякуем за тое, што немаўляты зноў абмываюцца ў водах хросту, дарослыя асвячаюцца ласкаю сакрамэнтаў, а паміраючыя атрымліваюць адпаведнае ўмацаванне і суцяшэнне ў Касцёле.

Дзякуем за маладое пакаленне — будучыню нашага Касцёла і Айчыны. Яно нанова адкрывае для сябе духоўны свет, імкнецца пазнаць Цябе і ўладкоўваць сваё жыццё згодна з Тваёю воляю.

Дзякуем за касцёлы і капліцы, дзе праслаўляецца Тваё Імя і Касцёл узрастае як Твая святыня.

Дзякуем за каталіцкія духоўныя навучальныя ўстановы, дзе адбываецца паглыбленне рэлігійных ведаў, умацаванне веры і падрыхтоўка розных спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці, у тым ліку святароў.

Заступніцтвам Найсвяцейшай Багародзіцы мы зноў набылі страчаную спадчыну веры. Прымі, Міласэрны Ойча, нашу малітву падзякі за Маці Твайго Сына і нашу духоўную Маці, якая ў Фаціме прадказала наша навяртанне.

Наша падзяка непараўнальная з Яе заслугамі. Дазволь Ёй і далей быць нашаю Апякункаю і Заступніцаю.

Азіраючыся на наша мінулае і робячы рахунак сумлення за пражытыя гады, мы просім Цябе, літасцівы Божа, аб прабачэнні за ўсе нашыя грахі і занядбанні, за кожны нявыкарыстаны дзень і гадзіну гэтага спрыяльнага часу.

Зрабі кожнага з нас сваім вучнем, які старанна працуе ў наследаванні Табе, Тваім Апосталам, і жадае прывесці да веры і любові ўвесь свет.

Благаславі, Пане, Твой Касцёл. Прывядзі да веры ўсіх, хто заблукаў, а нас умацуй у ёй, каб наша Айчына Беларусь сапраўды была святою. Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Адноўлена 02.07.2016 18:26
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.