Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі цэлебраваў першую Імшу ў якасці біскупа ў Смаргоні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.06.2015 13:20

28 чэрвеня новы дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі цэлебраваў першую святую Імшу ў якасці біскупа ў сваёй роднай парафіі Святога Арханёла Міхала ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія).

Пасвячэнне біскупа Аляксандра Яшэўскага адбылося напярэдадні, 27 чэрвеня, у мінскім архікатэдральным касцёле.

Уся смаргонская парафія з хваляваннем і радасцю чакала свайго земляка. Дзеці, моладзь, святары і сёстры законныя выстраіліся ў святочную працэсію. Пад гукі аркестру ў суправаджэнні сваіх бацькоў біскуп быў праведзены ў родны касцёл.

На прыкасцёльным пляцы пасля слоў прывітання ад дзяцей і старэйшых вернікаў у гонар новага іерарха ўзняліся ў неба дзясяткі блакітных шарыкаў як сімвал радасці і глыбокай падзякі Богу за выдатнага святара і сына смаргонскай зямлі.


Першая біскупская Імша стала сапраўдным святам не толькі для вернікаў Смаргоні, але і для многіх пілігрымаў, якія прыбылі ў гэтую парафію для распачацця 16-й Салезіянскай моладзевай евангелізацыйнай пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай. Імша праходзіла пад узмахамі сцягаў з парафій у Дзятлаве, Бараўлянах, Мінску. Уся салезіянская супольнасць Беларусі – святары, сёстры, салезіяне-супрацоўнікі, аніматары – у гэты дзень усхвалялі Нябеснага Айца і дзякавалі Яму за тое, што цяпер маюць свайго біскупа. Варта адзначыць, што яго пасвячэнне адбылося ў юбілейны год 200-годдзя з дня нараджэння святога Яна Боско, таму вернікі скіроўвалі словы падзякі таксама і гэтаму святому - айцу і настаўніку моладзі.

Падчас Імшы вернікі разам з біскупам разважалі над словамі Евангелля паводле Яна аб добрым пастыру. Іерарх заклікаў прысутных быць добрымі пастырамі для людзей, якія навокал. Біскуп прывёў прыклады, як адрозніць добрага пастыра ад найміта, даў канкрэтныя парады. Найлепшым жа прыкладам вернікі лічаць яго самога. “Я – добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне”, - гаворыць Езус. З лёгкасцю можна было ўбачыць, як гэтыя словы ажыццявіліся  ў Смаргоні: біскуп Аляксандр Яшэўскі многіх ведае па імені, ведае, чым жывуць парафіяне, а людзі з радасцю і гонарам расказвалі сваім знаёмым, суседзям, калегам, што цяпер маюць знаёмага біскупа.


“Наша Эксцэленцыя” – так звярнуўся са словамі віншавання да шаноўнага госця яшчэ адзін адметны сын смаргонскай зямлі – кс. Уладзімір Кабак. Прадстаўнік смаргонскіх салезіян супрацоўнікаў Ларыса Валынец выразіла ўпэўненасць, што ў хуткай будучыні і на Магілёўшчыне з’явяцца салезіянскія супольнасці дзякуючы энергіі і намаганням біскупа Аляксандра Яшэўскага.

Напрыканцы Імшы іерарх удзяліў біскупскае благаслаўленне ўсім прысутным вернікам і асаблівае – пілігрымам, якія з радасцю вырушылі ў шлях да Маці Божай, каб занесці Ёй не толькі просьбы, але і словы шчырай падзякі.   

Наталля Субко, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.