Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасвячэнне новапрызначанага дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбудзецца 27 чэрвеня
Анонсы
26.06.2015 14:40

27 чэрвеня ў 10.00 у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбудзецца пасвячэнне новапрызначанага біскупа, якім стаў салезіянін кс. Аляксандр Яшэўскі. Папа Францішак прызначыў святара дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Святы Айцец надаў новаму біскупу тытулярную біскупскую кафедру Фурнос майор (Furnоs maior) і скіраваў на служэнне ў Магілёўскую частку архідыяцэзіі.

Біскупскае пасвячэнне дае паўнату сакрамэнту пасвячэння і робіць біскупа легітымным наступнікам Апосталаў. Божая місія, якую Хрыстус даручыў Апосталам, будзе працягвацца да канца вякоў (пар. Мц 28, 20), паколькі Евангелле, якое яны павінны перадаваць, ва ўсе часы з’яўляецца для Касцёла крыніцай ягонага жыцця. Таму ў яго іерархічна арганізаванай супольнасці Апосталы паклапаціліся пра ўстанаўленне сваіх наступнікаў (Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen Gentium”).

Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што праз біскупскае пасвячэнне ўдзяляецца паўната сакрамэнту пасвячэння, якую Айцы Касцёла называюць “паўнатой святога служэння”. Біскупы выконваюць сваё служэнне ў дачыненні да Божага люду праз навучанне (munus docenti), Божы культ (munus liturgicum) і пастырскае кіраванне (munus regendi).

Біскупы маюць “паўнату сакрамэнту пасвячэння” праз Духа Святога, які быў ім дадзены ў пасвячэнні, становяцца сапраўднымі настаўнікамі веры, святарамі і пастырамі і, увасабляючы сабой Хрыста (in persona Christi), становяцца на чале Панскай аўчарні. Біскупы з’яўляюцца такім чынам наступнікамі Калегіі Апосталаў і як наступнікі Апосталаў атрымліваюць ад Пана, якому належыць усялякая ўлада на небе і на зямлі, місію навучання ўсіх народаў і абвяшчэння Евангелля ўсяму стварэнню, каб усе людзі праз веру, сакрамэнты і жыццё, згоднае з Евангеллем, атрымалі збаўленне. Біскупы як наступнікі Апосталаў і члены Калегіі Біскупаў маюць удзел у апостальскай адказнасці і ў пакліканні ўсяго Касцёла пад кіраўніцтвам Наступніка святога Пятра.

Як выглядае біскупскае пасвячэнне?

Прыняцце біскупскага пасвячэння адбываецца падчас святой Імшы, пасля чытання Евангелля. Літургія слова на Імшы з удзяленнем біскупскага пасвячэння кажа пра абвяшчэнне Евангелля, што з’яўляецца галоўнай задачай біскупаў. Яны павінны быць сапраўднымі настаўнікамі. Праз служэнне Слова яны ўдзяляюць вернікам Божую моц, што вядзе да збаўлення. Святы Павел заклікае біскупаў: глядзіце на сябе, глядзіце на давераны статак, бо ваўкі не пашкадуюць яго; засеянае зерне павінна памерці, каб прынесці плён.

Прадстаўленне выбранага

Непасрэдна пасля чытання Евангелля пачынаецца абрад прыняцце кандыдатам біскупскага пасвячэння. Яго распачынае гімн да Духа Святога „Veni, creator Spiritus”. Пасля наступае прадстаўленне выбранага. Адзін з асістуючых прэзбітэраў звяртаецца да галоўнага пасвячаючага біскупа з просьбай пасвяціць прэзбітэра ў біскупы. Затым чытаецца распараджэнне Апостальскай Сталіцы, у якім гаворыцца пра прызначэнне дадзенага святара біскупам.

Гамілія

Пасля гучыць гамілія, найчасцей яе прамаўляе галоўны пасвячаючы біскуп, на падставе чытанняў з літургіі слова нагадваючы духавенству, народу і выбранаму пра абавязкі біскупа.

Абяцанне выбранага

Выбраны становіцца перад галоўным пасвячаючым біскупам і складае абяцанне. Старажытнае ўстанаўленне святых Айцоў наказвае, каб таго, хто прымае біскупскае пасвячэнне, запыталі перад народам, ці хоча ён захоўваць веру і выконваць свой абавязак.

Выбраны абяцае перад усімі прысутнымі верна і нястомна абвяшчаць Евангелле Хрыста, захоўваць чысты і непарушны скарб веры, будаваць Цела Хрыста, значыць Касцёл, і трываць у еднасці з Калегіяй Біскупаў пад кіраўніцтвам Наступніка святога Пятра, аказваючы яму паслухмянасць. Таксама ён абяцае клапаціцца аб Божым народзе і скіроўваць яго на шлях збаўлення, быць міласэрным да ўбогіх і ўсіх патрабуючых, шукаць, як добры пастыр, заблукаўшых авечак і несці іх да Панскай аўчарні, нястомна маліць усемагутнага Бога за Яго народ і спаўняць абавязак служэння найвышэйшага святарства.

Літанійныя просьбы


Пасля спяваецца Літанія да Усіх Святых, у гэты час выбраны кладзецца ніцма.

Ускладанне рук і малітва пасвячэння

Вельмі важным элементам падчас пасвячэння з’яўляецца ўскладанне рук на галаву кандыдата. У Новым Запавеце Езус у знак благаслаўлення ўскладаў рукі на дзяцей (Мк 10, 16). Ускладанне рук было таксама знакам вызвалення, бо менавіта гэты жэст Езус рабіў падчас аздараўлення хворых (Лк 13, 12). Падобна і пасланыя Езусам вучні ўскладалі рукі на хворых і аздараўлялі іх (Мк 16, 18; Дз 9, 12). У апостальскім Касцёле гэта быў таксама жэст кансэкрацыі, праз які перадаваўся дар Духа Святога. Такім чынам Пётр і Ян перадавалі Духа самаранам, а Павел – вернікам з Эфеса. Ускладанне рук ад пачатку існавання Касцёла было бачным знакам рэчаіснай моцы Бога, якая сыходзіць на людзей. Праз ускладанне рук здзяйснялася таксама пасвячэнне біскупа, прэзбітэра і дыякана.

Галоўны пасвячаючы біскуп ускладае рукі на галаву выбранага, нічога пры гэтым не кажучы. Затым усе біскупы па чарзе падыходзяць і, нічога не кажучы, ускладаюць рукі на выбранага. Пасля галоўны пасвячаючы біскуп прамаўляе малітву пасвячэння. Падчас малітвы пасвячэння два дыяканы, стоячы справа і злева ад выбранага, трымаюць кнігу Евангелля над яго галавою да канца малітвы пасвячэння, як знак іх найважнейшага абавязку.

Намашчэнне чала і ўручэнне кнігі Евангелля і біскупскіх адзнакаў

Падчас біскупскага пасвячэння намашчаюцца хрызмам не рукі, а чало пасвячанага. Потым галоўны пасвячаючы біскуп ўручае пасвячанаму кнігу Евангелля.

Важным элементам біскупскага пасвячэння з’яўляецца ўручэнне біскупскіх адзнакаў. Галоўны пасвячаючы біскуп надзявае персцень на безыменны палец правай рукі пасвячанага. Персцень сімвалізуе саюз – шлюб біскупа з яго дыяцэзіяй, і з’яўляецца адзнакай годнасці. Гэты персцень як адзнака ўлады з’явіўся ў Іспаніі каля VII ст., а з IX ст. уручаўся разам з пастаралам. Раней персцень меў рознае практычнае прымяненне – напрыклад, ім рабіліся пячаткі на лістах або дакументах.

fГалоўны пасвячаючы біскуп ускладае таксама мітру, якая сімвалізуе найвышэйшую моц і праўду пра перамогу Хрыста. Першыя ўспаміны пра мітру існуюць з часоў Папы Льва IX (XI ст.).

fДаючы пастарал, галоўны пасвячаючы біскуп кажа адпаведныя словы. Пастарал сімвалізуе пастырскую ўладу біскупа, а прататып гэтай біскупскай адзнакі трэба шукаць ужо ў Старым Запавеце (посах Майсея).

У выпадку пасвячэння біскупа ардынарыя і калі пасвячэнне адбываецца ва ўласным касцёле пасвячанага, галоўны пасвячаючы біскуп запрашае яго сесці на катэдры, з якой ён у якасці новага біскупа будзе навучаць сваіх дыяцэзіян.

Абрад пасвячэння завяршаецца пацалункам супакою, пасля чаго Імша працягваецца як звычайна.

Па заканчэнні малітвы пасля Камуніі спяваецца гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”. У гэты час пасвячанаму падаюць мітру і пастарал і ён у суправаджэнні двух пасвячаючых біскупаў ідзе праз касцёл, усіх благаслаўляючы.

Напрыканцы Эўхарыстыі прадстаўнікі прэзбітэрыя дыяцэзіі, манаскіх супольнасцяў і свецкіх вернікаў вітаюць новапасвячанага біскупа.

На заканчэнне новапасвячаны біскуп прамаўляе сваё слова і ўдзяляе благаслаўленне.

Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла

179. Навошта Хрыстус устанавіў касцёльную іерархію?
Хрыстус устанавіў касцёльную іерархію для пастырства над Божым народам ад Яго імя і даў ёй для гэтага ўладу. Касцёльная іерархія складаецца са святых распарадчыкаў: біскупаў, прэзбітэраў і дыяканаў. Дзякуючы сакрамэнту пасвячэння біскупы і прэзбітэры здзяйсняюць свае абавязкі ад імя і ў асобе Хрыста-Галавы; дыяканы служаць Божаму народу ў дыяконіі (служэнні) слова, літургіі і любові.

322. Што такое сакрамэнт пасвячэння?
Гэта сакрамэнт, дзякуючы якому місія, якую даручыў Хрыстус сваім Апосталам, працягвае здзяйсняцца ў Касцёле аж да сканчэння веку.

323. Чаму ён называецца сакрамэнтам пасвячэння?
Пасвячэнне азначае касцёльны стан, да якога ўваходзяць праз спецыяльную кансэкрацыю (ordinatio — пасвячэнне), якая праз асаблівы дар Духа Святога дазваляе здзяйсняць «святую ўладу» (sacra potestas) ад імя і моцаю Хрыста дзеля служэння Божаму народу.

324. Якое месца мае сакрамэнт пасвячэння ў Божым плане збаўлення?
У Старым Запавеце правобразам гэтага сакрамэту з’яўляецца служэнне левітаў, а таксама святарства Аарона і ўстанаўленне сямідзесяці «старэйшын» (Ліч 11, 25). Гэтыя правобразы знаходзяць сваё здзяйсненне ў Езусе Хрысце, які праз ахвяру свайго крыжа з’яўляецца адзіным «пасрэднікам паміж Богам і людзьмі» (1 Цім 2, 5), «Першасвятаром на ўзор Мэльхізэдэка» (Гбр 5, 10). Адзінае святарства Хрыста ажыццяўляецца праз службовае святарства. «Хрыстус ёсць адзіным сапраўдным Святаром, іншыя — толькі Яго слугі» (св. Тамаш Аквінскі).

325. Якія ступені сакрамэнту пасвячэння?
Сакрамэнт пасвячэння мае тры ступені, якія з’яўляюцца неад’емнымі ў арганічнай структуры Касцёла: біскупства, прэзбітэрат, дыяканат.

326. Які плён біскупскага пасвячэння?

Біскупскае пасвячэнне дае паўнату сакрамэнту пасвячэння, робіць біскупа легітымным наступнікам Апосталаў, далучае яго да Калегіі Біскупаў, у якой ён падзяляе з Папам і іншымі біскупамі клопат аб усім Касцёле, а таксама даручае яму абавязак навучаць, асвячаць і кіраваць.

327. Які абавязак мае біскуп у даручаным яму мясцовым Касцёле?

Біскуп, якому даручаны мясцовы Касцёл, з’яўляецца бачным пачаткам і падмуркам адзінства гэтага Касцёла, у якім ён як вікарый Хрыста выконвае пастырскі абавязак з дапамогаю сваіх прэзбітэраў і дыяканаў.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.